біскві́т, ‑у, М ‑віце, м.
1. Пульхнае салодкае печыва з цеста, у якое пакладзена шмат жаўткоў і бялковай пены.
2. Фарфор, двойчы абпалены, але не пакрыты палівай. Са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту. Караткевіч.
[Фр. biscuit.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ Не́жань ’эпілепсія, прыпадак’ (Ян.). Няясна, магчыма, звязана з нёжань ’нежанаты, марцовы кавалер’ (Некр.), што, відаць, тлумачыцца тым, што пры эпілепсіі не жаніліся з-за дрэннай спадчыннасці, ці табуізаваная назва хваробы ад гнаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
халасцяк, нежанаты, бабыль; кавалер (уст.)
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
шля́па, ‑ы, ж.
Разм. зневаж. Пра нерашучага, незнаходлівага, неэнергічнага чалавека. — Вы — шляпа, прапаршчык, да-с! Праўдзіва прыказка пра вас, І верна ўзяты вы на мушку, кавалер. Колас. [Лей:] — Прапалі чарцяжы... — Эх вы, шляпа! — кінуў берлінец. — У канторы аставалася шмат людзей, дзе яны? Усіх сабраць! Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расша́ркацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Раскланяцца, шаркаючы нагой. Ён падышоў да яе, расшаркаўся, як самы далікатны кавалер, і стаў мармытаць кампліменты. Крапіва. [Максім:] — А перад Эмай, бач, як расшаркаўся і ручку пацалаваў, па прыкладу сваіх польскіх калег. Машара.
2. перан. Выказаць залішне пачціва-ветлівыя адносіны да каго‑н. Расшаркацца перад начальствам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́ндрус ’брат’ (арг. — маг., слуц., Рам. 9, 21). Параўн. рус. афенск. андрус ’тс’, укр. лірніцк. андрус, яндрус, вандрус ’тс’, польск. ахвесніцк., прастамоўн. andrus злодзей, вулачнік, хлопец, кавалер’. З грэч. ἀνήρ, ἀνδρος ’мужчына’ праз пасрэдніцтва агульнай усх.-слав. эзатэрычнай мовы афеняў, купцоў (Бандалетаў, Бел.-укр. ізал., 101–102).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пераспе́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі спелы. У паветры адчуваўся пах пераспелага рамонку і прэлага жаўталісця. Хведаровіч. На старым вішняку дзе-нідзе чарнелі буйныя пераспелыя ягады. Ігнаценка.
2. перан. Разм. іран. Які выйшаў з гадоў, узросту, уласцівага якому‑н. становішчу. Пераспелая нявеста. □ Пераспелы кавалер, калі Казік Сядзёлка ў свае трыццаць з лішкам год усё яшчэ не дабраў часу наладзіць асабістае жыццё. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзяцю́к, дзецюка, м.
Разм. Юнак, хлопец. Адам, які па мірным часе хадзіў бы ў шосты клас,.. выглядаў ладным дзецюком. Навуменка. Цяпер яго Васільком зваць было неяк няёмка — гэта быў зграбны, плячысты дзяцюк, які толькі абліччам і, галоўнае, вачамі нагадваў даўнейшага гарэзнага школьніка. Дубоўка. // Нежанаты малады чалавек; кавалер. — А ён жа, Васіль, усё-такі яшчэ хлопец малады, мог бы смела гадоў з два пагуляць дзецюком. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)