дзе́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з прамых клёпак (для заквашвання цеста, салення і пад.). [Маша] раскрыла дзежку, удыхнула прыемны, кіслы пах рошчыны. Шамякін. І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела І кідаў цеста ў скавародкі. Колас. [Дзед] зняў з вешалкі брызентавы плашч, у сенцах наліў з дзежкі ў біклажку квасу... Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жи́во нареч.

1. (очень) ве́льмі;

она́ мне жи́во напомина́ет свою́ мать яна́ мне ве́льмі нага́двае сваю́ ма́ці;

2. (оживлённо) жва́ва, ажы́ўлена;

пье́су игра́ли о́чень жи́во п’есу ігра́лі жва́ва, ажы́ўлена;

3. (быстро) разг. ху́тка;

он жи́во сбе́гал за до́ктором ён ху́тка збе́гаў па до́ктара;

4. (отчётливо) я́рка, выра́зна;

он жи́во по́мнил все собы́тия ён я́рка (выра́зна) по́мніў усе́ падзе́і.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адсве́чвацца, ‑аецца; незак.

1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.

2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.

2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мікуліць ’быць нясмелым, баяцца; баючыся, не ведаць, як паступіць’ (мін., КЭС), укр. микуля́ти ’глядзець, адводзячы вочы, адчуваючы сябе няёмка’, валын. мику́лити ’хітрыць’, ’віляць’, паўд. мику́литися ’мяць’, ’хітрыць’, рус. пск. мику́лить ’пры паляванні прапускаць, не заўважаць, зяваць’, серб.-харв. mikuliti se ’корчыцца, скурчвацца, сціскацца, зморшчвацца’. Генетычна роднасныя з в.-луж. mikać ’маргаць’, mikotać ’варушыць; міргаць’, зах.-мар. mikati se ’спрытна, жвава рухацца’, паўд.-мар. ’мільгаць’, ’вагацца’, серб.-харв. ми̏гољити ’круціцца, ёрзаць’, ’павольна цягнуцца’, изми́гољити се ’вырвацца, выслізнуць’. Усх.-слав. лексемы паходзяць з асновы mik‑(/mig‑), пашыранай дэмінутыўным суфіксам ‑ul‑/‑ol‑. Да міг (гл.). Паводле ЕСУМ (3, 460), ад Микола.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.

1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.

2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тня ’строма, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядо́к, седака, м.

1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.

2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

барада́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае бараду (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом. Якімовіч. Дрэвы — нібы дзяды: Сівізна па галінах кашлатых. Я прыходжу сюды, Як на сход мудрацоў барадатых. Макаль. // у знач. наз. барада́ты, ‑ага, м. Ажно ўзмаліўся барадаты: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаваты... Валасевіч. // Пра што‑н. калматае, нібы зарослае барадой. А то былі ўсё вузенькія ніўкі-шнурочкі, адмежаваныя .. пукатымі, барадатымі межкамі, як змейкамі, што беглі між сцен жыта. Гартны.

2. Разм. Даўні, здаўна вядомы. Словам, дружба ў нас барадатая, стрэльбы ў нас аднолькавыя, дубальтоўкі, пароўну заўсёды мы здабычы вязём з паездкі... Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)