Тхнуць ‘дыхнуць’, ‘павеяць, дунуць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яруш., Нас., Гарэц.): не можэ тхнуць без гарэлкі (Сержп. Прымхі), ‘перавесці дух’ (Шат., Сцяшк.), ‘перадавацца ў паветры праз пахі, смярдзець’ (ТСБМ, Гарэц., ТС), ‘патыхаць смуродам’ (Некр. і Байк., Зайка Кос.; слонім., Нар. словатв.), тхну́ті ‘дыхнуць’ (Бес., Вруб., Кітаб Луцкевіча), тхну́ты ‘перавесці дух’ (кобр., Жыв. сл.), ‘трохі смярдзець, патыхаць’ (драг., З нар. сл.), ст.-бел. тхнути, тхнуть ‘дыхнуць’ (ГСБМ). Параўн. укр. тхну́ти, дхну́ти ‘дыхнуць, павеяць’, рус. пск. тхнутьзадыхнуцца (ад недахопу кіслароду, пра рыбу)’; польск. tchnąć ‘дыхнуць’, ‘дыхаць’, ‘удыхнуць’, ‘павяваць’, ст.-польск. dchnąć ‘тс’, чэш. паэт. tchnouti, ст.-чэш. dchnúti ‘дыхнуць, павеяць’. Узыходзіць да праслав. *dъxnǫti > дыхнуць, дыхаць (гл.). Формы з пачатковым т‑ з’явіліся ў выніку прыпадабнення звонкай д‑ да глухой ‑х‑ пасля страты рэдукаваных (Фасмер, 4, 129; Праабражэнскі, 2, 23–24; Брукнер, 567 і 86; Слаўскі, 1, 143; ЕСУМ, 5, 690; Борысь, 629). Сюды ж тхне́ньне ‘подых’ (Ласт.), тхнець ‘пах’: чаромхаў тхнець (А. Салавей).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захліпну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Міжвольна спыніць, затрымаць дыханне, папярхнуцца ад папаўшай у дыхальнае горла вадкасці, дыму і пад. — Цябе пані кліча!.. — выпаліў Базылёк адным духам і моцна захліпнуўся. Якімовіч. Лёдзя захліпнулася паветрам і спалатнела. Карпаў. // Памерці ад спынення дыхання. [Завішнюк] .. падумаў, што ў яе паранены лёгкія і яна магла захліпнуцца, не даехаўшы да Мсціжаў. Пташнікаў.

2. Адчуць цяжкасць пры дыханні ў грудзях ад якога‑н. моцнага пачуцця; задыхнуцца. Захліпнуцца ад страху. Захліпнуцца ад радасці. Захліпнуцца ад крыўды. □ — Бацька! — Марфа пляснула далонямі. — Я ж яму казала, каб ён, нягоднік, да гэтых кветак... — яна ледзь не захліпнулася ад злосці. Савіцкі.

3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Коннаартылерысты падпалілі чатыры танкі, і атака ворага захліпнулася. «Маладосць».

4. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Адразу ж захліпнуўся.. гармонік, гулякі згарнулі ў кучу сваё даміно, заціх гоман. Краўчанка.

5. Спыніць гарэнне, патухнуць. На хвіліну азарыўшы столь І сцены, захліпнулася святло. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)