свісту́н, ‑а, м.

1. Той, хто свішча, любіць свістаць. Санька — лепшы свістун на нашай вуліцы. Закладзе чатыры пальцы ў рот ды як дзьмухне — мёртвы падскочыць. Сяркоў.

2. перан. Чалавек, які шмат гаворыць, а мала робіць, які несур’ёзна адносіцца да справы; балбатун. Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды І гэтай вудавай маруды, Во вуды любяць больш паны І, выбачайце, свістуны. Колас. Свет.. [Мані] зачыніўся, як прыехаў гэты свістун [Антось Бандура]. Васілевіч.

•••

Арэх-свістун гл. арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярпе́нне, ‑я, н.

1. Здольнасць цярпець (у 1 знач.), стойка пераносіць жыццёвыя нягоды, нястачу. Жыццё без цемры і цярпення, А ў ясным сонцы, як у байцы, Для ўсіх вякоў і пакаленняў Збудуеш, дыктатура працы. Купала. Жыла .. [Агрыпіна] ціха, нібы адпачываючы ад вялікай цяжкай дарогі, поўнай цярпення і ўсякіх зняваг. Пестрак.

2. Здольнасць доўгі час займацца чым‑н. адным; уменне захоўваць вытрымку, самавалоданне ў чаканні патрэбных вынікаў. Вывесці з цярпення. □ Дзед меў да сецей нахіленне, А вудзіць — не: не меў цярпення І не любіў наогул вуды. Колас. Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, Абрабіць яго трэба з цярпеннем. Багдановіч.

•••

Цярпенне лопнула — вытрымка скончылася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сяля́ва ’рыба сямейства ласасёвых; рапушка еўрапейская’ (ТСБМ), ’рапушка, Coregonus albula L.’ (Касп., Жук., Сцяшк.), селя́ва, сяля́ўка ’тс’, ’сібель’ (брасл., ігн., Сл. ПЗБ), сіля́ўка ’тс’ (лід., шальч., лудз., Сл. ПЗБ), сіля́ва ’рыба накшталт селядцоў, што водзіцца ў вялікіх азёрах’, сіля́ўка ’ўклейка, дробная рыба’ (Нас.), сіля́ўка, селя́вка ’рыба верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (ТСБМ, Дэмб. 2, Жукаў). Укр. селя́ва ’шэмая дняпроўска-азоўская, Chalcalburnus’, рус. пск. села́ва ’верхаводка’, прыпары., кубан. селя́ва ’шэмая; від верхаводкі’, польск. sielawa ’сіг еўрапейскі, Coregonus albula L., верхаводка’. Слова без задавальняючай этымалогіі. Насовіч формы з пачатковым сі‑ выводзіў ад сіляцьвудзіць’: силявочку силяець (Нас., 579), што з улікам фанетыкі і геаграфіі слоў успрымаецца як народная этымалогія. Дапускалі запазычанне з літ. seliavà ’сіг еўрапейскі’, salavà, sel(i)ovà, sélava, sèlava ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 19, 249), збліжэнне з фін. salakka ’верхаводка’ (Праабражэнскі, 2, 271; Карскі, Белорусы, 108). Супраць Фасмер (3, 594), які ўказвае на распаўсюджанне назвы на поўдні; да таго ж літоўскія формы па фанетычных прычынах не спрадвечныя (Буга, Rinkt., 1, 552), лічацца запазычаннямі са славянскіх моў (Фрэнкель, 774), або, прынамсі, іх балцкае паходжанне недастаткова аргументавана (Лаўчутэ, Балтизмы, 148), гл. падрабязней Анікін, Опыт, 275; ЕСУМ, 5, 210 з аглядам версій.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)