паго́ня, ‑і, ж.

1. Праследаванне таго, хто ўцякае. Кінуцца ў пагоню. Наладзіць пагоню. □ Час ад часу ласіха будзе спыняцца, каб падпусціць чалавека бліжэй і заахвоціць яго да далейшай пагоні. В. Вольскі.

2. Адзін чалавек або група людзей, якія праследуюць каго‑н. Паслаць пагоню. Накіраваць пагоню ў іншы бок. □ [Саша] чуў, як нехта бяжыць па яго слядах, што гэты нехта зусім блізка — не выратавацца, не схавацца ад пагоні. Мікуліч.

3. перан.; за чым. Моцнае жаданне атрымаць што‑н., дабіцца чаго‑н., імкненне да чаго‑н. Пагоня за кнігай. Пагоня за славай. □ У віры жыцця, у пагоні за праўдай не адна іскарка залятала ў душу, ад якой пачынала рабіцца і цёпла і радасна. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсу́нуцца, ‑сунуся, ‑сунешся, ‑сунецца; зак.

1. Перамясціцца на нейкую адлегласць; пасунуцца. Світае... За кратамі, паміж веццем дзвюх бяроз, там, дзе быў месяц, які ўжо адсунуўся і паблек, палоссе перастала кланяцца, заціхла, чакаючы сонца. Брыль. // Размясціцца далей, аддаліцца. Бабуля адсунулася на самы край лаўкі, у цянёк пад ліпай, але і тут яе даставалі гарачыя прамені. Сіняўскі. // перан. Стаць менш значным, менш важным. Кожны думаў цяпер толькі аб тым, каб выратавацца і выжыць, а ўсё іншае адсунулася ўбок. Маўр.

2. Адчыніцца, адкрыцца, раскрыцца, адхінуцца. Шэрая тканіна адсунулася ад запечка, напялася, задрыжала, як на ветры, знікла. Пташнікаў. У гэты час загрукалі жалязякі, і дзверы адсунуліся. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рату́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.

2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.

3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.

•••

Ратунку няма гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́плысці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; зак.

1. Плывучы, з’явіцца адкуль‑н., апынуцца дзе‑н. Човен выплыў з-за кустоў. Качкі выплылі на сярэдзіну ракі. // перан. Плаўна выйсці, паказацца. Выплыў месяц з-за хмар. □ Шырокая, прысадзістая, румяная Акуля паказалася ў пакоі, выплыўшы з кухні. Колас. Праз хвіліну з туману выплылі чыстыя домікі з гатычнымі дахамі. Шамякін.

2. Уплаў дабрацца да берага, выратавацца. Можа ехаў хто на чоўне, перакінуўся раптоўна, сам і выплыў, можа, неяк, а на дно пайшоў куфэрак? Дубоўка. Сашка выплыў і, нават не азірнуўшыся, як апантаны, пабег у вёску. Гамолка.

3. Усплысці на паверхню. Рыба выплыла з глыбіні. // перан. Узнікнуць, з’явіцца; выявіцца. Выплыла новае пытанне. □ Ярка выплыў у памяці вільготны асенні дзень. Дуброўскі.

4. Разм. Пусціць колас; пакрыцца каласамі, выкаласаваць. Выплыў ячмень буйным коласам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́до ср. (мн. чудеса́)

1. цуд, род. цу́ду м.; (диво) дзі́ва, -ва ср.;

соверши́ть чу́до зрабі́ць цуд;

чу́дом спасти́сь от сме́рти цу́дам вы́ратавацца ад сме́рці;

каки́м-то чу́дом не́йкім дзі́вам (цу́дам);

чудеса́ герои́зма цу́ды гераі́зму;

чу́до иску́сства, те́хники цуд маста́цтва, тэ́хнікі;

2. в знач. сказ. дзі́ва, дзі́ўна;

э́то про́сто чу́до! гэ́та про́ста дзі́ва!;

чу́до, что дзі́ва (дзі́ўна), што;

чу́до-богаты́рь цу́да-во́лат;

чудеса́ в решете́ цу́ды ў рэ́шаце.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нага́, -і́, ДМ назе́, мн. но́гі і (з ліч. 2, 3, 4) нагі́, ног, Д нага́м, ж.

1. Адна з дзвюх ніжніх канечнасцей чалавека, а таксама адна з канечнасцей птушак і жывёл.

Доўгія ногі.

Пераступіць з нагі на нагу.

Левая нага.

2. Апора, ніжняя частка мэблі, пабудовы, механізма.

Стол на чатырох нагах.

Адной нагой у магіле — быць блізкім да смерці.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы.

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму-н.

Быць на роўнай назе з кім — быць у добрых сяброўскіх адносінах.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Ледзь вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца.

Ледзь ногі носяць — аб вялікай стомленасці, старасці.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Нага ў нагу — нароўні з кім-н., у адпаведнасці з кім-, чым-н.

На шырокую нагу (разм.) — вельмі багата, раскошна.

Ні нагой куды, да каго — не бываць дзе-н.

Ног не чуць пад сабой

а) вельмі хутка;

б) вельмі стаміцца.

Падняцца на ногі — стаць дарослым, самастойным.

Падняць на ногі — усхваляваць, прымусіць трыво́жыцца.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што-н.

Паставіць на ногі — вылечыць, выгадаваць да самастойнага жыцця.

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі.

|| памянш.-ласк. но́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

|| прым. нажны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́несці, ‑несу, ‑несеш, ‑несе; пр. вынес, ‑ела; зак., каго-што.

1. Несучы, выдаліць адкуль‑н., выставіць за межы чаго‑н. Вынесці мэблю з кватэры. Вынесці смецце. □ — Прыхавай шрыфт дзе-небудзь, — папрасіў Мікола. — Вынесі з хаты. Навуменка. // Змясціць частку чаго‑н. асобна, за межамі цэлага, сістэмы. Вынесці дробавы лік за дужкі. // Завесці што‑н. куды‑н. І зімою Галя не гуляла: то пойдзе карове дасць, то вынесе свінням, то дроў унясе ў хату. Сабаленка.

2. Хутка вывезці, вымчаць куды‑н. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. Конь мігам вынес.. [байца] за сяло. Мележ.

3. Захапіўшы ў агульны паток, прынесці, прыбіць куды‑н. Плынь вынесла лодку на сярэдзіну ракі. □ Гаманкі натоўп пасажыраў вынес мяне на прыстанцыйную плошчу. Савіцкі.

4. перан. Атрымаць, набыць у выніку знаёмства, вывучэння чаго‑н. Вынесці ўражанне. □ Ад знаёмства з.. людзьмі я вынес два неразлучныя пачуцці — захапленне і ўдзячнасць. Брыль.

5. Вытрымаць, перажыць, перанесці. Не такія, як сёння, удары прыходзілася вынесці вось гэтай пасівелай без пары галаве. Брыль.

6. Прапанаваць на абмеркаванне, вырашэнне. Вынесці пытанне на разгляд сходу.

7. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: утварыць дзеянне, якое адпавядае значэнню гэтых назоўнікаў. Вынесці падзяку, пастанову. Вынесці прысуд, вымову.

•••

Вынесці на сваіх плячах — вытрымаць на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. справы, працы.

(Ледзь) вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а .. [Блішчынскі] ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)