насві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да насвістаць.

2. што і без дап. Свістаць (часцей паціху, самому сабе). Насвістваць песню. □ Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сева паціху пачаў насвістваць. Карпаў. // Пра птушак. [Шпак] то заносіў у дзюбцы чарвяка ў шпакоўню, то сядзеў паблізу і насвістваў вясёлыя песенькі. Пальчэўскі. // Пра вецер, мяцеліцу і пад. За акном насвістваў вецер, хвалямі наганяў дождж, усё сцябаў, сцябаў па шыбах. Мыслівец. // Пра машыны, прылады. Вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каці́ць, каціцца ’каціць, рухаць, перамяшчаць які-н. круглы прадмет, вымушаючы яго вярцецца’; ’перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад.’; ’губіць, нішчыць’; ’каціцца’ (ТСБМ). Параўн. рус. кати́ть, укр. коти́ти, коти́тися, ст.-чэш. kotiti ’каціць’, польск. дыял. kocić ’каціць, валяць і г. д.’. Для гэтых лексем выстаўляецца праформа *koitii (), якая лічыцца этымалагічна цяжкім словам. Агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 205–207. Магчыма, што слав. *kotiti працягвае і.-е. дзеяслоўную аснову *kat‑ ’кідаць’, з блізкім значэннем, вельмі ёмкую і перспектыўную (параўн., напр., ням. werfen ’кідаць’, але Junge werfen ’раджаць дзіцянят’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

соро́ка зоол. саро́ка, -кі ж.;

зала́дила соро́ка Я́кова погов. ≅ дзяўбе́ ўсё то́е са́мае;

соро́ка на хвосте́ принесла́ саро́ка на хвасце́ прыне́сла;

как (то́чно) соро́ка на колу́ верте́ться як саро́ка на кале́ вярце́цца.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

увіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да увіцца.

2. Разм. Вярцецца каля каго‑, чаго‑н., неадступна хадзіць за кім‑н. У хаце, аднак, было ціха, толькі кот, відаць, увіваўся каля некага і вымагаў спажыву. Кулакоўскі. // Дагаджаць каму‑н., дамагаючыся чаго‑н. [Іван Фёдаравіч:] — Малайчына, Магнат... Твой гэты Шмыг нешта ўвіваецца каля старшага майстра. Мыслівец. Ля начальніка ўвівайся, Кожны крок яго прадбач. Ён смяецца — ты ўсміхайся, Ён надзьмецца — ты заплач. Корбан. // Пастаянна знаходзіцца пры кім‑н., заляцацца да каго‑н. Адэля прыгожая, дык хлопцы ля яе і ўвіваюцца. Савіцкі.

3. Зал. да увіваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турні́р ‘спаборніцтва рыцараў у Сярэднявеччы, цяпер звычайна спартыўнае спаборніцтва’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (турни́р ‘тс’) з нова-в.-ням. Turnier, якое са ст.-франц. to(u)rnei ‘тс’ ад torner ‘абарачацца’ < лац. tornāre ‘паварочваючы, тачыць выраб на варштаце’ (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 683–684). Ст.-бел. турнея ‘турнір, спаборніцтва’ (XVI ст.), пазней таксама ‘беспарадак, разлад’ (ГСБМ), узыходзіць да ст.-франц. tourneoi ‘рыцарскія спаборніцтвы паводле дакладных правілаў’, а ст.-бел. турнай ‘тс’ (XVI ст.) — з чэш. turnaj ‘спаборніцтва рыцараў’, якое праз ст.-в.-ням. (turnei — баварскае вымаўленне ‑aj) прыйшло са ст.-франц. tournoi (праванс. tornei) ‘тс’ < torner ‘абарачацца, вярцецца’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Голуб-Ліер, 494; Махэк₂, 661; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

варо́чацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да вярнуцца ​1.

варо́чацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паварочвацца, пераварочвацца з боку на бок. Доўга не мог [Мікіта] заснуць, усёварочаўся з боку на бок, скідаючы з сябе коўдру. Галавач. // Разм. Рухацца, варушыцца. Тыя, хто ведаў, што ў зале вось-вось павінна паявіцца дэлегацыя сялян, неспакойна варочаліся, аглядаліся і гэтым парушалі цішыню. Барашка.

2. Круціцца, вярцецца. Магчыма, там грыміць пярун? Ці дзе варочаюцца жорны? Дубоўка. Хвалі злосна штурхалі нязграбную лодку, яна цяжка варочалася на адным месцы, увесь час памыкаючыся стаць бокам пад вецер. Зарэцкі.

3. Хіліцца, нахіляцца на бок. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык — з другога і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся. Колас.

4. Зал. да варочаць ​2 (у 1–3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыча́г, ‑а, м.

1. Стрыжань, які можа вярцецца вакол пункта апоры і служыць для ўраўнаважвання большай сілы з дапамогаю меншай. Падважыць груз рычагом.

2. Дэталь розных машын, механізмаў, звычайна ў выглядзе стрыжня, які служыць для рэгулявання чаго‑н., для кіравання чым‑н. Рычагі кіравання. Рычаг скорасці. □ На прыпынках .. [хлопец] доўгім рычагом, падведзеным да руля, адчыняе дзверцы, упускае пасажыраў. Ракітны. // У тэлефонным апараце — прыстасаванне для злучэння і раз’яднання кантактаў, звычайна ў выглядзе стрыжня з кручком або дзвюма развілкамі, на якія вешаецца або кладзецца трубка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

3. перан. Пра тое, што прымушае дзейнічаць каго‑н., прыводзяць у рух каго‑, што‑н. Вечна будзе рычагом паўстання імя — Ленін. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вулды́р ’гуз’ (Жд., 2, 3), вулды́рь ’гуз, гузак, пухір’ (Бяльк.), рус. волды́рь ’тс’ (няяснага паходжання, гл. Фасмер, 1, 338). Няма падстаў разглядаць асобна ад булды́р ’пухір, бурбалка, бугор’ (параўн. Гараеў, 53; Праабражэнскі, 1, 91), з метатэзай бурды́ль і асабліва бурду́ль ’пухір’, вытворных ад дзеясловаў з «вобразнай» семантыкай, гл. бурдзе́ць ’пачынаць закісаць’ (З нар. сл.); параўн. інш. семантычныя паралелі: брузды́ль ’пухір на целе’ і брузда́цца ’аблівацца ў час яды’ (Бяльк.), літ. vir̃dulas ’пухір, бурбалка’ ад vìrti, vérda ’кіпець’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 125). Фармальная блізкасць утварэнняў з пачатковымі в і б прывяла да перапляцення значэнняў ’пухір’ і ’гуз’; ёсць падставы меркаваць, што зыходным для ўтварэнняў з в было значэнне ’гуз, круглы прадмет’ і аснова вурд‑ (*vr̥d‑), гл. навагр. ву́рда ’вяртушка зробленая з бярцовай косці свінні, буркаўка’ (Жыв. сл.); параўн. балг. върда́лям ’перакульваць’, серб.-харв. вр̏дативярцецца, круціцца’, тады вулды́р < *вурдыль з метатэзай. Адносна суфіксацыі, асабліва чаргавання ‑ыль/‑уль, параўн. Слаўскі, SP, 1, 112.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяртлю́г ’бугарок у верхняй частцы бядровай косці’; ’злучальнае звяно дзвюх частак механізма, якое дазваляе адной з іх вярцецца вакол сваёй восі’ (БРС, КТС); ’мера пры куплі-продажу’ (Інстр. III); ’невялікае бярэмца сена’ (Бяльк.). Укр. вертлюг ’нерухомы вінт, на якім што-небудзь абарачаецца’; ’бугарок у верхняй частцы сцегнавай косці’, зах.-укр. верклю́г ’прыстасаванне ў выглядзе літары Г для падвешвання кацялка над агнём’, рус. вяц. вертлю́г ’прыстасаванне для ткання ў выглядзе дошчачкі з дзіркамі’; ’пятля і крук’; ’канец восі ў машыне, якая ўстаўлена ў гняздо’; ’непаседа’, ст.-рус. вертлюгъ, вертлугъ ’прыставанне, пры дапамозе якога абарачальны прадмет злучаецца з нерухомым’; ’прыстасаванне, якое забяспечвае рухомасць ствала гарматы’; ’тазасцегнавы сустаў’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад назоўніка вьртьлъ > ве́рцель (гл.) і суф. ‑уг (Слаўскі, SP, 1, 68), якое атрымала значэнне ’абарачальны шпень’ (Шанскі, 1, В, 66). Сюды ж дэмінутыў віртлюжок ’скрутачак у выглядзе перавясла’ (Юрч. Фраз. 2). Крукоўскі (Уплыў, 162) мяркуе, што вяртлюг запазычана з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

круці́цца, кручуся, круціліся, круціцца; незак.

1. Рухацца па кругу або паварочвацца вакол сваёй восі; вярцецца. Майстар націснуў на кнопку, і свярло з лёгкім гулам пачало круціцца. Кулакоўскі. Вялікі шліфавальны камень пачынае хутка круціцца. Асіпенка. // Варочацца з боку на бок. Хлопчык круціўся, трызніў, мабыць, снілася яму нешта страшнае. Чарнышэвіч. // Беспарадкава рухацца; хадзіць вакол чаго‑н.; кружыцца. — Круціўся я на гэтым месцы з гадзіну, нічога больш, не знайшоў. Панёс свой грыб у санаторый, як святыню, у дзвюх руках. Лужанін. Хлопчык бездапаможна круціўся на адным Месцы, адмахваючыся ад сабакі сваёю шапкаю. Арабей. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа думкі, тэмы і пад. Размова Круцілася вакол незразумелых, чужых для слыху слоў: эканамісты, сацыял-дэмакраты, анархізм. Асіпенка. [Засмужац] паспрабаваў адагнаць сон, — нейкая надакучлівая думка неадчэпна, як сляпень, круцілася ў галаве. Мележ.

2. Быць ахопленым віхравым рухам; кружыцца. Снег марудна круціўся ў сумным зімовым паветры. Гарэцкі. // Уздымаць снег, пыл і пад.; месці (пра вецер, завіруху і пад.). Доўга яшчэ круцілася, не магла нацешыцца завіруха. Васілевіч. // Узнімацца ўверх колцамі; віцца (пра пыл, туман і пад.). Застаўшыся ў кузні адзін, Міша глядзеў у задуменні, як над горнам круціўся сівы, гаркаваты дымок. Арочка.

3. Разм. Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., каля каго‑, чаго‑н. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Колас. [Новікаў] круціўся ля канторы і ўедліва дапякаў кожнага, хто трапляўся на вочы. Дуброўскі. // Увіхацца каля каго‑, чаго‑н. Колышаў круціўся каля машыны, ламаючы галаву, відаць, над тым, што зрабіць, каб выйсці з бяды. Мележ. «Я так і ведаў! — узгарэўся Алесь. — Круціся адзін каля трактара». Шахавец. // Неадступна хадзіць за кім‑н., заляцацца да каго‑н. На гэтым спектаклі мядзведзіцкі настаўнік круціўся ўсё каля Зосі. Крапіва. Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Паслядовіч. // Перашкаджаць, замінаць. Круціцца пад нагамі.

4. Не могучы ўседзець на адным месцы, неспакойна паварочвацца то ў адзін, то ў другі бок; вярцецца. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

5. Разм. Быць у пастаянным клопаце. — І не адзін такі я: шумім, круціліся, а толку няма. Колас. Да вечара і да зары І ад зары да вечара Грукочуць МАЗы ў Мазыры і круцяцца дыспетчары. Грахоўскі. — А Сарока — жыве, круціцца цэлымі днямі ў працы, у клопатах. Такім калгасам кіраваць — гэта ж вам не жартачкі. Краўчанка.

6. Разм. Выкручвацца, хітрыць. Арлоўскі як ні круціўся, як ні муліўся, але такі здаўся. Чарнышэвіч.

7. Разм. Быць у любоўных адносінах з кім‑н.; любіцца. — А, усе яны такія, махнуў рукою Булаўка, — або замуж выходзяць, або круцяцца з другімі... Пальчэўскі. На начлезе [Марына], бывала, толькі з хлопцамі і круціцца. Скрыган.

8. Зал. да круціць (у 1 знач.).

•••

Галава круціцца гл. галава.

Круціцца ваўчком — вельмі хутка кружыцца, вярцецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)