Ты́дзень (ты́дзянь, ты́дзінь) ‘частка месяца, сямідзённы тэрмін’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Сержп. Прымхі, Яруш., Мал., Гарэц.; ашм., Стан., Сл. ПЗБ), ты́день ‘тс’ (пруж., Сл. ПЗБ, Растарг.), ст.-бел. тыдень, тыдзень ‘тс’ (1486 г., ГСБМ). Параўн. польск. tydzień, каш. tiƺėń, чэш. týden, славац. tíďen, в.-луж. tydźeń, н.-луж. tyźeń, славен. tė́den, tjéden, серб. тје̏дан, харв. кайк., чак. tjedan, téidan, tjȁden. Лексема ўзнікла на тэрыторыі Вялікай Маравіі і распаўсюдзілася разам з хрысціянствам (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 403); пасля прыняцця хрысціянства і ўрэгулявання назваў тыдня (Брукнер, 588) лексема стала абазначаць ‘сямідзённы тэрмін’. Першая частка слова — прыметнікавая форма займенніка *tъ ‘гэты’, ускладненая ўказальным займеннікам *jь: *tъ‑jь > *t‑yjь, які яшчэ ў XV ст. скланяўся разам з другой часткай *dьnь ‘дзень’, параўн. чэш. týden, téhodne, témudni, týmdnem. У беларускую мову слова трапіла з польскай мовы (Карскі 2-3, 89), дзе захавалася таксама форма Р. скл. адз. л. tygodnia ‘тыдня’ (Борысь, 657; Лер-Сплавінскі, JP, 1928, 13, 12–14), гл. тыгодзень. У тыдзень скланяецца толькі другая частка (як дзень). Для старабеларускай і народнай мовы характэрна варыянтнасць назвы тыдня, звязаная з рознымі шляхамі пранікнення і фанетычнай адаптацыі. Ст.-бел. тыйдень, тийдень (1498 г.), паводле Карскага (там жа), адлюстроўвае архаічную форму, блізкую да зыходнай; формы са спалучэннямі жьд, жд (ст.-бел. тыйжьдень, тыждень) Карскі (там жа) тлумачыць устаўкай ж (< часц. жа); зафіксаванае ў Рэчыцкім пав. ты́жджень Бузук (Спроба, 59) разглядае як вынік асіміляцыі д папярэднім ж, а тураўскае ты́здзень — як вынік адваротнай асіміляцыі. Рэдкая форма ты́жань (Ян., ПСл) узнікла, магчыма, па ўзоры нуда і нужда (гл.) як «аднаўленне» ўсходнеславянскага рэфлекса прасл. *dj, што, зрэшты, не выключае захавання архаізма, параўн. старое польск. tyżeń ‘тыдзень’ (Варш. сл.), параўн. чэш. týž ‘той самы’ (гл. наступнае слова), якое суадносіцца з рэканструяваным першасным значэннем ‘той самы дзень (праз сем дзён)’, гл. Махэк₂, 663; Борысь, 657. Адносна развіцця dj > ždž > ž гл. Голамб, МЈ, 40–41, 125. Сюды ж тыднёвавыезд маладых да бацькоў маладой у першы тыдзень пасля вяселля’ (Сцяшк. Сл.), тыднёво ‘застолле праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. рэг. лекс.), тыднёвы ‘штотыднёвы’, ‘які працягваецца цэлы тыдзень’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц.), тыднёвік ‘штотыднёвік’ (Гарэц.), ‘працоўны тыдзень’ (Варл.), ты́днік ‘тыдзень’ (віл., Сл. ПЗБ), ты́днічак памянш. ‘тс’ (Скарбы), спалучэнне tak tydzień ‘тыдзень таму назад’ (Федар. 1), параўн. такрок, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)