Пусты́ — у розных значэннях (ТСБМ), паводле Шымкевіча (Покажчик, 228), ’нічога не утрымліваючы ў сабе, нічым не заняты, парожні’; ’благі, кепскі, дрэнны’ (ТС), ’парожні; неўрадлівы, нядобраякасны; галодны; легкадумны’ (Ян., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (лельч., Нар. лекс.), ’худы’ (петрык., Мат. Гом.), ’неўрадлівы’ (ПСл), ’бесталковы’ (Жд. 2), ’неаплоднены’ (ТС), pustý ’незаняты; непатрэбны, некарысны’ (Варл.), пусто́е ’дрэннае ў паводзінах’ (Ян.); сюды ж спалучэнні: пуста́я глі́на (у ганчарстве) ’недастаткова вязкая гліна’ (клец., Нар. словатв.), пусты́ дзень ’час, неспрыяльны для ўраджаю’ (Сцяшк. Сл.), пусты́я дні ’апошняя квадра месяца’ (астрав., іўеў., Сл. ПЗБ), pustója žýta ’жыта, у якім не наліліся каласы’ (Варл.), пусто́е по́ле ’няўдобіца’ (ЛА, 2; гл. пустапо́ле), пустэ́е сло́во ’лаянкавае, дрэннае слова’ (ТС), ст.-бел. пустая рука ’асоба, якая не мае законнных спадчыннікаў’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон), паводле Статута 1588, ’уласнік маёмасці, які не меў наследнікаў па закону’ (пры адсутнасці тэстамэнту маёмасць лічылася вымарачнай і пераходзіла ў дзяржаўную казну, гл. пустоўшчына); пустая вдова (жона) ’бяздзетная жанчына’ (Гарб., Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. пусти́й ’парожні; пусты, дрэнны, бессэнсоўны, легкадумны; непатрэбны, бескарысны’, рус. пусто́й, польск. pusty, чэш., славац. pustý, в.-луж., н.-луж. pusty, славен. pust, серб.-харв. пуст, балг., макед. пуст ’пусты, парожні; пракляты’, ст.-слав. поустъ ’закінуты, бязлюдны’. Прасл. *pustъ ’пусты, бязлюдны, закінуты’ параўноўваюць са ст.-прус. pausto‑ ’дзікі’ (у кампазіце pausto‑catto ’дзікі кот’), роднасным ст.-прус. paustreдзікае месца, пушча’, што ўзыходзяць да і.-е. *pau̯sto‑, дзеепрыметнік ад *pau̯se/o, што захавалася ў грэч. παύω ’спыняю, затрымліваю’ (адсюль і лац. pausa, гл. паўза), гл. таксама пусціць (Сной, 516; Фасмер, 3, 411; Чарных, 2, 85; Глухак, 513 і інш.). Мартынаў (Этимология–1982, 9) дадае сюды ст.-прус. paustocaican ’дзікі конь’ і ўзводзіць *pustъ да і.-е. *peu̯‑/pou̯‑ з дэтэрмінантам ‑s‑, як у лац. pūrus < *pausos ’чысты; пусты; цнатлівы; дзікі’, што, мажліва, адлюстраваліся ў чэш. pouchlý ’пусты’, славен. puhel ’тс’. Жуйкова (Беларусіка, 19, 102) рэканструюе зыходную семантыку *pustъ ’засвоены, дзікі, неўпарадкаваны’, на базе якіх развілося значэнне ’парожні’ праз прамежкавую ступень ’які не адчуў уплыву людзей; чужы; варожы’. Спецыяльна гл. Куркіна, Зб. памяці Слаўскага, 155.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́цца, адаб’юся, адаб’ешся, адаб’ецца; адаб’ёмся, адаб’яцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адкалоцца, адламацца. Ад кубка адбілася ручка.

2. Даючы адпор, абараніцца ад нападу, ад чыіх‑н. непрыязных, варожых дзеянняў. Неспакой узрастаў. Чорт яго ведае, ісці ці не?.. Падумаў: «Калі правакацыя, адаб’юся. Не так проста ўзяць Галая». Асіпенка. // Абараніцца, вызваліцца. Не паспеў адбіцца ад адной [пчалы], як зараз жа цэлая плойма густой сеткай замільгацела ў вачах. Дуброўскі. // Пазбавіцца, вызваліцца ад чаго‑н. Нельга адбіцца ад думкі, што гэтыя дзве хаты, нібы тыя заядлыя маладзіцы-суседкі, пасварыліся і паадварочваліся адна ад адной. Сабаленка.

3. Адстаць ад тых, з кім быў разам. Гэта было маленькае дзікае качанятка, якое, відаць, адбілася ад чародкі. Краўчанка. [Эміль Клебер] не мог нікога знайсці з сваіх таварышаў. Ён ведаў, што некаторыя з іх забітыя тут дзесьці ляжаць. А жывыя напэўна адышлі кудысьці, і ён адбіўся ад іх. Чорны.

4. Аддаліцца, парваць сувязь з кім‑, чым‑н. Адбіцца ад дому. // Перастаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. □ Няма яму [Міхалу] нядзелькі, свята — Ідзе ды йдзе ён, як закляты; У шчэпку высах з той хады, Ад сну адбіўся, ад яды. Колас.

5. Сустрэўшы на шляху перашкоду, змяніць свой напрамак на другі, адваротны (пра гукі, прамені і пад.). Крыкі, рогат, воплескі пакаціліся па пустыннай пратоцы і адбіліся рэхам між дзікіх скал. Маўр.

6. Адлюстравацца на гладкай, бліскучай паверхні. Да берага Нёмана прарваўся першы бранявік. Нават нахабна адбіўся ў спакойнай.. вадзе. Брыль. // перан. Адлюстравацца ў вобразах, паняццях (пра з’явы аб’ектыўнай рэальнасці).

7. Выявіцца, атрымаць вонкавае праяўленне (пра пачуцці, стан і пад.). Трывога адбілася ў .. [Аксені] на твары, і рукі ўжо неяк неахвотна гарнуліся да працы. Пестрак.

8. Выклікаць сабой якое‑н. пачуццё, адчуванне; адазвацца. Потым надыдзе зіма, прыйдзе вясна, вернецца лета і зноў настане восень, залатая і непаўторная, зменяцца далягляды і адаб’юцца навек у душы чалавека. «Маладосць».

9. Зрабіць уплыў, уздзеянне на каго‑, што‑н. Частыя ўзлёты і падзенні адбіліся на здароўі.. Скашынскага. Чарнышэвіч. Адмоўна адбілася на развіцці байкі і іншых сатырычных жанраў блытаніна, якая яшчэ не так даўно мела месца ў поглядах на сатыру. Казека.

10. Астацца пасля каго‑, чаго‑н., пакінуць адбітак. Сляды мядзведзя выразна адбіліся на мокрым пяску каля берага. В. Вольскі. // перан. Захавацца ў памяці.

•••

Адбіцца ад рук — перастаць слухацца, перастаць падпарадкоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сена ’сена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)