ту́тавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тутаўніка. Тутавы ліст. Тутавы гадавальнік. □ Тутавыя гаі, якія вырастуць уздоўж каналаў, дадуць магчымасць займацца шаўкаводствам. «Полымя». // Які харчуецца лісцем тутаўніка і выпрацоўвае шоўк. Тутавы шаўкапрад. // Які з’яўляецца шкоднікам тутаўніка. Тутавы пядзенік.

2. у знач. наз. ту́тавыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога належыць тутавае дрэва.

•••

Тутавае дрэва гл. дрэва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Садавіна́ ’плады садовых дрэў’ (ТСБМ), ’садавіна; садовыя дрэвы’ (ТС), садо́віна ’садавіна’ (Сцяшк., Байк. і Некр., Нар. словатв.), садаві́на ’садавіна, садовыя дрэвы’ (Сл. ПЗБ), ’садавіна’ (Бяльк.), ’сад; адно пладовае дрэва ў лесе’ (Яшк.). Укр. садовина́ ’садавіна; садовыя дрэвы’, польск. старое sadowina ’тс’, в.-луж. sadowina ’садавіна; усё, што датычыцца саду’, серб.-харв. садо́винагадавальнік; віно з маладога вінаградніку’, макед. садо́вина ’зямля, якая не прапускае ваду’. Ад прым. *sadowy < *sadъ (гл. сад) з суф. ‑ina. Аб суфіксацыі гл. SP, 1, 120 і наст. Улічваючы адрозненні ў семантыцы, відаць, познія дэрываты ў розных славянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раса́да ’маладыя расліны, што вырасцілі для перасадкі’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), рыса́да, расса́да (Бяльк.), раса́дзіна ’каліва расады’ (Ян.). Параўн. рус. расса́да ’тс’, польск. rosada ’тс’, ст.-польск. rozsada ’тс’, славен. razsad, rošada ’тс’, літ. rasoda ’расліна’. Ад агульнаслав. ‑сад‑ у значэнні ’працэс пасадкі раслін’ > *roz‑sad(a) > *rossad(a) > rosad(а), адсюль зборнае значэнне раса́да для маладых раслін, для таго, што рассаджваюць. Для адзначэння асобнай расліны з расады назіраюцца розныя формаўтваральныя мадэлі, у тым ліку беспрыставачныя: параўн. польск. sadzonka, чэш. sadno, славен. sadíka, серб. sádno ’тс’. Сюды ж вытворныя раса́днік ’скрынка з зямлёй для вырошчвання расады’, ’гадавальнік’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ), ’гародчык’ (Бяльк.), расса́днік ’крыніца з’яўлення, размнажэння чаго-небудзь’ (ТСБМ). Відаць, другаснае ўтварэнне раса́днік ’зруб у 3–4 вянцы — аснова печы’ (Нік. Очерки), дзе фіксуецца і першаснае раса́днік ’парнік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

План1 ’чарцёж — памяншальны выгляд мясцовасці, прадмета на плоскасці’ (ТСБМ, Яруш., Шат.), ’прысядзібны ўчастак калгасніка, надзел, сядзіба, зямля пры хаце’ (гом., ЛА, 3; Мат. Гом.; Ян.; свісл., Сл. рэг. лекс.; ветк., рэчыц., нясвіж., слаўг., Яшк.), ’незабудаваны ўчастак зямлі ў межах вёскі, які належыць аднаму гаспадару, пляц’ (Нар. сл.), пла́нік ’тс’ (жлоб., ЛА, 3), плян ’тс’ (Яруш.), план ’агарод’ (ветк., ЛА, 2), план ’зямля былога сталыпінскага хутара’ (Яшк.). З рус. ці польск. моў, у якіх — з франц. plan ’плоскасць’ ці з ням. Plan ’паверхня’, апошнія ўзыходзяць да с.-лац. plānum ’роўнае месца, раўніна, плоскасць’ (Фасмер, 3, 273; Махэк₂, 454; Банькоўскі, 2, 597, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж швянч. плано́к ’узор для ткання’ (Сл. ПЗБ).

План2 ’праграма заданняў і прац’, ’парадак, паслядоўнасць, сістэма’ (ТСБМ), ’жыццёвы парадак, спосаб грамадскага жыцця’ (ТС). Праз польск. plan ’план, расклад, праграма’ (ужо ў А. Міцкевіча), а таксама старыя plant, piania, ці рус. план ’тс’ з ням. Plan ’задума, мэта’, якое ў XVIII ст. было запазычана ў франц. мову (plan ’задума, праект, план’ для plant ’саджанец, флянс’ > ’гадавальнік’ як ’нешта задуманае, выдуманае’, гл. Васэрцыер, 174). Сюды ж жыт. планаваць з пераносным значэннем ’абмяркоўваць (пра старога, які ідзе і размаўляе сам з сабою)’ (Мат. Гом.) < польск. planować ’меркаваць, будаваць планы’ (Кюнэ, Poln., 87).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. развёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Адвесці кожнага на сваё месца. [Мар’я:] — Усіх [дзяцей] ужо развяла па людзях, адзін вось застаўся, меншанькі самы. Шамякін. Брыгадзір развёў [студэнтаў] па хатах. «Работніца і сялянка». // Расставіць па пастах. Развесці вартавых.

2. Разняць, аддзяліць адно ад другога. — Во гэтакі ахапак вяргінь ды руж прынесла, — солтыс развёў рукі і паказаў, які вялікі пук прынесла Ліпачка. Сабаленка. А Рэкс і зубоў не расшчапіў. Ледзьве .. яму вінтоўкаю развялі. Жук. // Адвесці ў розныя бакі часткі чаго‑н., рассунуць, расставіць што‑н. злучанае, самкнутае. Развесці мост. □ І, сеўшы на пень пад зялёнай бярозай, задорна развёў баяніст свой баян. Машара. // Спец. Адагнуць зубы адзін за адным управа і ўлева (пра пілу). // перан. Разлучыць каго‑н., аддаліць аднаго ад другога. Ты была маёй першай каханай, Толькі лёс навекі нас развёў. Ставер. — Сёння ты прынёс порхаўку замест чалавечага носа, а заўтра прыедзеш без нармальнай сківіцы. Сорак два няшчасці! Я вашу .. кампанію хутка развяду. Паслядовіч. // перан. Рассеяць, развеяць, ліквідаваць (бяду, гора і пад.). Каб знала Яніна — устала б, Ляцела к яму, як магла, Да любага сэрца прыпала б І ласкаю гнеў развяла. Чэрня. Чужую бяду рукамі развяду. Прымаўка.

3. Скасаваць чый‑н. шлюб. — Дык скажыце вы мне, Хіба гэта мужчына?! Я прашу нас развесці, Так жыць немагчыма. Кляўко.

4. Апусціўшы ў ваду або іншую вадкасць, распусціць, растварыць; зрабіць раствор. Развесці чарнільны парашок. □ Гэтыя куханы Гінка пякла хто ведае з якой мукі.. Пасыпаны яны былі но цукрам, а папырсканы салодкай вадой, у якой Гінка, напэўна, развяла драбок сахарыну. Корбан. // Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць слабейшым раствор чаго‑н.; разбавіць. Развесці спірт. Развесці воцат.

5. Вырасціць або выгадаваць у значнай або вялікай колькасці. Развесці карпаў. Развесці кветкі. □ — Думаем на будучы год вінаградную лазу развесці... Пянкрат. — Калі пашанцуе, то і з адной калодкі можна развесці пчолкі, — гаварыў Сёмка. Колас. // Пакласці пачатак якой‑н. справе па вырошчванню, гадоўлі чаго‑н. Развесці кветнік. □ Перасадзіў [садоўнік] з панскага гадавальніка перарослыя дзічкі — прышчэпліваць іх давялося ўжо вышэй галавы, — развёў і свой гадавальнік. Кірэйчык. // Даць распладзіцца, размножыцца чаму‑н. у выніку бяздзейнасці, неахайнасці і пад. — Бадай ты спрогся, стары пень! — лаяліся мужыкі: гэта ж .. [Анісім] расплодзіць такога бруду, што і не акараскацца — заразу развядзе. Колас. — Тваіх спраў, якія ты развёў тут, я прымаць не буду. Будзеш справаздачу даваць у другім месцы, — не гледзячы ў яго бок, адказаў Лазняк. Дуброўскі.

6. Разбараніць каго‑н. Імкліва падышоў [Рыгор] да рабят, якія ўсё пагражалі адзін аднаму, і, узяўшы іх за каўняры, развёў у бакі. Ваданосаў.

7. Распаліць, раскласці (агонь, вогнішча). Пасля дня блукання сышліся [паляўнічыя] ужо ля дамоўкі, развялі касцёр. Ракітны.

8. Разм. У спалучэнні з абстрактным назоўнікам азначае: пачаць рабіць тое, аб чым гаворыцца ў назоўніку. Развесці плёткі. □ — Каб хто толькі ведаў, якую .. [Наўмыснік] развёў дзейнасць. Грамовіч.

•••

Развесці рукі (рукамі) — рухам рук выказаць цяжкасць, безвыходнасць становішча, бяссілле ў вырашэнні якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)