гекза́метр, ‑а, м.

Шасцістопны дактылічны вершаваны размер з пастаяннай цэзурай, які склаўся ў антычнай паэзіі. Дзякуючы Максіму Багдановічу ў беларускай паэзіі з’явіліся, побач з гекзаметрамі, александрыйскім і асклепіядаўскім вершамі, выдатныя пентаметры. Майхровіч.

[Грэч. hexámetron ад héx — шэсць і métron — мера.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зверыя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Уст.

1. Жаргонная назва тайнай традыцыйнай развітальнай пагулянкі выпускнікоў кадэцкіх карпусоў і ваенных вучылішчаў з выпіўкай і закускамі.

2. Калектыўны вершаваны твор або песня, падрыхтаваным для такой вечарынкі, дзе ў сатырычнай форме характарызуецца кожны выпускнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верш, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай.

Зборнік вершаў.

Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы, вершаваны радок.

Памер верша.

Раман у вершах.

3. Рытмізаваная мова.

Гаварыць вершам.

Белы верш — верш без рыфмы.

Вольны верш — верш, які не мае рыфмы і характарызуецца няпэўнай колькасцю стоп у радку.

Верш у прозе — невялікі эмацыянальна насычаны твор у празаічнай форме.

|| прым. ве́ршавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пе́сня, -і, мн. -і, -сень, ж.

1. Вершаваны і музычны твор для выканання голасам.

Харавая п.

Жніўныя песні.

Беларускія народныя песні.

2. Пра спевы птушак.

Салаўіныя песні.

Доўгая песня (разм.) — тое, што патрабуе працяглага часу, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад.

Старая песня (разм.) — што-н. даўно вядомае.

Песня спета чыя (разм.) — канец чыйго-н. жыцця, шчасця, поспехаў і пад.

|| памянш. пе́сенька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек, ж.

|| прым. пе́сенны, -ая, -ае (да 1 знач.).

П. матыў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паэ́ма, ‑ы, ж.

1. Вялікі вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Лірычная паэма. □ У першапачатковы варыянт паэмы «Сцяг брыгады» была ўключана невялікая песня-легенда пра музыку-цымбаліста. Гіст. бел. сав. літ.

2. перан. Пра што‑н. прыгожае, велічнае, незвычайнае. Нашы дні — паэмы-былі, Сказ нідзе нячуты. Колас. Сама ты, радзіма, жывая паэма. Глебка.

3. Музычны твор свабоднай формы з лірычным зместам. У канцэртах аркестра гучалі ўсе сімфоніі Чайкоўскага, яго ўверцюры, паэмы. «Беларусь».

[Грэч. póiēma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпе́ўка, ‑і, ДМ ‑пеўцы; Р мн. ‑певак; ж.

1. Кароткі, звычайна чатырохрадковы, фальклорны вершаваны твор лірычнага, злабадзённага або жартоўнага зместу, які выконваецца на пэўны матыў; частушка. Вясёлыя, задорныя прыпеўкі рэхам адгукаліся ў бары. Ваданосаў. Падай хто-небудзь прыклад — і яна пайшла б каля агню ў скокі, падхапіла б самую развясёлую песню, самыя вострыя прыпеўкі. Кулакоўскі.

2. Тое, што і прыпеў (у 1 знач.). З ракі прыляцела раптам прыпеўка папулярнай студэнцкай песні. Мурашка. — Пачынай, Андрэй, твая першая скрыпка... А вы, валачобнікі, далучайцеся да нас: прыпеўку спяваем усе! — не сунімаўся Янка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верш, ‑а, м.

1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.

2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.

3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.

•••

Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.

Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.

Белы верш — тое, што і вольны верш.

Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.

Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

1. Адмяніць, ліквідаваць, прызнаць што‑н. нядзейсным, незаконным. Скасаваць дагавор. Скасаваць шлюб. Скасаваць штатную адзінку. □ [Ленін:] — Мы абяцалі народу мір, абяцалі скасаваць памешчыцкую ўласнасць на зямлю. Гурскі. Задоўга перад вайной раён скасавалі, і мястэчка паступова апусцела. Чыгрынаў. // Выкрасліць, закрэсліць. Скасаваць вершаваны радок.

2. Апратэставаць рашэнне суда ў касацыйным парадку; спыніць судовую справу. Усё падаваў прашэнні [Мудрэйка], падаваў скаргі, пасля зноў прашэнні, каб скасавалі справу. Чорны.

3. Абл. Зрабіць непрыкметным, адсунуць на задні план. Аніс, відаць, каб скасаваць сваю недарэчную выхадку, узяў пад локці Макара і Ёсіпа, якія, крыху збянтэжыўшыся, супыніліся ў парозе, і павёў іх наперад. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паэзіі (у 1, 2 знач.). Паэтычны твор. □ Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ярош. // Уласцівы паэзіі, вершаваны. Паэтычныя формы. Законы паэтычнай мовы. // Які сведчыць пра здольнасць да паэзіі, пра творчы талент. Паэтычнае чуццё. Паэтычны талент. □ З дзіцячых год .. [Самуілу] запомнілася многа добрага, што ўздзейнічала на яго ўяўленне, разбівала паэтычны дар. Каваленка.

2. Прасякнуты паэзіяй (у 3 знач.), поўны хараства, прыгажосці; лірычны. Паэтычны малюнак прыроды. □ Ніколі да гэтага нішто не выклікала яшчэ ў маёй юнацкай душы такога паэтычнага настрою, як рамантычнае жыццё трактарыстаў, начная малацьба і ворыва. Аўрамчык.

3. Надзелены ад прыроды павышанай эмацыянальнасцю, уражлівасцю. Паэтычная натура. □ У 1913 годзе Максім Багдановіч у крытычным аглядзе беларускай літаратуры за 1911–1913 гг. пісаў, што Змітрок Бядуля — «пісьменнік з душой чулай і паэтычнай». Каваленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Па́сма, па́смо, па́сьмо ’некалькі нітак ці валокнаў, складзеных уздоўж’, ’трыццаць нітак’, ’пучок валасоў’ (ТСБМ, Маш., Шат., Касп., Бяльк., Бір. Дзярж.; Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС; слуц. КЭС), ’змятая жменя льну’ (Яруш., Бес., Уладз., Мядзв.), ’галун’ (Яруш.), ’12 пар нітак у кроснах’ (КЭС, лаг.), каслаўка, пучок’ (КЭС, лаг.; Ян.), ’мера палатна ў шырыню’ (кобр., Сл. Брэс.; Ян.), глус. па́сьмяне ’трыццаць нітак’ (Янк. Мат.). Укр. па́смо, рус. пасмо, пасманка, пасменка, па́сменный, пасмёнок, пасменник, польск., н.-, в.-луж. pasmo, чэш., славац. pásmo, славен. pásmo, серб.-харв. па̏смо, макед. пасмо́, балг. пасмо́. Паводле Фасмера (3, 212), прасл. pasmo, якое з’яўляецца роднасным да лат. puõsms, puõsmis ’прасла ў плоце’. Трубачоў (Ремесл. терм., 102–103) лічыць, што прасл. pasmo — другасная форма ў адносінах да больш поўнай pasmę (Р. скл. pasmene), а лат. puõsms ’дробка льну, адбеленая ад кудзелі’, як і літ. põsmas ’пасма’, запазычаны са слав. моў. Адносна апошняга гэтаксама мяркуе і Махэк₂ (436). Аткупшчыкоў (Из истории, 260) сумняваецца ў старажытнасці суфікса ‑*men‑ у гэтым слове і лічыць, што рус. пасменка — больш позняе паводле свайго ўтварэння з другасным суфіксам ‑men‑. Аднак гэтаму, відаць, супярэчыць і наяўнасць бел. глус. па́сьмяне. Адносна этымалогіі прасл. pasmę (< *patsmnen) Трубачоў (Ремесл. терм., 102) выказвае дапушчэнне яго роднаснасці з герм. *faþma‑ ’пэўная колькасць пражы’ (> ст.-в.-ням. fadum, суч. ням. Faden ’нітка’) < і.-е. *pet‑/*pot‑. Іншыя ў якасці роднасных прыводзяць ст.-іран. afsman‑ ’верш (у гатах), вершаваны радок’, пачатак якога afs‑ узыходзіць да pas‑. Гэты корань у авесце азначае ’блытаць; путаць, умацоўваць адно на адным’ (Махэк₂, 436).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)