дачу́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; зак., пра каго-што, аб кім-чым ці з дадан. дап.

Разм. Даведацца з дайшоўшых чутак; дазнацца. Дачуцца пра сям’ю. □ Пятрусь Грыб, адзін з багацеяў мястэчка Дварок, дачуўся надоечы, што лес ягоны сякуць напавал, больш як заўсёды. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́даць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак.

1. аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. Атрымаць звесткі пра каго-, што-н.; выведаць што-н., дазнацца.

У. пра смерць (аб смерці) знаёмага.

У., што здарылася.

2. каго-што і з дадан. Набыць веды адносна чаго-н.; атрымаць належнае ўяўленне пра каго-, што-н.

У. шмат новага з кніг і часопісаў.

У. людзей.

У. цану жыцця.

3. што. Зазнаць, зведаць, перажыць.

У. многа гора.

|| незак. уве́дваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дашука́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго і без дап.

Разм. Настойліва шукаючы, расшукваючы, знайсці, адшукаць. Не дашукацца нікога. □ Праз мінут дваццаць .. [Адам] вярнуўся назад і ўбачыў, што бацька яго капае ў стайні яму. — Усё адно дашукаюцца, — разважліва сказаў ён бацьку. Чорны. // Разведаць аб чым‑н., дазнацца. Дашукацца прычыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

1. што. Папрабаваць на смак, пакаштаваць. Потым.. [Апанас] узяў лыжку, пасмакаваў боршч. Савіцкі. Людзі пасмакуюць тое пойла, ды шусь міску пад плот. С. Александровіч. // Са смакам з’есці што‑н. Добра было спакваля, не спяшаючыся, пасмакаваць тую лусту. Даніленка.

2. Смакаваць некаторы час. Паверыў Вэня ці не, Сашка не цікавіўся дазнацца, яму важна было пасмакаваць рамантычныя дэталі падзей. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакапа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Капаючы, дасягнуць чаго‑н., дабрацца да чаго‑н. Дакапацца да вады. Дакапацца да гліны. □ Бывала, збочыць крыху танк з дарогі — і праваліцца ў дрыгву так глыбока, што да яго немагчыма і дакапацца. Мележ.

2. перан. Разм. Дайсці да чаго‑н., дашукацца. Дакапацца да праўды. Дакапацца да прычыны. □ [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўночы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Сабраць, атрымаць звесткі аб кім‑, чым‑н.; дазнацца. І шмат чаго даведаўся дзед Талаш з гутаркі з маладзіцаю. Колас. Скуратовічык на свой хутар не з’явіўся, а абмінуў яго: ён даведаўся пра засаду. Чорны.

2. Разм. Запытацца аб чым‑н. Даведацца аб здароўі.

3. Разм. Наведаць, праведаць каго‑, што‑н. — Трэба будзе даведацца да Турсевіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу, — падумаў Лабановіч. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

такі́-сякі́, такая-сякая, такое-сякое, займ. азначальны.

Разм. Выкарыстоўваецца як жартоўна-ацэначнае слова ў значэнні: невысокай якасці, нягодны, нядобры, нікчэмны. [Браты:] — Ах ты, дурань такі-сякі! Што табе [Іван], работы дома няма? Якімовіч. // Некаторы. Такія-сякія задумы. □ Былі ў яго [капітана] яшчэ такія-сякія меркаванні, як лепш дазнацца, вораг лётчык ці не, але аб гэтым ён пакуль што нікому не прагаварыўся. Ваданосаў. // Нейкі, канкрэтна не акрэслены. [Мураўскі] меў такую-сякую адукацыю, атрыманую ўжо ў Расіі, добра валодаў рускай мовай. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уя́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе не ў сапраўднасці, а ва ўяўленні. Уяўная небяспека. □ [Рахункавод] здзьмухнуў са стала ўяўны пыл. Пянкрат. Паслужыўшы арганістам, ён [бацька] нагледзеўся на жыццё ксяндзоў, на іх уяўную святасць і стаў перакананым атэістам. Мядзёлка. І ні разу.. [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Які толькі ўяўляецца; тэарэтычна мажлівы, патэнцыяльны. Уяўная лінія. □ Для Вабейкі ж уяўны прыезд брата быў важны козыр, каб вытлумачыць, каму трэба, чаму ён надумаў будаваць дом у Лашычах. Хадкевіч.

•••

Уяўны лік гл. лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́кам, прысл.

1. Плячом уперад, павярнуўшыся напалавіну. Айцец Амброзіо сядзеў у сваім маленькім кабінеціку ля пісьмовага стала, бокам да дзвярэй. Маўр. Гаспадыня.. бокам усунулася ў пакой. Бядуля.

2. Разм. Не прама, крыва. Ды граблі-пальцы, як чужыя.. Пяро трымаюць бокам, крыва І водзяць ручку баязліва. Колас.

3. Разм. Кружным шляхам, у абход. І тады зрабілася ясна — хмара пройдзе бокам. Карпаў. // перан. Не непасрэдна, праз пабочных асоб. [Андрэй] бокам дачуўся, што бацька жыве, як і раней. Галавач. — Праўда, і грошы не малыя: тысяч з восем набярэцца, — паведамляе першы, спадзеючыся хоць бокам дазнацца, як паставіцца да такой сумы галоўбух. Скрыган.

•••

То бокам то скокам — як выпадзе, як давядзецца, пераадольваючы цяжкасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)