перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.

2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.

3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усе́сціся, усядуся, усядзешся, усядзецца; пр. усеўся, уселася; заг. усядзься; зак.

1. Сесці, размясціцца дзе‑н. (звычайна зручна, надоўга). Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі круг і, нахохленыя, уселіся на антэне. Карпаў. Пад дубам уселася цесна Брыгада, як штаб палявы. Калачынскі. Уладзік доўга масціўся на лавачцы, нарэшце ўсеўся, выставіўшы наперад крывую нагу. Кудравец. Антон Пятровіч выпіў квас, асцярожна паставіў на талерку пустую шклянку і зручней усеўся ў крэсле. Шашкоў. // Заняць месца для паездкі. Не кінуўся [Сагура] у кузаў, не — таптаўся ўсё ўбаку, чакаў хвіліны, пакуль не ўсядуцца ўсе. Ракітны. Турсевіч усеўся ў каламажцы, зняў шапку, памахаў прыяцелю. Фурманка рушыла з месца. Колас.

2. Прыняцца за якую‑н. справу ў сядзячым становішчы. Усесціся за чытанне газет. □ Хлопцы ўселіся вячэраць пры вогнішчы. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., каго-што.

1. Паправіць крыху, у некаторых месцах; выправіць. [«Буржуй»] загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Лынькоў. Лоўгач перачытаў.. [артыкул], трохі падправіў, замяніў асобныя словы і там, дзе гаворка ішла аб задачах зеленгаса, рашыў дапісаць цэлы абзац. Савіцкі. // Прывесці ў парадак, надаць належны выгляд. Малады ўрач сеў зручней, непрыкметна падправіў капялюш і плашч. Шамякін. Нават больш за сабой [Ніна] наглядаць стала. Косы падправіць, хустку прыгажэй завяжа. Галавач.

2. Разм. Аднавіць, палепшыць, наладзіць што‑н. разбуранае, заняпалае. Завод [Хурс] падправіў і пусціў так, як ішоў і раней. Чорны. Душа [Сузона] поўнілася спакоем і ўпэўненасцю: прыеду, за зямельку вазьмуся, падпраўлю гаспадарку. Галавач.

3. Разм. Крыху паправіць чыё‑н. здароўе; падлячыць. Аляксей заўважыў цяпер, што шчочкі.. [дачкі] нездарова блеклыя.., локцік завостраны, пальчыкі тонкія. «Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Злёгку падтрымліваючы, не даць рухацца, упасці і пад. Леанід прытрымаў хворую руку, узлез на сена і пачаў вобмацкам выбіраць, дзе зручней прымасціцца. Пташнікаў. — Прытрымай [бервяно], я змянюся, — сказаў Рыгор і выняў кол, каб залажыць яго трошкі вышэй за наступны кавалак. Крапіва. // Затрымаць, прыпыніць (рух каго‑, чаго‑н.). Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця.. садзілася на сена. Мележ. Параўняўшыся з агароджай школы, .. [жанчына] прытрымала крок, пайшла павальней. Колас. // Затрымаць на некаторы час, патрымаць некаторы час дзе‑н., для якой‑н. мэты. Нейкі незнаёмы вахцёр прытрымаў мой пропуск. Савіцкі. Білі не дробязь — не сподачкі .., а возьме каторы вялізную вазу.., падыме над галавой, прытрымае, смакуючы небяспеку, і гвазне. Брыль. // Затрымаць наступленне, выкананне чаго‑н. Дажджы прытрымалі сяўбу.

2. Патрымаць да некаторага часу; прыберагчы. Прытрымаць сена к вясне. Прытрымаць тавар.

•••

Прытрымаць язык — не выказацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пу́тны1 ’талковы, разумны, здатны, кемлівы’ (ТСБМ; Ян.; Сл. ПЗБ; стаўб., Нар. сл.; гом., Нар. словатв.; бялын., Янк. Мат.), ’спраўны, слушны, выгодны’ (Нас., Яруш.), ’разважлівы’ (жлоб., Мат. Гом.), ’варты, каштоўны, добры’ (ТС), пу́тній ’здольны, спраўны’ (Юрч. Фраз., 1), сюды ж пу́тна ’слушна, добра, дарэчы’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк.), путне́й ’талковей, ясней’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’зручней, лепш’ (чач., Мат. Гом.), параўн. укр. пу́тній ’талковы, прыстойны, слушны’, рус. пу́тный ’разумны, спраўны, прыстойны, карысны’, польск. pątny ’падарожны’, чэш. poutní ’вандроўны, багамольны’, в.-луж. pućni ’дарожны’, славен. póten ’падарожны, дарожны’, серб.-харв. путни ’тс’, балг. пъ́тен ’тс’, макед. патен ’тс’. Да *putь ’шлях, дарога’ (гл. пуць), усходнеславянская семантычная інавацыя ’разумны, талковы’ на базе ўтварэнняў тыпу рус. путём ’так, як трэба’ (Мяркулава, Этимология–1986–1987, 145), фразеалагічных спалучэнняў без пуця́ ’бязладна, неразумна’ (Нас.), параўн. бяспу́тны ’непрыстойны, распусны’, з чаго выводзяць значэнне ’лад, парадак; толк, розум’, пуцьцё ’дабро’ (Бяльк.); параўн., аднак, серб. пу̏тан ’правільны, справядлівы, разумны’ (Вук), якое можа разглядацца як русізм. Грынавяцкене і інш. (LKK, 16, 187) у ашм. пу́ць ’галава, розум’ (о́семьдзесяць ма́іць, а пу́цю маіць) бачаць запазычанне з літ. pùtė ’курыца’, перан. ’разуменне’, што вельмі сумнеўна, гл. таксама пуціць, пуццё і пад.

Пу́тны2 ў спалучэннях тыпу ст.-бел. путный слуга ’слуга пры каралеўскім двары; чыноўнік, які выконваў розныя даручэнні’ (Ст.-бел. лексікон), путные бояры і пад. Ад пуць, параўн. ст.-бел. путь ’паход; дарога’ і польск. służka putny ’ў ВКЛ чалавек, які быў пасыльным’; паводле Карскага (1, 282), узыходзіць да ст.-слав. путьнъ у выніку зацвярдзення зычнага т перад суфіксам ‑ьн‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.

2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.

3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патапі́ць 1, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак.

1. каго-што. Апусціць у ваду, на дно. Я стаяла на гары, прымяралася, як зручней скаціцца на лёд, які даўно пагалеў, пасінеў, патапіў сасмактаныя беражкі свае ў вадзе. Лось. // Знішчыць, апусціўшы пад ваду, на дно. Патапіць караблі. □ Тата расказваў, як фашысцкі бамбардзіроўшчык патапіў іх сейнер. Шыловіч. // перан. Нагаворамі, паклёпам загубіць, падвесці каго‑н. Як ні хацеў патапіць яго Каршукоў, а ён [Макар] выжыў і вярнуўся да сваёй хаты. Асіпенка. // перан.; што. Загубіць, зрабіць малапрыкметным сярод мноства чаго‑н. Патапіць жывую справу ў размовах.

2. каго. Утапіць, пазбавіць жыцця, сілаю апусціўшы ў ваду ўсіх, многіх. [Загорскі:] — Полацкіх усіх [раскольнікаў] жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі... Караткевіч. [Антанюк:] — Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад.. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. Шамякін.

3. перан.; што. Заглушыць, прыглушыць (пачуцці, думкі), пазбавіцца ад чаго‑н. [Мірон:] Ці перажываў? Ого, яшчэ як! Але праз год-два змірыўся. Як кажуць, патапіў гора... ды не ў пітве, а ў працы. Хадкевіч. Народы няволі Патопяць свой сум, Адзіны уславяць саюз. Глебка.

•••

Патапіць у крыві — жорстка расправіцца з кім‑, чым‑н.

патапі́ць 2, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.

1. Растапіць, ператапіць усё, многае. Патапіць усё сала на тлушч. Патапіць воск.

2. і без дап. Тапіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Какту́н ’нараст на дрэве’ (Бяльк.). Статус слова няясны (адзіная фіксацыя на бел. моўнай тэрыторыі, адсутнасць паралелей і бел. адпаведнікаў), што не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб прыналежнасці лексемы да бел. мовы. Разглядаючы ‑ун як суфіксальнае, можна выдзеліць аснову какт‑ (кокт) і суаднесці яе з рус. кокта і какта ’дрэва, вывернутае з коранем цячэннем і выкінутае на водмель або якое завязла на дне рэчкі’ (валаг.). Іншыя значэнні рус. лексем (’частка сахі’, ’дрэўка ў брадніку’ і інш.) дазваляюць меркаваць, што гэтыя словы частковыя сінонімы да кокора і пад., для якога значэнні ’патаўшчэнне’, ’нараст’ з’яўляюцца натуральнымі. Можна меркаваць, што слоўнікі не адзначылі ўсіх семем для рус. кокта, у прыватнасці, такіх, як ’сук’, ’парастак’, ’нараст’. Рус. дыял. конта можна разглядаць і як двухсэнсоўны прыклад аналагічны кокот, г. зн. лексемы або ўскосна, або, магчыма, і генетычна суадносяцца з назвамі курыцы або пеўня. У першым выпадку ўскосная сувязь разумеецца як ад’ідэацыя, суаднясенне тэрміна з назвай птушкі і пашырэнне або трансфармацыя семантыкі ў выніку гэтага. Вельмі двухсэнсоўныя прыклады: рус. кокот (магчыма, як ’певень’, у Афанасьева, арханг.), ’вілы з двума жалезнымі тачкамі’, ’разгалінаваны сук, вялікая галіна’, наўг. кокта ’курыца, кульба, малая какора на сялянскай страсе’, пск., асташк цвяр. коктиться ’ўладкоўвацца зручней, усесціся, улегчыся’, кочет ’певень’ і ’ручка ў касільна’, кочетина ’вялікі певень’ і ’жэрдкі або дрэва, загнутыя з аднаго боку або з часткай кораня, якія ўтрымліваюць салому на даху’, куричина ’жэрдка з загнутым канцом’, ’дышаль сахі’, магчыма, і арханг. курка ’губа на дрэве’ (хоць апошняе, магчыма, да курить ’дыміць’) і да т. п. Калі дапусціць, што дэрываты ад кокш‑ могуць суадносіцца з назвай курыцы, можна меркаваць, што значэнне ’нараст’ для такога заоніма не з’яўляецца незвычайным; ва ўсякім разе можна прыгадаць балг. дыял. кокошинец ’мазоль, бародаўка’, кокоши трън ’тс’. Гэта, аднак, вельмі няпэўныя меркаванні. Да магчымай формы кокша ’курыца’ параўн. серб.-харв. кокша (прыклад вельмі ненадзейны, не выключана, што ўтвораны як рыфмаваная структура на базе іншай, параўн. RHSJ, 5, 175): нам, аднак, гэты прыклад важны як магчымая словаўтваральная паралель да рус. лексікі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. навёў, ‑вяла, ‑ло; заг. навядзі; зак.

1. каго. Прывесці ў вялікай колькасці. Навесці дзяцей поўную хату.

2. каго-што на каго-што. Ведучы, прывесці, вывесці куды‑н. Часам і сляпы на дарогу навядзе. З нар. // Ведучы, прымусіць наткнуцца, натрапіць на што‑н. Навесці на працягнуты дрот.

3. перан.; каго на што. Накіраваць (на думку, сумненне, размову і пад.); садзейнічаць з’яўленню (думкі, сумнення і пад.). Максім думаў, як бы зручней навесці .. [Вайцяхоўскага] на размову аб партызанах. Машара. Вялікая любоў да літаратур братніх народаў навяла.. [Купалу] на думку аб перакладах. Палітыка.

4. перан.; што на каго-што. У спалучэнні з назоўнікамі «жах», «сум», «смутак» і пад.: выклікаць, унушыць. Нерухлівая постаць ляжаўшага чалавека навяла на.. [дзеда Талаша і Нупрэя] страх. Колас. Адным сваім выглядам.. [Адам] мог навесці жах па чалавека. Чорны. Усё маўчыць, бы сон зацяты Навялі тут ведзьмары. Колас.

5. што на каго-што, у каго-што. Накіраваць што‑н. у бок каго‑, чаго‑н. Навесці бінокль. □ Міша ўзяў ліхтарык і навёў яго на другі бераг... Няхай. // Нацэліць, зрабіць наводку (у 2 знач.). Даўгавус маўчаў. Тады наведвальнік выхапіў з кішэні рэвальвер і навёў яго на гаспадара. Лупсякоў. Называйце гадаў паімённа, Што ў дзяцей гарматы навялі. Панчанка.

6. перан.; каго на каго-што і без дап. Данесці, даказаць на каго‑н. Азлоблены рэўнасцю,.. [Іван] прасачыў Грышку з Прахорам, калі яны спалі, схаваныя ў Сымонавым гумне, і навёў паліцыю. У. Калеснік. «Засада... — трывожна падумаў Лявон. — Відаць, нехта навёў...» Дайліда.

7. што. Пабудаваць (пра мост, пераправу). Сапёры навялі тады пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. / у перан. ужыв. Прыйшла зіма. Мароз навёў масты без малатка, цвікоў і без сякеры. Дубоўка.

8. перан.; што. Прывесці што‑н. да пэўнага стану, надаць адпаведны выгляд. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны.

9. што. Зрабіць інструмент прыгодным для карыстання. Навесці брытву. // Паставіць стрэлкі гадзіннікавага механізма на пэўны час. [Несцяровіч] павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель. Чорны. // Надаць музычнаму інструменту патрэбны лад. Старац-лірнік на прызбе сядзеў Пад акном мужыка беларуса, Навёў струны і песню запеў Пра мінулыя часы прымусу. Чарот.

10. каго. Разм. Нарадзіць, напладзіць у нейкай колькасці.

•••

Навесці крытыку — пакрытыкаваць каго‑, што‑н.

Навесці лад — тое, што і навесці (у 8 знач.).

Навесці на дарогу — тое, што і наставіць на дарогу (гл. наставіць).

Навесці на розум — тое, што і наставіць на розум (гл. наставіць).

Навесці (свае) парадкі — зрабіць усё па-новаму, па-свойму, перарабіць старое.

Навесці цень на ясны дзень — наўмысна ўнесці няяснасць у якую‑н. справу, заблытаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)