Сценя́ціцца, сціня́ціцца ’пакрыцца тонкім лядком, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ). Відаць, да сціна́цца ’замярзаць, зацягвацца лядком’, гл. сцінаць2. Аднак не выключае, што гэта адаптаваны балтызм, параўн. літ. tenė̃ti ’сцягвацца, застываць’, sutenė́ti ’сціснуцца, застыць, загусцець’, або паралельнае ўтварэнне ад це́нято ’сетка’, параўн. літ. tenióti ’блытаць’ пры лат. tina, tine ’від сеткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

схапі́цца, схаплю́ся, схо́пішся, схо́піцца; зак.

1. гл. хапацца.

2. Уступіць у бой, барацьбу, спрэчку.

С. з ворагам.

Зноў схапіліся юнакі дужацца.

3. Раптам успомніць пра што-н.; спахапіцца (разм.).

Схапілася пад вечар, ды позна ўжо.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняцца полымем.

Пуня схапілася полымем.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца цвёрдым, застыць (спец.).

Бетон схапіўся даволі хутка.

Схапіцца за галаву (разм.) — прыйсці ў адчай, жахнуцца.

|| незак. схо́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 2 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скарчане́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Вельмі азябнуць ад холаду; змерзнуць. Рукі скарчанелі. □ Ён, Паўлік, аж скарчанеў, пакуль дачакаўся чаргі. Шыцік.

2. Стаць халодным і цвёрдым; застыць (пра труп). Былы цагельны заводзік .. Пабітыя печы, ямы. І .. [людзей] шмат тысяч. Ляжаць, хто дзе скарчанеў. Адамовіч. // Адубець; засохнуць, закарэць (пра рэчы).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Стаць халодным і цвёрдым; скарчанець, застыць (пра труп).

2. Памерці, акалець. Стары з-за крушні злажыўся з пістаноўкі, зараджанай куляй,.. і смальнуў. То немец і спруцянеў. Гурскі.

•••

Каб ты (ён, яна і пад.) спруцянеў — ужываецца як праклён. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю: — Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усты́ць, устыну, устынеш, устыне; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Застыць, згусціцца пры астыванні. Халадзец устыў. // Зацвярдзець ад холаду. Зямля ўстыла — не ўкапаць.

2. Азябнуць, замерзнуць. Пакуль.. [Парамон] там з гусаком важдаўся ды пакуль, абвязаўшыся вяроўкаю, вылез, то так устыў, што і на гарачай печы не мог угрэцца. Лобан. // перан. Стаць нерухомым, замерці. Наш чалавек аж устыў там, дзе стаяў. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Вельмі змерзнуць, застыць ад холаду; скарчанець. Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы. Чорны.

2. Стаць нягнуткім, непаслухмяным; страціць адчувальнасць, здольнасць рухацца; агрубець. [Дар’я:] А чаму.. [рукі] граблямі сталі? Чаму яны адубелі? Ад бульбы, што кожны дзень чышчу. Ад бялізны, што мыю? Губарэвіч. // Ахалодаць, адзеравянець (пра нябожчыка). [Юзэфа:] — Спіць [Акцызнік]. Як з ног зваліўся. Не дабудзішся, не даклічашся... Што калода. Можа ўжо і адубеў дагэтуль. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым, як камень. Дыхнула сцюжа, і за якія-небудзь суткі зямля закамянела, а рэчку закавала ільдом. Хомчанка. Закамянелі грудкі гразі, заледзянелі на дарозе каляіны. Грахоўскі.

2. перан. Знямець, застыць. Пан Пшыбыльскі .. сеў побач з жонкай і таксама, як і яна, надзьмуўся і закамянеў. Шынклер. Марына не запомніла ні слоў, ні твараў. Сэрца закамянела, і яна не плакала. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысты́ць, ‑стыну, ‑стынеш, ‑стыне; зак.

Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу, холаду. Пальцы прыстылі да жалеза. □ А за карабін голай рукой не возьмешся — прыстыне. Хомчанка. // перан. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Аверка] саскочыў з падножкі і, пачуўшы за плячамі частакол, прыстыў да яго. Пташнікаў. [Эльвіра] заўважыла і спахапілася: — Што ж вы, Алека, прыстылі да вешалкі! Праходзьце, сядайце... Хадановіч. // Спыніцца дзе‑н.; застыць. Ад варот падыходзіў мужчына, высокі, як і Андрэй, у сялянскай вопратцы. Прыстыла [Ніна] на парозе, з рыбінай і нажом у руках. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць цвёрдым як камень; ператварыцца ў камень. На тым узгорку, за дарогаю Руды пясок акамянеў. Камейша. // Стаць цвёрдым, сухім ад працяглага ляжання.

2. перан. Стаць нерухомым, замерці; застыць, аслупянець. Стафанковіч спачатку пацягнуў к сабе футра, пасля адхапіў ад яго рукі, як ад агню, і акамянеў у маўклівай позе. Чорны.

3. перан. Страціць здольнасць выяўляць якія‑н. пачуцці (ад вялікага гора, хвалявання), стаць абыякавым да ўсяго. [Луізе] хацелася плакаць, крычаць, кудысьці бегчы, але сэрца акамянела ад крыўды, ногі не слухаліся. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схвати́ться

1. в разн. знач. схапі́цца, схваці́цца;

2. (поспешно вскочить) разг. усхапі́цца;

3. (спохватиться) разг. схамяну́цца;

4. (о вяжущих, клейких веществах) схапі́цца, схваці́цца, засты́ць;

схвати́ться за́ голову схапі́цца (схваці́цца) за галаву́;

схвати́ться за ум схапі́цца (схваці́цца) за ро́зум.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)