убо́р, ‑у, м.

Убранне, адзенне; строі. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы. Асіпенка. [Сяргей з Таняй] спыніліся каля палаткі з дзявочымі ўборамі. Машара. Выходзіць Домна Іванаўна — маці паэта, вясковая кабета ў простым чысценькім уборы. С. Александровіч. // Адзенне, убранне, прызначанае на якія‑н. пэўныя акалічнасці. Шлюбныя уборы. □ Усе леснікі былі ўжо ў зборы, у лепшым стражніцкім уборы: У новых куртках са шнурамі, А на грудзінах са знакамі. Колас. // Тое, што і галаўны ўбор. Дождж, я верыў, дабрадзей, І чакаў яго штодзень. Дачакаўся І — на двор, З галавы здымаю ўбор. Калачынскі. // Якое‑н. упрыгожанне або дадатак да ўбрання чаго‑н. Хоць гаспадар і ўздыхнуў па ім [кані], ды зняў сядло з уборам залатым. Дубоўка. // Пра тое, што ўпрыгожвае сабою што‑н. (лісце, снег, іней і пад.). Бярозы былі ў прыгожым уборы, на ветры трапяталася зялёнае, з ружовым адценнем лісце. Гурскі. Пахіліліся галіны пад белым уборам. Лынькоў. Мне на плечы ніцыя акацыі Сыплюць свой пялёсткавы ўбор. Шымук.

•••

Галаўны ўбор — агульная назва рэчаў, якія надзяваюцца на галаву (шапкі, капелюшы і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́ць 1, смалю, смоліш, смоліць; незак., што.

Мазаць, насычаць смалой. Смаліць лодку. Смаліць канат. □ [Шура:] — Двух чалавек на станцыю. Смаліць шпалы. Майстар загадаў. Навуменка.

смалі́ць 2, смалю, смаліш, смаліць; незак., каго-што.

1. Выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць. [Арцём і Міхалка] палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць. Бядуля. Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. Жычка. // безас. Пра адчуванне смылення, пякоты. [Сцяпан:] — Смаліць нешта ў грудзях. Мележ. Твар, шыю, плечы, рукі смаліла агнём. Юрэвіч.

2. Абпальваючы агнём, знішчаць шэрсць, рэшткі пуху і пад. Смаліць парсюка. Смаліць курыцу.

3. Прыпякаць, пячы (пра сонца). Кожны дзень — сонца, і так смаліць, што на дарогах не гразь ужо, а пыл, калі вецер пачынаецца. Савіцкі. Смаліла сонца, трэскаліся губы ад смагі, павекі апухалі ад бяссонніцы. Грахоўскі. / у безас. ужыв. На дварэ смаліць, горача.

4. Разм. Курыць. Таццяна Андрэеўна падумала: «Яму няможна курыць, а ён усё самасад смаліць...» Шамякін. Зіму і лета дзед не злазіць з печы. Хіба толькі злезе накрышыць сякерай на лаве тытуню, які ён смаліць за комінам без [пера]дыху. Васілевіч.

5. Разм. Паліць, спальваць што‑н. — Неба чырвонае, дзень і ноч смаляць, душагубы, — сказаў Мікола. Шчарбатаў.

смалі́ць 3, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Біць, удараць. Фурман чуць не зляцеў з воза, а потым прыпаў галавою ў перадок і смаліў пугаўём каню па клубах. Крапіва.

смалі́ць 4, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Страляць. Добра відаць, як з яліны адна за другой бзыкаюць у неба тры іскрынкі: патрулі смаляць уверх, баяцца высунуць з ямы галовы. Карпюк. Ляцяць наперад [гітлераўцы] на ўвесь дух і час ад часу смаляць з вінтовак і з аўтаматаў. Паслядовіч.

смалі́ць 5, смалю, смаліш, смаліць; незак.

Разм. Рабіць што‑н. хутка, спрытна, умела. [Зыгмусь:] — Азірнуўся я — смаліць за мною верхам на кані кудлаты мужык без шапкі, толькі касмыкі на галаве трасуцца. Колас. Нават стары Пахілка пайшоў з касою: смаліць — любата зірнуць. Савіцкі. [Мікола:] Аўгіння, там Пятрок з дзяўчатамі вальса смаліць, а ты тут сядзіш! Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)