загрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
1. Пачаць грымець. // Грымнуць, прагрымець. На станцыі загрымеў стрэл. Шамякін. — Дзе арыштант? — загрымеў легіянер, пераступіўшы парог Мартынавай хаты. Колас.
2. Разм. З грукатам упасці, зваліцца. Удар прыйшоўся крыху занізка, і ўсё ж Віктар загрымеў уніз па прыступках. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рэпта́ці ’нагаворваць’ (Нар. сл.). Укр. ропта́ти ’шумець’, рус. ропта́ть ’шумам выказваць незадаволенасць’, н.-луж. ropotaś ’грымець, грукатаць’, в.-луж. ropotać ’тс’, чэш. reptati, славац. reptať, славен. ropotáti ’грымець, грукатаць’, серб. і харв. ро̀птати ’выказваць незадаволенасць’, ст.-слав. ръпътати ’тс’. Прасл. *ropot‑ разам з *rъpъt‑ гукапераймальнае; параўноўваюць яшчэ з ст.-інд. rápati ’балбоча’ (Фасмер, 3, 502). Гл. яшчэ раптаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Пі́шкаць ’грымець, бразгатаць’ (віл., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць з літ. pyškėti ’тс’ (Грынавяцкене, там жа); аднак параўн. таксама пышкаць ’пыхкаць, шумець; пускаць’, што мае іншаславянскія паралелі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Забільдзець ’загусці’ (варонеж., Шатал.). З літ. bildė́ti ’стукаць, гучаць, грымець’, у якім адбылася змена значэння (адкуль *більдзець), да якога даданы прэфікс за‑. Лаўчутэ, Сл. балт., 99.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут 2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дудне́нне ’гудзенне’ (Сцяшк.). Паколькі слова адзначаецца на абмежаванай тэрыторыі (у зах. гаворках), можна меркаваць, што гэта запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dudnieć ’глуха гучаць, грымець’ (аб прасл. групе слоў з праформы *dud(ь)něti гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 149–150).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тара́х ’бух, тарарах’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж дзеясловы тара́хкаць ’ляскатаць, стукацець’ (Касп.), тара́хати ’біць, стукаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тара́хкаць ’тарахцець, бразгацець, брынчаць; трашчаць, гаварыць упустую’, тарахне́ць ’тарахцець, бразгатаць’ (ТС), тарахну́ць ’моцна ўдарыць’ (Растарг.), тарахце́ць ’утвараць рэзкія раскацістыя гукі’, ’хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць’ (ТСБМ, ТС), ’бразгатаць, ракатаць, бурчаць’ (Яўс., Варл.), ’ехаць з грукатам, грымець, лескатаць’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Федар. 1, Бяльк.): Ілля па небу тарахціць (Сержп. Прык.), ’стукацець’: жаўна тарахціць дзюбам (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. тара́х, тара́хкати, торо́х, торохті́ти ’грукаць, грукаюць’, рус. тарахте́ть ’грымець (пра экіпаж)’, дыял. торохну́ть ’грымнуць’, польск. дыял. tarach ’выварацень’, tarachnąć ’грымнуць’, што параўноўваюцца з трахнуць (Брукнер, 565). Гукаперайманне (Фасмер, 4, 23), гл. тарарах.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тарна́да ’назва смерчаў у ЗША’ (ТСБМ). Культурнае запазычанне новага часу праз англ. tornado ’тс’ з ісп. tornado ’смерч, моцны вецер’ < tronada ’навальніца’ < tronar ’грымець’. Слова tronada ’навальніца’ трансфармавалася пад уплывам іспанскага дзеепрыметніка tornado < tornar ’круціцца’, які звязваюць з лац. tornare ’абточваць’ (Голуб-Ліер, 446; ЕСУМ, 5, 605–606).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ля́скавіца 1 ’смерць’ (Растарг.). Да ля́скаць, ля́снуць ’згінуць’ (гл.). Аб суфіксе ‑авіца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 82.
*Ля́скавіца 2, ля́сковіца ’маланка’ (ТС) — паводле ўдараў грому — да ля́скаць (гл.). Параўн. таксама ляската́ць ’моцна грымець і бліскаць’. Не выключана магчымасць утварэння гэтай лексемы з бліскаві́ца ’маланка’ (Сл. ПЗБ) пры кантамінацыі з ля́скаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гром ’гром’. Сюды ж грыме́ць. Параўн. рус. гром, греме́ть, укр. грім, гримі́ти, польск. grom, grzmieć, чэш. hrom, hřměti, ст.-слав. громъ, грьмѣти. У аснове ляжыць і.-е. гукапераймальнае *ghrem‑: *ghrom‑ (апафанічныя варыянты). Параўн., напр., грэч. χρεμίζω, χρόμος ’шум, гук’. Сюды ж і бел. граме́ць (але з іншай рэфлексацыяй ‑рь‑). Слаўскі, 1, 347, 372–373; Фасмер, 1, 455, 460.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)