Кава́ка ’луста хлеба’ (Мат. Гом.). Вузка рэгіянальнае ўтварэнне, відаць, ад кавалак ’тс’. Параўн. у Коласа: «…хлеба цэлы кавал» і сумежныя бел. спалучэнні: у Растаргуева: кавалак пераважна ’кусок чорнага хлеба’; у Дабравольскага: кавалэк ’тс’. Цяжка вытлумачыць словаўтварэнне. На думку Казловай, Сов. Славяноведение, 90, бел. слова *kovaka < kovati ’біць, рэзаць; рубіць; адрубаць’. У такім выпадку бел. слова — рэлікт (прасл. дыялектызм), што малаверагодна. Больш надзейнымі здаюцца наступныя меркаванні. Кавака ’луста хлеба’ можна разглядаць як пераробку кавалак ’тс’ у дзіцячай мове. Параўн. кабака ’каўбаса’, кабака ’кабан’ у дзіцячай мове (Яшкін, вусн. паведамл.). Параўн. яшчэ: «Занясі ў поле бацьку каваку хлеба» (Мат. Гом.). Іншы варыянт — замена суфікса ў выніку зацямнення структуры слова (працэс перараскладання) з’ява даволі вядомая ў гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяле́паць ’ціўкаць, пішчаць (пра куранят)’ (ашмян., Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. желіпнути ’гучна закрычаць’, желіпати ’есці’. Магчыма, прасл. дыялектызм zelp‑a‑ti. Параўн. літ. želpùoti ’балбатаць’, якое, паводле Бугі (Фрэнкель, 1296), роднаснае санскр. jálpati ’мармытаць, гаварыць’. Параўн. у Покарнага (1, 428) і.-е. корань *ghel‑ з падаўжэннем ‑b‑, ‑bh‑: с.-в.-ням. gelpfen ’крычаць, спяваць, прасіць’. Махэк₂ (200) адносіў сюды чэш. chlubiti se, польск. chlubić się ’ганарыцца’, дзе дапускаў змену ch < g; паводле Покарнага, сюды літ. gulbinti ’хваліць’, рус. (без падаўжэння ‑b‑) галиться ’высмейваць’. Калі дапусціць, што корань меў варыянт gʼhel‑ (як *gʼhel‑ ’блішчаць’, прадстаўлены ў зялены, зала, золата, магчыма, меў варыянт *ghel‑, што даў жоўты), ён мог быць падоўжаны ‑p‑ і даць *gʼhel‑p, адкуль зялепаць і інш. Іншая магчымасць — дапушчэнне старажытнага сінкрэтызму свячэння і гучання ў значэнні кораня gʼhel‑ ’блішчаць’ (гл. зялёны), да гэтага схіляюць словы зялепуха, зеляпан (гл.), што захоўваюць, відаць, сувязь з зялёны. Супрун, Baltistica XX (1), 1984, 65–67. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбло́, трэбло́ ‘жывот, страўнік (жывёлы)’ (Рэг. сл. Віц.), ‘пуза, трыбух’ (ТС), трэбло́ ‘тоўсты, няўклюдны і прагны да яды’ (Растарг.), тры́бло ‘пузаты’ (Зайка Кос.), ‘трыбух’ (пін., ЖНС), трабло́ ‘жывот, чэрава’ (Мат. Гом.), трубло́ ‘чэрава’ (рас., ЛА, 1), трыбла́ты, трэбла́ты ‘чэраваты’ (лун., стол., лельч., ЛА, 1; лельч., Нар. лекс.; шуміл., Сл. ПЗБ), ‘тоўсты’ (Сцяшк. Сл., ТС), ‘трыбухаты, з вялікім чэравам’ (кам., Сл. ПЗБ), трыбла́тый ‘тс’ (лун., Шатал.; кам., Жыв. НС), трібластый ‘тс’ (сен., ЛА, 1), трубла́ты ‘тс’ (ельск., там жа). Укр. три́бло ‘вялікі ненасытны жывот’, ‘чалавек, які шмат есць’, рус. пск., смал. требло́ ‘вялікі жывот; тоўсты чалавек, прагны да яды’. Няясна. На сувязь з требух (гл. трыбух) указвае ЕСУМ, 5, 626. Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 5, 135), слова запазычана з літ. driblà ‘той, хто вялікі’, ‘тое, што вялікае’, параўн. і літ. tribuliúoti ‘мяць’. Як праславянскі дыялектызм разглядае *treb(ъ)lo Трубачоў (Труды, 1, 284), роднасны лац. strebula ‘мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’. Гл. таксама трубло.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіры́ць ‘ледзь-ледзь гарэць’ (Мат. Гом.), свірэ́ць ‘цьмяна гарэць’ (Сл. ПЗБ). Сюды ж свіру́шка ‘газоўка’ (чэрв., рагач., ЛА, 4). Параўн. рус. наўг. свири́ть ‘прасочвацца (пра ваду)’. Відаць, імітатыў на базе прасл. *svirati, *sviriti ‘свісцець, гудзець’, параўн. стараж.-рус. свирати, свирити ‘іграць на дудцы’, серб.-харв. сви́рати, сви́рити ‘гудзець, іграць на дудцы, скрыпцы’, славен. svírati ‘тс’, svíriti ‘гудзець, свісцець’, балг. сви́ря ‘іграць на музычным інструменце; гудзець, выдаваць гук; свісцець’, макед. свири ‘іграць (на музычным інструменце); гудзець, свісцець; стракатаць (пра цвыркуна)’, ст.-слав. свирати ‘іграць на дудцы’. Роднаснае ст.-ісл. svarra ‘бушаваць, свісцець’, ням. surren, schwirren ‘гудзець, свісцець’, ст.-інд. svárati ‘гучаць’, лац. susurrāre ‘шыпець, шаптаць; гудзець’ (Фасмер, 3, 579; Сной₂, 716). Зыходная семантыка захавалася ў свіро́ла ‘свістулька (самаробная)’ (Мат. Гом.), параўн. макед. дыял. свиро́л ‘жалейка, дудка’; сьвірэ́ц ‘музыка, што іграе на дзвюх дудках, звязаных разам’ (Ласт.), параўн. балг. свире́ц ‘музыкант на народных інструментах’, серб. сви́рац ‘музыка, што іграе на дудзе’ < прасл. *svirьcь (насуперак БЕР, 6, 554, не толькі паўднёваславянскі дыялектызм). Спецыфічная семантыка ‘цьмяна гарэць’ грунтуецца на гукавым суправаджэнні такога гарэння (шыпенні, гудзенні і пад.). Гл. таксама свірчэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лакно ’гарлачык жоўты, Nuphar luteum (L.) Sm.’ (Бейл.), локно́ ’гарлачык белы, Nuphar alba L.’, ’падалешнік еўрапейскі, Asarum europeum L.’ (Нар. лекс.), Локна — возера і сенажаць в. Ласіцк (Бел. анам., 1985, 125), укр. палес. локно́), лукно́ ’гарлачык’. Польск. Łekno, Łukna (назва возера ў Пазнанскім ваяводстве, з XII–XIII стст.), сярэдневяковыя тапонімы і гідронімы з палабскай, паморскай, лужыцкай і славенкай тэрыторый ў формах: *lъkno, *lъкniса і з басейна Прыляці і Дзясны: Локна, Локнея, Локніца, Локня, Локнянка; чэш. lekno, leknin ’гарлачык белы’, славац. lekno, lekno biele ’тс’, lekno žlt ’гарлачык жоўты’, leknovec ’німфейнік шчыталісты, Nymphoides peltatum (S. G. Gmel.)’, магчыма, в.-луж. łuknadź, łoknadź. u̯óknač ’лотаць, Caltha palustris L.’ Прасл. (паўн.-прасл.) дыялектызм lъkno, які служыў для называння водных раслін на балотах, азёрах і звязаных з імі мікратапонімаў. Адпаведнікі ў балт. мовах: літ. lùknė, лат. lùkne ’гарлачык жоўты’, Lùknas (возера), Lùknė (рака), лат. Lukna (рака). Аналагічна параўн. семантычную паралель ’расліна’ ⟷ ’балота’: локвањ ’гарлачык’, локвањача ’тс’ < лӧква ’лужа’, ло̀кањ ’невялікая лужа’ (а раней ’балота, дрыгва’ < ’возера’) ці ’балота’ ⟷ ’лес’ (гл. Талстой. Геогр., 244). Балта-паўн.-слав. ізалекса (Непакупны, Связи, 34–36). Прасл. lъkno звязваецца этымолагамі з і.-е. *leu̯k‑/*lou̯k‑ ’блішчэць, ільсніцца’ (Слаўскі, 5, 99; Слаўскі, SP, 1, 115; Брукнер, 309; Трубачоў, Этимология–1968, 24–32; Фрэнкель, 389–390).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́зіва1 ’плеценая з сырамяці вяроўка, якой бортнікі карыстаюцца, калі лазяць па дрэве да калод з пчоламі’ або ’вяроўка, на якой паднімаюць калоду пчол на дрэва’ (Эрэміч., Очерки, 8; рэч., Мат. Гом.), ле́зва ’тс’ (Маш.; гродз., Сл. паўн.-зах.), лельч., ельск. лезьва (Мат. Гом.). Ст.-бел. лезиво, лезыво (1507 г.). Укр. лезиво, лізиво, рус. лезиво (лезево), польск. leziwo ’лезіва’, а ў XVI ст. — ’борць’. Паўн.-слав. lěz‑ivo. Да лазіць, лезці (гл.). Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск., як сцвярджае Булыка (Лекс. Запазыч., 94).

Ле́зіва2 ’лязо’ (Нас.), ле́зьвіе, лезвіг, лезка ’тс’ (лаг., Шатал.; браг., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС), лязо ’вострая частка рэжучай ці сякучай прылады’ (ТСБМ, Шат., Касп., Гарэц.; мін., Шн. 2, КЭС, лаг., Бяльк.), ’тонкая стальная пласцінка для галення’ (Сцяшк.), лэзо, лезо, лёзо ’вастрыё сякеры’ (Тарн.). Укр. ле́зво, уманск., валынск. ле́зо, харкаўск. лі́зко ’лязо’, рус. лез, лёз ’струг для апрацоўкі клёпак’, калін. ’вастрыё касы’, казан., ніжнегар., уладз. леза, лёза, іркуцк. лезвище ’вастрыё касы’, паўн.- і паўд.-рус. лезьё ’лязо’. Паводле Варбат (Этимология–1964, 41–43), гэты даволі позні прасл. дыялектызм генетычна суадносіцца з дзеясловамі lěztilaziti > лезці (гл.), семантыка якіх змянялася наступным чынам: ’паўзці, прабірацца’ > ’расчысціць, выраўняць, каб прайсці’ і ’узлезці, каб вычысціць, выразаць’ > ’рубаць, выраўноўваць, рэзаць’ > ’тое, што рэжа’. Застаецца няясным канец формы лезвіг. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Фасмер, 2, 476.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́ца ‘адзін з драўляных або металічных стрыжняў, які злучае калодку кола з вобадам’ (ТСБМ, Бяльк., Маш., Маслен., Дэмб. 2, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), ‘стрыжань’ (ТСБМ), ‘шыла для пляцення лапцей’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ‘стрэмка’, ‘драўляны цвік, якім змацоўваюць бярвенні’, ‘калок, які забіваюць у хвою пад борць; спічак, на якім трымаецца ў вуллі вашчына і пад.’ (ТС). Укр. спи́ця, шпи́ця, рус. спи́ца, ст.-рус. стъпица ‘ткацкі чаўнок; кол’, стьпи́ца, польск. szpica, śpica, в.-луж. stpica, stwica, чэш. špice, н.-луж. špica, ст.-чэш. stpica, славац. spica, серб.-харв. спи̏ца, славен. špíca ‘спічак, стрыжань’. Прасл. дыял. *stъpica ‘тонкі кавалак дрэва’, ‘спіца ў коле’ роднаснае лат. stups, stupe ‘памяло’, stupas ‘пух; дробныя галінкі’, ст.-інд. stupes ‘чуб’, грэч. στοπός ‘палка, ручка, сцябло’; праславянскі дыялектызм набліжаюць да літ. stìpinas ‘спіца’, мн. л. stipinaĩ ‘падпоркі ў саней’, stiprùs ‘моцны, здаровы’, лат. stiprs ‘тс’, с.-в.-ням. stīf ‘жорсткі; прамы’. Гл. Траўтман, 287; Махэк₂, 621; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1108; Фасмер, 3, 735; Шустар-Шэўц, 1362. Параўнанне ці вывядзенне з ням. Spitze ‘вастрыё’ (Міклашыч, 317; Карскі, Белорусы, 157) або з ням. spitz ‘востраканцовы’ (Праабражэнскі, 2, 365) Фасмер (тамсама) лічыць беспадстаўным; гл. таксама Скок, 3, 310; Бязлай, 4, 98–99. Сяткоўскі (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 330) дапускае змяшэнне *stъpica ‘спіца ў калясе’, ‘калок’ з запазычаннем з нямецкай. Сюды ж спі́цка ‘касцяное шыла для падплятання лапцей’ (Касп., ЛА, 4), спіца́к ‘тс’ (ЛА, 4), ‘малаток для драблення камянёў’ (Скарбы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)