Брус, брусо́к. Рус. брус, ‑ок, укр. брус і да т. п., польск. brus, чэш. brus, балг. брус, серб.-харв. бру̑с і г. д. Слав. *brusъ ’брус; тачыльны камень’. Аблаутная форма да *brъs‑ (параўн. ц.-слав. бръснѫти ’скрэбці, брыць’). Далей параўноўваюць літ. braũktiвыціраць і да т. п.’; ст.-ісл. brúna ’тачыць’ і інш. Бернекер, 91; Праабражэнскі, 1, 42; Брукнер, 42; Фасмер, 1, 220; Слаўскі, 1, 45 (*bhrou‑k̑‑ ’церці, здзіраць’); Махэк₂, 68 (іншая версія). Булыка (Запазыч.) лічыць ст.-бел. брус паланізмам. Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гаць ’прагна піць, хлябтаць’ (Нас., Варл.), ’многа і часта піць’ (кір., Нар. сл.; бых., Жыв. НС; стаўб., З нар. сл.), ’многа піць, піць вялікімі глыткамі’ (Жд. 2; дзярж., Нар. сл.; Сцяшк. Сл.), ’многа піць вады або есці вадкай стравы’ (карэл., Нар. сл., Сцяшк.), ’прагна есці, сёрбаць’ (Скарбы, мядз., Нар. словатв.; жлоб., Жыв. сл.), ’жэрці’ (полац., Янк. 2), ’разліваць’: не пугай, напу́гаў, што стол не ўспяваю выціраць (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.). Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, у аснове — выклічнік пу! (пуг!), што імітуе уцягванне вадкасці ротам, параўн. пупа ’вада’ (у размове з дзецьмі), славен. pupati ’піць’ (у дзіцячай мове), у аснове якога гукаперайманне pup (Сной, 515), або пу́льгаты ’сёрбаць; разліваць’ (драг., Сл. Брэс.) (гл.), у аснове гукаперайманне пуль(г)!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́ніць ‘пацерці звітую вяроўку, каб зрабіць яе больш мяккай’, ‘трапаць абутак, адзежу; зношваць збрую’ (Нік. Очерки), сьму́ніць ‘церці, выціраць’, сюды ж асму́ніць ‘абсмыгаць, абцерці, абтрапаць’ (Ласт.). Параўн. рус.-ц.-слав. присмѧнѫти ‘прывянуць’, присмѧдитисѧ ‘прыгараць’. Вытворнае ад прасл. дыял. *smǫditi ‘паліць, капціць, вэндзіць’, якое лічыцца фанетычным варыянтам *svǫditi ‘тс’, суадноснага з svęděti ‘быць высушаным, знаходзіцца ў гарачыні’, што ўзыходзіць да і.-е. *(s)u̯endh‑ ‘памяншацца, убываць, вянуць’. Змена sv > sm пад уплывам слоў тыпу смала, смага (гл.). Параўн. укр. дыял. сму́дитися ‘смажыцца, пражыцца’, польск. smądzić ‘вэндзіць’, swędzić ‘свярбець’, smędzić się ‘ледзве гарэць’, в.-луж. smudźić ‘смаліць’, н.-луж. smuźiś ‘абпальваць, смаліць’, чэш. smouditi ‘паліць, капціць’, славац. smudiť ‘чадзіць, капціць’, серб.-харв. сму́дити ‘смаліць; абпальваць’, славен. smoditi ‘паліць, прыпальваць’, балг. смъдя́ ‘свярбець’, макед. смади ‘абпальваць’, роднасныя ст.-англ. swindan ‘знікаць, прападаць’, ням. schwinden ‘тс’. Гл. Глухак, 567; SEK, 4, 330; Бярнар, Бълг. изсл., 265–266; Шустар-Шэўц, 1324; ЕСУМ, 5, 330–331. Параўн. смурыжыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чи́стить несов.

1. (удалять грязь, делать чистым) чы́сціць; (тереть — ещё) шарава́ць; (ваксить — ещё) ваксава́ць;

чи́стить коня́ чы́сціць каня́;

чи́стить зу́бы чы́сціць зу́бы;

чи́стить посу́ду чы́сціць (шарава́ць) по́суд;

чи́стить о́бувь чы́сціць (ваксава́ць) абу́так;

2. (от кожуры) абіра́ць; (скрести) скрэ́бці, струга́ць; (лущить — ещё) лу́шчыць, луза́ць; (перебирать) перабіра́ць;

чи́стить карто́шку абіра́ць (преимущественно варёную), струга́ць (сырую), скрэ́бці (молодую) бу́льбу;

чи́стить морко́вь скрэ́бці мо́ркву;

чи́стить ры́бу скрэ́бці ры́бу;

чи́стить горо́шек абіра́ць (лу́шчыць, луза́ць) гаро́шак;

чи́стить ви́шни, грибы́ перабіра́ць ві́шні, грыбы́;

3. (освобождать от скопившегося, опорожнять) чы́сціць; (дымоход) выціра́ць;

чи́стить кана́л чы́сціць кана́л;

чи́стить коло́дец чы́сціць сту́дню;

чи́стить тру́бы выціра́ць ко́міны;

4. перен. (проверять с целью освобождения от чуждых элементов), разг. чы́сціць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пераня́ць, перайму, пяроймеш, пяройме; пр. пераняў, ‑няла, ‑ло; заг. пераймі; зак.

1. каго-што. Рухаючыся насустрач, наперарэз, спыніць, затрымаць каго‑, што‑н. Пераняць ганца. Пераняць статак. □ Косцік кінуўся насустрач Ніне, пераняў яе, пасадзіў і прыгразіў пальцам, каб сядзела на месцы. Пальчэўскі. Багдан з сынам пайшлі ў хату, а Нічыпар падаўся да варот, каб пераняць курыцу. Кулакоўскі. Іх [немцаў] машына штабная Выйдзе ў Мінск роўна ў пяць. Трэба тую машыну Нам, Лявон, пераняць. Бялевіч. // Закрыць, спыніць свабодны рух чаго‑н.; перакрыць. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцуг, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Колас. Калі не дойдзем мы да дня, дык гэты зброд з мяцежнай банды паспее шлях нам пераняць. Дудар. Пераняць плацінамі крутымі Плыні рэк шырокіх на вякі, Пасяліць лясы свае ў пустыні І спавіць каналамі пяскі. Калачынскі. // Нечакана застаць, заспець у час руху. Завея пераняла вазакоў на паўдарозе. Чарнышэвіч. На дарозе пераняла нас страшэнная вестка: у Ярцаве — дэсант. Сабаленка. // перан.; што. Разм. Заўважыць, перахапіць, сустрэць (пра позірк і пад.). Хлопцы з павагай і разам з тым трошкі ўстрывожана зірнулі на дзядзьку Ахрэма. Ён пераняў гэты позірк і папярэдзіў: — Нават каб на кухні не шумелі! Паслядовіч. // Спыніць, перапыніць (размову, гутарку). Мікіта, хоць пытанне ставілася не яму, пераняў матку і сам, як гаспадар у хаце, адказаў. Колас.

2. каго-што. Перахапіць, падхапіць у час руху, дзеяння (прадмет, рэч і пад.). У гэты раз .. [Пшанічны] не пярэчыў, пераняў з рук Глечыка лапату. Быкаў. Галіна пераняла на рукі малое і пачала выціраць яму хусцінкай носік. Пташнікаў.

3. што. Запазычыць што‑н. у каго‑н., зрабіць так, як хто‑н.; унаследаваць. Пераняць вопыт. □ Прыклад першай паляводчай брыгады перанялі і астатнія. «Звязда». Арына сачыла за Лейбавай працай. Яна старалася пераняць тое, чаго сама не ведала або рабіла не гэтак. Чарнышэвіч. Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд. Гартны. // Зрабіць сваім, прывычным для сябе што‑н. чужое, пабочнае. Пераняць дурныя звычкі. // Разм. Падрабіцца пад каго‑, што‑н. Пераняць свіст шпакоў.

4. што. Запомніць, засвоіць. Пераняць матыў песні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ргаць1 ’цягнуць не роўна, а рыўкамі, рэзкімі рухамі’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.): то́ргаў трактор трактора з ямы (ТС), ’тузаць за лейцы, прымушаючы каня ісці’ (ТСБМ), то́ргыць ’чапаць’ (Бяльк.), тарга́ць ’цягаць, валачы ў розныя бакі’, ’тузаць, шморгаць’ (Нас.), то́ргаті ’тузаць аснову красён’ (лун., Шатал.), то́ргаць ’кляваць, прыводзіць у рух паплавок’ (ТСБМ, ТС), ’дрыжаць, пацепвацца, перасмыквацца’ (ТСБМ), ’торгаць пры нарыванні (з болем), балець праз аднолькавыя прамежкі часу, тузаць пры нарыванні’ (ТСБМ, Шат., Жд. 2, Жд. 3, Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.), то́ргаты ’нарываць’ (бяроз., ЖНС), ’шморгаць, часаць лён’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. торгати ’тузаць, церабіць, рваць’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ргацца ’тузацца’ (Касп.), выклічнік торг: торг‑торг ’тык-мык’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр. харк. то́ргати ’тузаць’, рус. то́ргать ’штурхаць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’цягаць, скубці’, ’ірваць (лён)’, ’вымотваць нервы’; польск. targać ’тс’, ст.-польск. tergać, н.-луж. tergaś ’ірваць, раздзіраць’, ’тузаць’, ’тармасіць’, ’шчыпаць’, ’цягнуць’, ’перакідаць, зносіць’, ’разбіваць’, в.-луж. torhać ’тс’, ’драць’, ’вырываць’, чэш. trhati ’тс’, ’зношваць (адзенне, абутак)’, ’падрываць (скалу)’, ’пацепваць (плячом)’, славац. trhať ’тс’, ’торгаць пры нарыванні’, ’зрываць (адзенне)’, ’рэзаць (слых)’, славен. tŕgati ’рваць, зрываць’, ’расхопліваць (тавар)’, ’разрываць (адносіны)’, ’раздзіраць (адзежу)’, ’адломваць, адрываць’, харв. tȑgati, серб. тр̏гати ’рваць’, ’зрываць (плады)’, ’тузаць пры нарыванні раны’, макед. трга ’торгаць, цягнуць рыўкамі’, ’ад’язджаць’, ’піць з бутэлькі’, ’цярпець, пакутаваць, мучыцца’, балг. тъ̀ргам (Младэнаў, 640), тръ̀гвам, тръ̀гна ’ад’язджаць, рухацца ў дарогу, адыходзіць’, ’лахаць па розных месцах’, ст.-слав. истръгати ’разрываць, перарываць’, истръгнѫти ’вырваць, выцягнуць’, ’адабраць ад каго-небудзь’. Прасл. *tъrgati, звязанае чаргаваннем галосных з *tьrg‑ (Фасмер, 4, 83), *tr̋gati або *trgãti (Сной₂, 782; Рэйзак, 673) ці *tr̥gati (Борысь, 627), роднасныя лац. tergēreвыціраць, асушаць, чысціць’, ’казытаць’, ст.-грэч. τρώγω ’грызу, хрумстаю, ем’, арм. tʼurc ’сківіца’, тахар. A і тахар. B trask ’жаваць’. Махэк₂ (651) прасл. *tъrgati супастаўляе з лац. stringere ’зрываць з паверхні, абрываць’, ’жаць, касіць’, ’злёгку драпаць, раніць’, ’датыкацца’ (з s‑mobile, якое ў *tьrgati страцілася), сцвярджаючы, што ‑r‑ тут не з’яўляецца каранёвым, звязвае яго з прасл. *tęg‑ ’цягнуць’, а Фасмер (там жа) — са ст.-інд. tṛṇḗḍhi ’расколаты, раздроблены’. Тым не менш Скок (3, 499), як і Борысь, Рэйзак і Сной, мяркуе, што прасл. лексема ўзыходзіць да і.-е. *ter‑ ’церці’, пашыранага фармантамі ‑gh‑ і ‑g̑h‑. Блізкім да то́ргаць (варыянт з азванчэннем пачатковага зычнага?) з’яўляецца до́ргаць ’торгаць’, ’патузваць чым-небудзь’, ’прагна хапаць ежу’, ’ванітаваць’, раздо́ргаць ’стан, калі нападае лютасць, ашалеласць, раз’юшанасць’ (Нас.), дэ́ргаты, да́ргаты ’часаць лён на грэбні’ (Уладз.), якое да прасл. *dьrgati, параўн. укр. де́ргати ’тузаць, торгаць’, дыял. де́рʼгати ’часаць (валакно)’, рус. дёргать ’торгаць’, ’рваць, выцягваць’, ’цягнуць’, ’рабіць рэзкі рух’, смал. дарга́ть ’раздзіраць’, стараж.-рус. дьргати ’торгаць’, польск. dziergać, старое dzierzgać ’фастрыгаваць’, ’вязаць’, н.-луж. źergaś ’часаць лён’, чэш. drhati, ст.-чэш. držěti se ’трэсціся’, drhat ’калыхаць’, dŕhat ’шчыпаць курыцу’, славен. dŕgati ’церці, месці’, dŕzati ’часаць’, ’шчыпаць траву’, балг. дъ́рзам ’мяць лён, трапаць яго’, якія суадносяць з *dьrati пашыраным на ‑g‑ < і.-е. *derH‑gh‑ ’цягнуць, ірваць, торгаць, здзіраць скуру’ (Фасмер, 1, 500–501; ЭССЯ, 5, 221; Сной₂, 124; Махэк₂, 127; ЕСУМ, 5, 603).

То́ргаць2 ’крычаць (пра драча)’ (ТСБМ). Слова пабудавана на гукаперайманні крыку гэтай птушкі, падобнага да дорг! (рус. дёрг!, польск. der‑der!), якое паўтараецца да 15 разоў (Праабражэнскі, 1, 179; Фасмер, 1, 501; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 103; Струтынскі, Nazwy, 114).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)