змя́кчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад змякчыць.
2. у знач. прым. Які страціў суровасць, строгасць, стаў мяккім, лагодным, падатлівым. Змякчаны погляд.
3. у знач. прым. Які вымаўляецца з дадатковым пад’ёмам спінкі языка; палатальны (пра гукі мовы). Змякчаныя зычныя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мя́чыць ’мяць’ (рэч.), ’есці’ (гом., Мат. Гом.). Другаснае ад ⁺мячкаць: параўн. укр. мʼяцкати, мʼядзгати, рус. мячкать ’мяць’, чэш. mačkati, мар. mʼackať, славен. mečkati ’ціснуць, камячыць, марудна працаваць’, макед. мачка ’мне’, ’мажа, пэцкае’, балг. мачкам ’мну’, ст.-слав. омачити ’змякчыць’. Прасл. męčьkati < męk- ’мяккі’ (Бернекер, 2, 2; Фасмер, 3, 32; Махэк₂, 347, які гаворыць аб супадзенні асноў magati і męčьkati у чэш. mačkati).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пале́гчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Зрабіць менш цяжкім; зменшыць цяжар чаго‑н. Каб палегчыць пераправу, насустрач «дняпроўцам» быў высланы партызанскі атрад Сівака. Шамякін. // Змякчыць, паслабіць. [Ліда:] — Я прывыкла ўжо і цяпер здаволена тым, што хоць трохі магу палегчыць боль людзям, уцішыць стогны іх. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.
1. Разгладзіўшы, зрабіць роўным, гладкім. [Заранік] заглянуў у люстэрка на сцяне, прыгладзіў ускалмачаныя валасы. Хадкевіч. [Ганна] прыгладзіла пасцель і паправіла накідку на падушках. Гартны.
2. перан. Разм. Зрабіць менш адчувальным, змякчыць, згладзіць. [Мірон Сцяпанавіч] падымаецца, каб падрыхтаваць сабе што-небудзь на вячэру, і спрабуе прыгладзіць усё выказанае жартам. Ракітны. // Падправіўшы, выраўняць, зрабіць адпаведным да прынятых норм (мову якога‑н. твора і пад.). Прыгладзіць стыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сказаць.
2. у знач. наз. ска́занае, ‑ага, н. Тое, што вымаўлена кім‑н.; словы, якія сказаў хто‑н. Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Але Валодзя не звярнуў на сказанае ніякай увагі. Даніленка. Тут усё настолькі дакладна і разумна, што дадаць да сказанага.. нічога нельга. «Полымя».
•••
Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.
Сказана — зроблена — слова не разыходзіцца са справай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.
2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.
памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.
Мілаваць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.
2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.
•••
Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.
Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.
Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.
Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.
1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.
2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.
3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.
4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.
2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.
3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)