бабу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Упасці гучна. / у безас. ужыв. Бабухнула недзе: відаць, абваліўся ў ваду бераг. Караткевіч.

2. Выстраліць. Бабухнуць з дубальтоўкі.

3. Моцна ўдарыць; гучна стукнуць. [Уладусь:] — Каменем як бабухнуў [хлапчук] па назе, дык от яна і хруснула. Чарнышэвіч. / у перан. ужыв. Першы бабухнуў у звон віленскі губернатар генерал-ад’ютант Назімаў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што або з дадан. сказам.

Зрабіць ясным, зразумелым для сябе. Вялічка ўспомніў, што ён, калі быў яшчэ ў забыцці, чуў гэты шэпт, але не мог уясніць сабе яго як сапраўднасць. Чорны. Зачэпа прадаўжаў: — Мне здаецца, што вы добра ўяснілі, што галоўны наш вораг багатыя — цар, міністр, губернатар, пан. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экзеку́цыя,

1. Цялеснае пакаранне. За дзесяткі гадоў службы фельдфебель добра набіў руку і на шпіцрутэнах, і на розгах. І таму чарговая экзекуцыя была для яго звычайнай справай. Якімовіч.

2. Уст. Выкананне судовага ці адміністрацыйнага прыгавору (пакаранне смерцю і пад.). Гродзенскі губернатар робіць экзекуцыі, пасылае на падаўленне хвалявання войскі і размяшчае іх па дварах за кошт галодных і раздзетых сялян. Лушчыцкі.

3. У міжнародным праве — прымяненне карных мер адной дзяржавы ў адносінах да другой.

[Ад лац. exsecutio — выкананне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. і незак.

1. з інф. Даваць абяцанне што‑н. зрабіць. Крысціна ідзе на спатканне з незнаёмым мужчынам, які абяцаў знайсці ёй працу. Васілевіч. Сам не мае, а другому абяцае. Прыказка. // каго-чаго, каго-што і каму-што. Даваць абяцанне каму‑н. аддаць, перадаць што‑н. у яго распараджэнне. За галаву Ціхана мінскі губернатар абяцаў тады вялікія грошы. Бядуля. Нашы сцежкі сышліся зусім нечакана. Ды я ні разу яшчэ не падумаў, што лёс абяцаў мне не гэтую. Брыль.

2. што і без дап. Выклікаць якія‑н. спадзяванні, падаваць надзеі на што‑н. Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Я хапаўся за ўсякую думку, якая магла абяцаць які-небудзь ратунак. Якімовіч.

•••

Абяцаць залатыя горы — вельмі многа абяцаць, не клапоцячыся аб выкананні абяцанага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сваяўство́, ‑а, м.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі. Мурашка. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежалі ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Караткевіч. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. [Сабастыян Рамашка:] — І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас [Прыбыткоўскіх] завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Чорны. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, прыкметах, уласцівасцях. Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Лужанін.

2. зб. Родныя, сваякі; радня. Сабраўшы баравіцкае сваяўство, .. [Пракоп] нечага ўсё шаптаўся са стрыечным братам. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)