спаку́са, ‑ы, ж.

1. Тое, што вельмі вабіць чалавека, выклікае неадольнае жаданне, спакушае; цяга да чаго‑н., жаданне ўладаць чым‑н. спакуслівым. Гэта была адзіная слабасць обер-лейтэнанта: добра выпіць і смачна закусіць. Іншых спакус для яго не існавала. Шамякін. Цягне цябе ў краму зайсці, а ты не здаўся на спакусу, прайшоў міма. Пянкрат. І хоць Курыльчык змаркоціўся па дому, але завітаць да сябра спакуса была таксама немалая. Пальчэўскі. // Тое, што мае прыемны выгляд, захапляе прыгажосцю, выклікае апетыт і пад. За чыстым шклом — спакуса павароў І мара гаспадын[ь] клапатлівых — Начышчаныя лысіны сыроў, Наслоенае масла, яйкі, слівы. Панчанка. // Тое, што ўзбуджае інтымнае пачуццё. А ў гурал[ь]кі Позірк палкі, Ўсмешка са спакусаю. Маладая, З плеч спадаюць Два патокі русыя... Барадулін.

2. Схіленне да інтымнай блізкасці; прывабліванне. І самая першая весялуха, зводніца на спакусу была Зіна Гайдук. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за..., прыстаўка.

І. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) пачатак дзеяння, напрыклад: забарабаніць, забегаць, замахаць, засмяяцца, зашчоўкаць, захрапці; 2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напрыклад: забяліць, завязаць, запакаваць, зараўнаваць, засеяць, засохнуць, зацвярдзець, зачахнуць; 3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напрыклад: забавіцца, загаварыцца, заняньчыць, запрацавацца, захваліць, зацягаць; 4) накіраванасць дзеяння або руху — а) за прадмет, напрыклад: заехаць (за дом), зайсці (за сцэну) ; б) унутр, углыб, пад што‑н., наверх чаго‑н., напрыклад: запаўзці (у нару), залезці (пад стол), забрацца (на вяршыню гары); в) за межы чаго‑н., куды‑н. далёка, напрыклад: завезці (за мора), заслаць (на край свету); г) на край, паверхню прадмета, напрыклад: закусіць (яблык), зарэзаць (край дошкі); 5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем дзеяння, напрыклад: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае: на тым баку, ззаду або за межамі чаго‑н., напрыклад: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заморскі, зарэчны, заўчора.

III. Ужываецца пры ўтварэнні якасных прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае перавышэнне якасці, напрыклад: завельмі, завузкі, завялікі, загуста, замнога, занадта.

IV. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў і абазначае: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напрыклад: засветла, зацемна, зацепла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)