гара́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае высокую тэмпературу; моцна нагрэты. Гарачая вада. Гарачая печ. □ Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны. Мележ. // Спякотны, душны. Гарачае летняе сонца. □ Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Ваданосаў. // З павышанай тэмпературай (пра цела, часткі цела). Дыханне Волкава было цяжкае, гарачае. Такія ж гарачыя выпі яго рукі, лоб. Шамякін. // Паўднёвы, трапічны. Гарачы клімат. Гарачыя краіны.

2. перан. Страсны, палкі. Гарачы прыхільнік. □ У асобе Купалы мы бачым вернага паслядоўнага і гарачага абаронцу той тэндэнцыі ў паэзіі, сутнасць якой была вызначана Някрасавым. Івашын. // Які вызначаецца глыбінёй пачуццяў, выражае глыбокія пачуцці. Гарачае прывітанне. Гарачае жаданне. □ Вочы .. [Ганны], сухія, гарачыя.., глядзелі на малую. Мележ. Толькі той заваёўвае заслужаны поспех, хто аддае творчай працы гарачае сэрца. Макаёнак.

3. Вельмі моцны, напружаны; інтэнсіўны. Гарачы бой. Гарачая работа. Гарачыя спрэчкі. // Які патрабуе выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў (аб часе). Гарачая пара ўборкі.

4. перан. Запальчывы, нястрыманы. Характар у Юры і сапраўды не зусім удалы. Юра гарачы, упарты. Бяганская. // Рэзвы, шпаркі, імклівы (пра коней). Грымела зямля пад гусеніцамі магутных танкаў, слаўся пыл пад капытамі гарачых коней. Дамашэвіч.

5. Які робіцца пры высокай тэмпературы, апрацоўваецца з дапамогай высокай тэмпературы. Гарачая апрацоўка дэталей.

6. у знач. наз. гара́чае, ‑ага, н. Разм. Гарачая страва. З’есці гарачага.

•••

Гарачая галава гл. галава.

Гарачая кроў гл. кроў.

Па гарачых слядах гл. след.

Пад гарачую руку гл. рука.

Усыпаць гарачых гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)