Тарара́х — выклічнік для абазначэння моцнага, раскацістага гуку, суадносны з адпаведнымі дзеясловамі (ТСБМ, ЭШ), ’выгук, які азначае бой у барабан або ў што-небудзь падобнае’ (Нас.), сюды ж тарара́хаць ’грукатаць, грымець, стукаць’ (ТСБМ), ’тарахцець’ (Касп.), тарара́хнуцца ’з сілай стукнуцца, з шумам упасці’ (ТСБМ), тарара́хнуць ’загрукацець, загрымець; моцна стукнуцца; моцна ўдарыць; выстраліць’, тарара́хтаць ’тарахцець’ (там жа), тарара́ха ’балбатуха’ (Ян.). Укр. тарара́х, рус. тарара́х. Гукапераймальныя ўтварэнні (Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521). Карскі (1, 254) у дзеясловах бачыў падваенне склада ў зыходных тара́хаць, тра́хаць, што да выклічніка тарах, трак, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́пусціць, -пушчу, -пусціш, -пусціць; -пушчаны; зак.

1. каго-што. Даць выйсці.

В. дзіця пагуляць.

В. птушку на волю.

В. цяпло з хаты.

В. снарад (выстраліць).

2. каго-што. Выпадкова не ўтрымаць, упусціць.

В. талерку з рук.

3. каго-што. Давесці да канца чыё-н. навучанне ў навучальнай установе і пад. з наданнем пэўнай кваліфікацыі.

В. студэнта.

В. адзінаццаты клас.

4. што. Вырабіўшы, падрыхтаваўшы, пусціць у абарачэнне для якога-н. скарыстання.

В. прадукцыю.

В. раман.

5. што. Высунуць, выставіць.

В. кіпцюры.

6. што. Павялічыць у даўжыню, шырыню.

В. рукавы.

|| незак. выпуска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. выпуска́нне, -я, н. і вы́пуск, -у, м. (да 3 і 4 знач.).

|| прым. выпускны́, -а́я, -о́е (да 1, 3, 5 і 6 знач.).

В. клапан.

Выпускная адтуліна доменнай печы.

В. клас.

Выпускныя экзамены.

В. каўнер.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліцьвыстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́хаць ‘гучна біць; ламаць з трэскам’, ‘трашчаць, ламацца’ (Нас.), ‘рэзка адрывіста грымець, бухаць’ (Юрч. Сін.), ‘трэсці’ (ТС), ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘страляць’ (ТС), ‘стукаць, грукаць дзвярыма’, ‘балбатаць’ (Ян.); тра́хнуць ‘моцна, з сілай стукнуць каго-небудзь’, ‘выстраліць па кім-небудзь’, ‘застрэліць’ (ТСБМ), ‘трэснуць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ‘стукнуць, упасці’ (ТС), ‘стукнуць (пра гром)’, ‘раптоўна пабегчы, ірвануцца’ (Мат. Маг.), тря́хнуць ‘стукнуць каго-небудзь чым-небудзь’ (Бяльк.); тра́хнуті ‘ўдарыць’ (Вруб.); сюды ж вытворныя ад траха́т ‘трэск’ трахата́ць ‘ламаць, крышыць’ (гродз., ЖНС), трахаце́ць ‘дрыжаць, трашчаць’ (Сл. ПЗБ); таксама тра́ханне, трахканне ‘грукат’, тра́ханнік, тра́хканнік ‘той, хто грукоча’ (Юрч. СНЛ). Утварэнні на базе гукапераймальнага трах, гл.

Траха́ць ‘трэсці’ (ТС), трахану́ць ‘страсянуць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘растрэсці (гной)’, ‘затрэсціся ад холаду’ (Юрч. СНЛ), трыхану́ць ‘страсянуць’ (Бяльк.), тріхану́ць ‘калатнуць; зрабіць вобыск’ (Юрч.). Фасмер (4, 113) мяркуе, што рус. тряхну́ть і тряха́ть з’яўляюцца новаўтварэннямі ад трясти́ ‘трэсці’; таксама Брукнер (579) польск. trząchąć адносіць да trząść ‘трэсці’. Параўн. паралельнае траса́ць, гл. трэсці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баба́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.

2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.

3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм.

1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.

2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.

3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Моцна, з сілай стукнуць каго‑, што‑н. або чым‑н. Трахнуў Юрка кулаком і жонку па галаве. Гарэцкі. Іван Мацвеевіч схапіў чайнік і трахнуў аб сцяну. Фарфоравыя асколкі разляцеліся ў розныя бакі. Каршукоў. Калі ж бабёр убачыць нешта падазронае, ён так трахне хвастом, што ажно пырскі разляцяцца ва ўсе бакі. Матрунёнак. [Гаспадар:] — Не выцерпеў брыгадзір, паехаў у газету, знайшоў таго карэспандэнта, дый гаворыць: «Вось як трахну табе той рукой, якой у мяне няма, дык будзеш ведаць, як трэба пісаць!» Гурскі.

2. Выстраліць па кім‑, чым‑н. І раптам, як гром з нябёс, Вартаўнік з дубальтоўкі трахнуў. Напэўна, соллю ў кагось. Караткевіч. // Забіць, застрэліць каго‑н. — І што са старастам? Трахнулі яго? — спытаў Сцёпка. Хомчанка. — То-та, я гляджу, учора мне якраз у Грозаве казалі: пана Вранеўскага трахнулі. — Як трахнулі? — Ну, як — забілі! Скрыган. // Утварыць рэзкі гук пры выстрале. Прылажыўся ён [дзед] і бахнуў, Бліснуў іскрамі агонь; Як пярун, стрэл гэты трахнуў. Колас.

3. Выпіць спіртных напіткаў. [Генька:] — Даруй мне! Сёння нядзеля. Я шкляначку трахнуў! Гарбук. // З прагнасцю з’есці што‑н. [Пятрусь:] — Вось бы сюды чыгунок бульбяных аладак, што цэлы дзень млеюць у сале ў гарачай печы, вось тут бы я трахнуў так, каб аж... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пекану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм.

1. каго, каму і без дап. Параніць, прычыніць боль чым‑н. распаленым, жыгучым. Пекануць агнём. Пекануць крапівой. □ Не паспеў я і вокам міргнуць, як адна аса пеканула мяне проста ў брыво. Якімовіч. // Абдаць жарам; прыпячы. У твар .. [Арсену] пеканула чырвань ці то ад злосці, ці то ад сораму. Сабаленка. // перан. Імгненна ўзрушыць чым‑н. Пекануць позіркам. □ [Леапольд Гушка] адвык думаць пра ватага чалавека, а цяпер гэтае аблічча пеканула яму ў сэрца. Чорны.

2. каго і без дап. Моцна выцяць, агрэць. Пекануць бізуном па спіне.

3. Востра, моцна пранізаць, адчуцца (пра боль). Паспрабаваў падняцца і не здолеў — у левай назе пекануў боль. Шамякін. // безас. Пра адчуванне вострага, нясцерпнага болю. — У левы локаць так пеканула, што думалася — рука адляцела. Алешка.

4. Выстраліць; пальнуць. Быццам па ваўках, дзед звыкла Пекануў з драбавіка. Астрэйка. Я спыніўся, паглядаючы на шарака і падумаў: а што калі зайсці з боку кустоў ды адтуль пекануць касому. Ляўданскі.

5. перан.; што і без дап. Сказаць рэзка, прама што‑н. непрыемнае, непажаданае; упікнуць; абразіць. — А захваліць мы не захвалім, старшыня. Заслужыце, і благое ў вочы пеканём. Пальчэўскі. А раўнаваў Косця Гену да справы. І гаварыў яму ў вочы, што думаў. Па праву партызанскай дэмакратыі. Сёння — там, у сямейным лагеры, — таксама пекануў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)