паз, паза, м.

1. Выемка ў якой‑н. дэталі, куды ўстаўляецца выступ другой дэталі. Хлопцы дасталі магазін [аўтамата], агледзелі і зноў асцярожна ўставілі ў пазы. Якімовіч. У.. пазы заходзяць шпунты другіх дошак, і, такім чынам, сценкі вулея становяцца вельмі шчыльнымі. Ваданосаў. // Канаўка, прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Каля дарогі на тоўстай сасне дзяцел раздзёўбваў заціснутую ў паз шышку. Федасеенка.

2. Вузкая доўгая шчыліна паміж няшчыльна прыгнанымі бярвёнамі, брусамі, плітамі і пад. Сцены яшчэ без тынкоўкі — у пазах свежага дрэва роўныя шнуркі заканапачанага моху. Ракітны. Кладуцца пліты роўна, але не шчыльна: пазы паміж імі мы забіваем растворам.., калі звараны металёвыя канцы. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калёўка ’спецыяльны рубанак для выстругання дошак і планак з фігурнымі краямі (багетаў, карнізаў і інш.)’ (БРС, ТСБМ; драг., Жыв. сл.; Касп., Клім., Мат. Гом.), ’фігурны профіль дошкі або бруска, які атрымліваецца струганнем’ (ТСБМ, Мат. Гом.). У рус. мове адзначана калёвка ’жалабок, канаўка (у сталярнай справе)’, колёвки ’паглыбленні, выемкі, канаўкі ў налічніках; розныя ўпрыгожанні на іх’. На рус. слова звярнуў увагу яшчэ Матцэнаўэр (LF, 8, 41), які лічыў, што яно запазычана з франц. cale ’клін, падстаўка’, супраць Фасмер (2, 166). Ён лічыць асноўнай формай дзеяслоў калевать ’выдзёўбваць, выразаць (карніз, жалабок)’, для якога ў якасці крыніцы запазычання мяркуецца (aus) kehlen у тым жа значэнні. З пункту погляду рэаліі такая этымалогія можа быць прынята; аднак няясным застаецца шлях запазычання. Лінгвагеаграфія выразу (калі толькі бел. слова не запазычана параўнальна позна з рус. мовы) сведчыць аб магчымым польскім пасрэдніцтве.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разо́ра, ‑ы, ж.

1. Доўгая канаўка на паверхні зямлі, праведзеная плугам у час ворыва. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чым ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Гартны. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. Самая меншая Кулініна дачка борздзенька бяжыць уперадзе. Кідае ў вузкую разору палавінкі бульбін. Паўлаў.

2. Паглыбленне ў выглядзе канаўкі, зробленае плугам або лапатай на полі і агародзе для сцёку вады і для праходу. Арцём звярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у падворак Юркі Труса. Колас. З дарогі звярнулі [Андрэй з Апанасам] на поле і ішлі разораю праз маладое жыта. Пестрак.

3. Прадаўгаватае паглыбленне ў чым‑н. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі, Бруіліся ў цяньку іх хвалі І ў луг чуць значнаю разорай Ішлі спакойна між чаротаў. Колас. Скура на руках таўшчала, трэскалася на пальцах і далонях, пакідаючы глыбокія разоры. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)