скача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Надаць круглую форму чаму‑н.; зляпіць, зрабіць з чаго‑н. што‑н. круглае. Скачаць сцежку. □ Скачаў Валька першы ком і добра-такі запыхкаўся. Курто. Калі шэрсць паліваць патрошку цёплаю вадою, качаць у руках, то і скачаеш мячык. Місько.

2. Качаючы, скруціць у трубку, валік і пад. Скачаць дыван у трубку.

3. Разм. Качаючыся, прыціснуць да зямлі, змяць (траву і пад.). Коні скачалі траву на лузе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скле́іць, склею, склеіш, склеіць; зак., што.

1. Змацаваць пры дапамозе клею. Склеіць лісты паперы. // Зляпіць, прымусіць зліпнуцца (пра што‑н. клейкае). Кісель чамусьці склеіў зубы. Агняцвет. // Зрабіць або аднавіць што‑н. (разбітае, разламанае, разарванае), змацоўваючы часткі клеем. Склеіць разбітую вазу. □ Другім разам, калі Мішы Міхайлавіча не было ў майстэрні, хлопцы вырашылі самі склеіць крэсла. Вядома, спяшаліся і прыставілі спінку не тым бокам. Нядзведскі. // перан. Сабраць, саставіць, скласці (з якіх‑н. частак або няўмела, абы-як). [Клерык:] — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адным акце. Бядуля.

2. перан. Разм. Наладзіць, аднавіць. Пасля сваркі дружбу цяжка склеіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Паставіць, зрубіць дом; узвесці будынак, збудаванне. Дом быў стары, і яго даўно трэба было разбурыць, а на яго месцы пабудаваць новы. Арабей. Гады з два таму тут пабудавалі новы, высокі ды моцны мост. Зарэцкі. // Вырабіць, выпусціць (машыны, механізмы і пад.). Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вось бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Лынькоў. // Зрабіць, змайстраваць, зляпіць.

2. перан. Стварыць. Разам з усім савецкім народам працоўныя Беларусі пабудавалі сацыялізм. «Беларусь».

3. Аснаваць на чым‑н. Саўка ведаў, што асуджаныя за «палітыку» карыстаюцца памагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. Колас.

4. Вычарціць якую‑н. геаметрычную фігуру. Пабудаваць паралелепіпед.

5. Саставіць, скласці што‑н. Пабудаваць фразу. Пабудаваць сказ.

•••

Пабудаваць на пяску — аснаваць што‑н. на ненадзейных, хісткіх звестках, фактах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звіць, саўю, саўеш, саўе; саўём, саўяце; зак., што.

1. Скручваючы, уючы пасмы, ніці, вырабіць што‑н. Звіць вяроўку. □ На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат. Дроў прывезці, звіць пастронкі ці лейцы, лапці падшыць, даць каню і карове — і ўсё. Брыль. // Зрабіць, сплятаючы што‑н. Звіць вянок з кветак. // Зляпіць, збудаваць гняздо (пра птушак). Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук.

2. Зматаць у клубок; наматаць на што‑н. Звіць ніткі ў клубок.

3. Матаючы, зняць з чаго‑н.; разматаць. Звіць ніткі са шпулькі. Звіць пражу з матавіла.

•••

Звіць (сабе) гняздо — а) завесці сям’ю; уладкаваць жыццё. Часам думаю такое: Мо звіла гняздо ты з кім Пад вясковаю страхою Ці пад дахам гарадскім... Кусянкоў; б) пасяліцца, прыжыцца дзе‑н. Каліну перанеслі ў кабінет дырэктара, дзе паспеў ужо звіць сабе гняздо камендант, і палажылі на мяккую канапу. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)