Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нкадастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Забеспячэнне якімі‑н. таварамі па дагавору, дастаўка чаго‑н. на адпаведных умовах. Праўда, .. [амерыканскія рабочыя] зараблялі больш, чым да вайны — фабрыкі і заводы працавалі на поўную сілу на ваенныя пастаўку ўсяму свету. Лынькоў. // Адзін з асноўных відаў дзяржаўных нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў. Выканаць дзяржаўныя пастаўкі. □ [Бялькевіч:] — Але сказаў [старшыня], што калі пастаўкі першая запаведзь, дык найпершай павінен быць клопат пра чалавека, таго, хто і гэтыя пастаўкі выконвае і хлебу гэтаму гаспадар. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

транзі́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з транзітам, заснаваны на ім. Транзітны гандаль. // Які дазваляе транзіт. Транзітныя краіны. Транзітная віза. // Які ідзе транзітам да месца прызначэння. Транзітны вагон. // Які едзе да месца прызначэння з перасадкай у якім‑н. пункце (пра пасажыраў). Транзітны пасажыр. // Прызначаны для такіх пасажыраў. Транзітная зала. Транзітная каса.

2. Які ідзе да месца прызначэння без перагрузкі (пра грузы). У чыгуначных перавозках пераважнае месца займаюць транзітныя грузы. Лыч.

3. Непасрэдны, прамы, які мінае прамежкавыя інстанцыі. Транзітная дастаўка гародніны ад пастаўшчыкоў у магазіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыво́д 1, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прыводзіць — прывесці (у 1 знач.).

2. Спец. Прымусовая дастаўка каго‑н. (абвінавачанага, сведкі і пад.) у выпадку адмаўлення прыйсці добраахвотна. // Арышт, затрыманне з дастаўкай у органы міліцыі або ў месца папярэдняга зняволення. Хуліган меў некалькі прыводаў.

прыво́д 2, ‑а, М ‑дзе, м.

Прылада для прывядзення ў рух якой‑н. машыны, механізма і пад. Электрычны прывод. Конны прывод. // Частка такой прылады ў выглядзе суцэльнага раменнага паса, які злучае машыну, механізм, станок і пад. з крыніцай энергіі. Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́нспарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Галіна народнай гаспадаркі, звязаная з перавозкай людзей і грузаў, а таксама сродкі для такой перавозкі. Чыгуначны транспарт. Аўтамабільны транспарт. Гарадскі транспарт.

2. Перавозка чаго‑н. Транспарт нафты хімічным заводам. // Кніжн. Дастаўка чаго‑н. чым‑н. Транспарт газаў кроўю.

3. Партыя атрыманых або прызначаных для перавозкі грузаў. Транспарт з літаратурай паспяхова дайшоў да прызначанага месца.

4. Абоз або сукупнасць якіх‑н. сродкаў для перавозкі спецыяльнага прызначэння. Санітарны транспарт. Артылерыйскі транспарт.

5. Судна ваеннага флоту для перавозкі грузаў і людзей. Мінны транспарт. Дэсантны транспарт.

•••

Гужавы транспарт — від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляецца жывёла (коні, валы, вярблюды і пад.).

[Ад лац. transportare — пераносіць, перавозіць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тралява́ць1 ’транжырыць’ (Ласт.), тролёва́ць ’раздаваць, разбазарваць’ (ТС). Утворана ад гукапераймання тра-ля-ля ’весела спяваць’ > ’весела бавячыся, растранжырваць (грошы, маёмасць)’. Аналагічна ням. trällern ’весела напяваць’, літ. traliúoti ’спяваць тра-ля-ля’. Параўн. траляля́каць ’тс’ (Васілеўскі, Прадукт. тыпы, 73), трэ́ляць ’сноўдацца без пэўных заняткаў’: месец тролю́е чоловек у Сочах (ТС).

Тралява́ць2 ’падцягваць драўніну з лесу да сплаву’, ’ісці, рухацца’, ’пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Адм., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ’перавозіць з месца на месца’ (Чуд.), ’таптаць пасевы, ходзячы ўздоўж палос’ (Шат.), трылява́ць ’выводзіць бярвенні з лесасекі на чыстае, больш прасторнае месца’ (падзе., Нар. сл.; Буз.); тролева́ць, тролёва́ць, тралёва́ць, трэ́ляць ’выносіць, выцягваць з цяжкадаступных месцаў нарыхтоўкі (пра лес, ягады і інш.)’ (ТС), тра́ліць ’траляваць’ (брагін., Мат. Гом.). Выводзіцца з польск. trelować ’выцягваць бярвенні з вады на склад’, ’цягнуць плуг’, ’бурлачыць, цягнуць судна людзьмі або коньмі’, што да англ. trail ’цягнуцца, валачыцца’, ’буксіраваць’, ’таптаць траву’. Сюды ж тралява́ннедастаўка лесу на прыстань’ (Некр.), траля́р ’тралёўшчык’ (Мат. Гом.), тралёўка ’вывазка’ (Сцяшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ме́сца, ‑а, н.

1. Прастора зямной паверхні, якая занята або можа быць занята кім‑, чым‑н. [Насця і Мікалай] прыехалі ў Арэхаўку, ці, правільней, на тое месца, дзе калісьці была вёска. Шамякін. [Мікола:] — Не, нашаму чалавеку лепшага месца няма, як дома, на сваёй роднай зямлі. Якімовіч. // Прастора або пункт, дзе што‑н. адбываецца або размяшчаецца. Праз некаторы час цэлая калона сабралася каля месца аварыі. Кулакоўскі. Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Колас. // Прастора, пункт, прызначаныя для чаго‑н. Месца для начлегу выбралі надзвычай добрае. Лынькоў. Хата-чытальня была тым месцам, дзе збіраліся людзі на сходы, дзе пыталіся газеты. Бядуля. // Пункт, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., з якога пачынаецца або на якім канчаецца рух. Тупаць на месцы. □ Машына рэзка рванулася з месца. Шахавец. Пярэднія коні, як толькі ступілі ў рэчку, уткнуліся мордамі ў ваду і ні лейцамі, ні дубцом нельга было іх скрануць з месца. Ставер. // Пэўная прастора, пункт якой‑н. паверхні. Месца ўдару.

2. Мясцовасць. Парэчча — месца неблагое, і поле там не так пустое. Колас.

3. Прастора, на якой можна размясціцца; прастора, прызначаная для каго‑н. Жыгалка сышоў са сцэны і сеў на сваё месца. Гурскі. Поезд спыніўся, а Канстанцін Пятровіч усё яшчэ сядзеў на сваім месцы. Васілёнак. // Памяшканне для адной асобы ў інтэрнаце, гасцініцы і пад. Анатоль Котаў, ведаючы, што ў гасцініцы ўсе месцы заняты, прапанаваў пасяліцца ў інтэрнаце. Дадзіёмаў.

4. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора. Рыгор прагна.. і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца. Гартны. [Гудовіч:] Адно месца ў арыі ўсё ніяк не ўдавалася. Крапіва.

5. перан. Становішча, якое займае хто‑н. у чым‑н. (грамадскім жыцці, спорце і пад.). Заняць першае месца ў спаборніцтвах. Знайсці сваё месца ў жыцці. □ Мы камуністы, і наша месца ў баі. Няхай. Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца ў МТС. Шамякін. // Становішча, якое займае што‑н. у чым‑н. У сэрцы не было ўжо месца ні любасці, ні каханню, ні няёмкасці. Мурашка.

6. Разм. Служба, работа, пасада. Вакантнае месца. □ [Костусь:] — Ідзі, дзядзька Ёсель, займай месца старшага брыгадзіра ў сталярні. Чорны. У пачатку навучальнага года мне прапанавалі месца інспектара нашага райана. Васілевіч.

7. Спец. Адзін прадмет багажу. Дастаўка кожнага месца ад порта да поезда каштуе 200 франкаў. Філімонаў.

•••

Дзіцячае месца — тое, што і плацэнта.

Лобнае месца (гіст.) — узвышэнне, з якога ў старажытнасці аб’яўляліся царскія ўказы і на якім адбываліся пакаранні смерцю.

Агульнае месца — прапісная ісціна, збіты выраз.

Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць; пра чый‑н. слабы бок.

Ведаць (знаць) сваё месца гл. ведаць.

Вочы на мокрым месцы гл. вока.

Вузкае месца — слабы, ненадзейны ўчастак у якой‑н. справе.

Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.

Душа не на месцы гл. душа.

Жывога месца няма гл. няма.

З месца на месца — з аднаго месца на іншае.

З месца ў кар’ер (у галоп) — адразу, не марудзячы, без падрыхтоўкі.

Каб мне з гэтага месца не сысці гл. сысці.

Мазгі не на месцы гл. мозг.

Месца пад сонцам — права на існаванне.

Мокрае месца застанецца — ужываецца як пагроза расправіцца з кім‑н.

На голым месцы — там, дзе пуста, нічога няма. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Чорны.

Нагрэць месца гл. нагрэць.

На месцы — там, дзе што‑н. адбылося ці будзе адбывацца. Справа з будаўнічымі матэрыяламі вырашаецца на месцы. Брыль.

На месцы злачынства — у момант, калі робіцца нешта нядобрае, заганнае (злавіць, застаць і пад.).

На (самым) відным месцы — на месцы, якое кідаецца ў вочы.

На (сваім) месцы — адпавядае свайму прызначэнню.

На тым самым месцы сесці гл. сесці.

Не да месца — калі не трэба, недарэчы.

Не знаходзіць (сабе) месца гл. знаходзіць.

Не месца — не павінна быць.

Ні з месца — а) не рухацца, стаяць нерухома; б) перан. у тым жа становішчы, на тым жа ўзроўні.

Паставіць каго на (сваё) месца гл. паставіць.

Пустое месца — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку, ніякай карысці, або з якім ніхто не лічыцца. Сядзіць вось за сталом часамі значны чын. Спрабуй, скажы яму, што ён — пустое месца. Корбан.

Стаць на (сваё) месца гл. стаць.

Сухога месца няма гл. няма.

Таптацца на (адным) месцы гл. таптацца.

Уступіць месца гл. уступіць.

Цёплае месца — аб даходнай службе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)