Прыгадзі́ць, прыгодзі́ць ’даць, паспрыяць’ (ТС), прігадзі́цца ’спатрэбіцца; прыдацца’ (Бяльк.), прыгадзі́ць (безасаб. прыгадзі́ла) ’нечакана прыйсці’: коли цебе тут пригодзило? (Нас.). Працягвае ст.-бел. пригодити ’дапамагчы’, пригодитися ’спатрэбіцца; адбыцца, здарыцца’ (Ст.-бел. лексікон), пригожатися ’здарацца; трапляцца, прыходзіцца’ (Статут 1529), якое, у сваю чаргу, з прасл. *prigoditi () < *goditi () (Бабік, Зб. памяці Слаўскага, 65; ЭССЯ, 6, 188–190); параўн. ст.-рус. пригодити ’дапамагчы’, пригодитися ’спатрэбіцца, быць прыдатным; аказацца, быць; адбыцца, здарыцца’, серб.-харв. пригодити (се), пригађати (се) ’здагадвацца’, балг. дыял. прыга́дам ’дагаджаць, рабіць прыемнасць’, прига́ждам ’тс’, чэш. přihoditi ’дадаць, прыбавіць’, славац. prihodiť ’тс’, рус. дыял. пригоди́ть ’даць магчымасць зрабіць, садзейнічаць, спрыяць’, пск., смал. пригоди́ться, пригожа́ться ’спатрэбіцца’, ’удацца, выпасці; выдацца’, укр. пригоди́ти ’дагадзіць’, пригоди́тися ’здарыцца, адбыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́перці, ‑пру, ‑праш, ‑пра; пр. выпер, ‑рла; зак.

1. што. Выціснуць, выдушыць што‑н. адкуль‑н. Выперці дно ў бочцы. Выперці шыбу.

2. каго. Разм. Прымусіць выйсці, выехаць адкуль‑н.; выгнаць. Выперці дзяцей з хаты. □ Напэўна б сход сарваўся, Але Трэзор Прыдумаў, чым даць рады: За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду, і выперлі нягодніцу на двор. Корбан. // Выключыць, звольніць каго‑н. адкуль‑н. Выперці з установы.

3. без дап. Разм. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперці наперад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пасці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; заг. выпадзі; зак.

1. Вываліцца, упасці. Пісьмо выпала з кнігі. Люлька выпала з зубоў. Выпасці з воза.

2. перан. Знікнуць, страціцца; застацца незаўважаным. Яго прозвішча выпала з памяці. Выпасці з-пад увагі.

3. Упасці на зямлю (пра ападкі). Уначы выпала раса. □ Снег выпаў нечаканы, добры. Танк.

4. безас. Давесціся, здарыцца, дастацца на долю. Машы выпала дзяжурыць апошнія гадзіны. Шамякін. І вось тут выпала мне спаткацца з чалавекам, знаёмства з якім неяк перавярнула мае ранейшыя погляды. Навуменка.

5. Выдацца. Ураджайны выпаў год.

•••

Выпасці на долю чыю або каму — дастацца.

З вока выпасці — не ўбачыць, не заўважыць.

Як выпадзе — як удасца, як здарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нада́рыцца, ‑рыцца, зак.

1. безас. з інф. Прыйсціся, выпасці каму‑н. І вось аднойчы, неяк скора пасля Айчыннай вайны, мне надарылася быць недалёка ад Лапаціч. Пальчэўскі. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка. // Здарыцца, дастацца на чыю‑н. долю. І ўжо трэба ж такому зноў надарыцца: апошні сын вымушаны апрануць на сябе шынель. Гроднеў.

2. Выдацца, выпасці. [Валя:] — Як толькі надарыцца вольная часінка — прыходзьце абавязкова. Я цяпер дома, і клопатаў у мяне мала. Пасядзіце ў садзе, адпачняце... Савіцкі. І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі. Колас. Ноч надарылася цёмная, без аніводнай зоркі на небе. Васілёнак.

3. Трапіцца, сустрэцца. Пакідаць карову нанач адну было рызыкоўна — мог надарыцца звер. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

Разм.

1. Выпадкова сустрэцца, трапіцца. Мабыць, я доўга блукаў бы па гэтых дарогах і сцежках, як у дрымучым лесе, калі б чалавек, якога я хацеў перш-наперш убачыць, не натрапіўся мне сам. Хадкевіч. Пачыналася квартальная справаздача, старшы наш бухгалтар Наўроцкі збіраўся пасля яе пайсці на пенсію, трэба было даць яму некага ў памочнікі. Якраз на гэты час натрапіўся Собіч. Скрыган. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выпадкова знайсціся. [Любе] натрапілася ў рукі адна рэч. Гэта быў зусім змяты і пацёрты заклеены канверт. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдацца, выпасці; надарыцца. Прымаючы ў сваю групу чалавека, Алёша пытаў у яго: — Гарэлку п’еш?.. — Калі натрапіцца, — адказваў часам.. хлопец. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сунуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паказацца адкуль‑н.; выставіцца. Высунуцца з вады. Высунуцца з акопа. □ Машына спынілася на скрыжаванні. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны. Шамякін. // Разм. неадабр. Недарэчы ўмяшацца ў што‑н., выступіць з чым‑н. Ніхто не прыдаваў тут сур’ёзнага значэння таму праекту, з якім .. [Лабановіч] так няўдала высунуўся. Колас.

2. Выйсці, выступіць наперад адкуль‑н. Калі наперад высунуўся Сцёпка, то ён стаў у баявую позу і прыняў вельмі грозны від. Колас. // Выдацца за мяжу чаго‑н. Губы былі да таго сціснуты, што падбародак высунуўся наперад. Бядуля. // Паказацца, з’явіцца. Уперадзе з-за гарызонта высунуўся даўжэзны горны хрыбет. Гамолка. // Разм. Павольна, не спяшаючыся выйсці адкуль‑н. [Маня:] — Куды вы, тата, сабраліся? — От куды-небудзь высунуся з хаты. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыда́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Аказацца патрэбным, спатрэбіцца; падысці. [Арлоўскі] добра разумеў, што яго ваенныя веды і вопыт вельмі прыдаліся б там, у Іспаніі, у барацьбе супроць фашызму. Паслядовіч. [Мілючок:] — У добрай гаспадарцы ўсё прыдасца. Брыль. — Дзякую за [з]ычлівае слова, — пачціва адказаў Лабановіч, — не ведаю толькі, як прыдамся да працы. Колас.

2. Выдацца, здарыцца. Сена, як на тое, прыдалося мурожнае, з дзяцелінай і хвошчыкам. Сачанка. Я дабра не спадзяваўся, Я там праўды не чакаў... Нешчаслівы дзень прыдаўся: У той дзень волю пахаваў. Колас.

прыда́цца 2, ‑дасца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.

1. Дадацца, далучыцца да каго‑, чаго‑н.; перадацца. Змалку Макар быў упарты, а душой як чыстае дзіця — кожны пакрыўдзіць. Цяпер ўпартасці прыдалося. Асіпенка. — Ад тужлівага вока гора малому прыдасца. Савіцкі.

2. Здацца, уявіцца. Як Ганне Сымонаўне прыдалося, яны — старэйшы з маладзейшым — і размаўлялі, а ўсе іншыя проста слухалі. Дубоўка. Я знячэўку падхапіўся нават: Можа, гэта проста прыдалося? Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)