расхвалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расхваляваць.

2. у знач. прым. Які моцна хвалюецца, бурны (пра мора, возера, раку і пад.). Краіна падобная была да расхваляванага мора, над якім .. грукочуць грымоты. Самуйлёнак.

3. у знач. прым. Які моцна хвалюецца, непакоіцца; расстроены. Апусцілі заслону, выйшаў ніўскі настаўнік, падняў руку, каб суцішыць расхваляваных дзяцей. Пальчэўскі. Расхваляваны ішоў я на ўрок, і на ўроку ў тлумачэннях маіх не было ранейшага складу і ладу. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Нага́льны ’напорысты’, ’тэрміновы’, ’праліўны (пра дождж)’ (Сл. ПЗБ), укр. нагальний ’спешны’, ’раптоўны’, ’бурны, парывісты’. Відаць, можа быць звязана з *naglъ (гл. наглы), якое мае ўсе пералічаныя значэнні. Магчыма, сюды ж і рус. нагал ’заклік, вокліч ці песня ў такт працы’, якое Фасмер (3, 35) выводзіць з гилить ’смяяцца, насміхацца’ і якому ў сваю чаргу адпавядае укр. голити ’прыспешваць, паганяць’ (Брукнер, 133), серб.-харв. галити ’жадаць, прагнуць’ і інш., гл. галіцца (дзе дапускаецца супадзенне ў корані *gal‑ розных па паходжанню лексем).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бурлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Бурны, шумлівы. Васіль бачыў рэкі там, каля свайго дому, але ж такой шырокай не наглядаў нават у самае бурлівае разводдзе. Кулакоўскі. Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Поўны энергіі, шумны, неспакойны. [Лена] ўспамінала бурлівае камсамольскае жыццё ў школе. Лынькоў. Паходня сышоў на перон і адразу ж трапіў у бурлівы паток, які імкнуў паўз нейкія абломкі сцен і часовыя збудаванні. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́йный

1. (бурный) бу́рны; (порывистый) пары́вісты; (сокрушительный) гвалто́ўны;

бу́йный ве́тер пары́вісты (гвалто́ўны) ве́цер;

2. (о растительности) вялі́кі, пы́шны, буйны́;

бу́йные хлеба́ вялі́кая (буйна́я) збажына́;

бу́йный рост трав пы́шны (буйны́) рост траў;

3. (своенравный) буя́ны; (сумасшедший) шалёны, звар’яце́лы;

бу́йный хара́ктер буя́ны (шалёны) хара́ктар.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дзейны, актыўны, інтэнсіўны; дзелавы, неўгамонны (разм.); чынны, неўгамаваны (абл.); неспакойны, нястомны, нястрымны, няўрымслівы, неўтаймаваны, гарачы, кіпучы, бурны, жывы (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Буя́ць ’буйна расці; расці ў лісце, бацвінне, на націну, салому’ (БРС, Арх. Бяльк., слонім., КЭС, лаг., Інстр. I, Сцяшк. МГ, Гарэц., Жд., Інстр. III, Мат. Гродз., Янк. II, Янк. III), ’рыкаць (пра вала)’ (Арх. Бяльк., слонім.), ’гудзець; лётаць з гудзеннем’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.), ’ярка гарэць’ (Гарэц.), ’лятаць, парыць’ (Гарэц.), ’буяніць, шалець’ (Сцяц., Бяльк., Булг.). Рус. буя́ть ’разрастацца’, укр. буя́ти ’буйна расці, разрастацца і г. д.’, польск. bujać, чэш. bujeti ’хутка, буйна расці’, серб.-харв. бу́јати ’буйна расці’, балг. буя́, буя́я ’тс’ і г. д. Прасл. *bujati ’тс’. Старая этымалогія (Міклашыч, Türk. El., 1, 268): запазычанне з цюрк. bujumak ’расці’ вельмі няпэўная. Звычайна лічыцца вытворным ад і.-е. кораня (базы) *bheu̯ā‑ ’быць, расці’ (гл. быць), Параўн. і такія і.-е. формы, як ст.-інд. bhū́yān ’большы, мацнейшы і да т. п.’ Сюды ж і вытворнае *bujьnъбурны, буйны, пышны і г. д.’ Гл. Мейе, Études, 378, Траўтман, 40; Фасмер, 1, 234; Бернекер, 98; БЕР, 2, 96; Слаўскі, 1, 49.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сель1 ‘дасюль’: вады было роўна сель во (брасл., Сл. ПЗБ), ц.-слав. сель ‘так, настолькі’, сюды ж ст.-бел. селико ‘столькі’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав. селико ‘столькі’. З се (гл. сей) + ль, часціца, што ўзыходзіць да канцавой партыкулы *‑lě/*‑li, параўн. рус. досе́ль ‘дасюль’ (ESJSt, 13, 798; Фасмер, 1, 531), часціца ‑ко яку серб.-харв. ко̏лико ‘сколькі’.

Сель2 ‘расколіна ў дрэве’, селява́ты ‘пра дошку з расколінай’ (Сл. рэг. лекс., Чэрн.). Параўн. балг. сель ‘раскапаная зямля з руданосным пяском’. Ад *sědlь < *sed‑ (гл. сядзець) з суф. ‑lь; адносна суф. параўн. Слаўскі, SP, 1, 105. Відаць, архаізм, параўн. прасе́ліна ‘шчыліна’ (Некр. і Байк.), рус. рассе́лина ‘расколіна’, ст.-славац. rozsedlina ‘расколіна; правал’, што ўзводзяцца да *sědati sę ‘пукацца, трэскацца’; з іншым вакалізмам ст.-чэш. saděl, sadel ‘сечаная рана’, гл. ESJSt, 13, 803; Фасмер, 3, 445; інакш адносна балгарскага слова БЕР, 6, 600 (з тур. selбурны паток’). Параўн. яшчэ каш. sedla ‘расколіна, рыска ў лёдзе’ (< *sědlʼa, SEK, 4, 255).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

неспако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не жадае спакою; няўрымслівы, мяцежны. І рашыў будаваць Неспакойны салдат Гідрастанцыю На трыццаць пяць кілават. Куляшоў. Скончылася кіно, і з клуба на калідор хлынула і расплылася па вестыбюлі неспакойнае мора студэнцкай моладзі. Адамчык. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неспакойны характар. □ Акіліна гатова была паверыць, што ў жыцці яе павінны адбыцца нейкія перамены, пасля якіх вальней і радасней будзе яе неспакойнаму сэрцу. Вітка.

2. Які адчувае і выказвае трывогу, хваляванне. [Антось] вярнуўся ў амбулаторыю хвілін праз дваццаць, вельмі неспакойны. Мележ. // Які выражае неспакой, трывогу. Неспакойныя думкі. □ Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

3. Поўны трывогі, неспакою. Трымаць.. [стрэльбу] дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Колас. Сны неспакойныя, нядолі поўныя, Спаць не даюць мне начамі. Купала. // Такі, на якім няма спакою. Атрад Кавалевіча быў на самым неспакойным участку. Мележ. Было неспакойнае начное дзяжурства, а потым гэтакі ж цяжкі быў дзень. Васілевіч.

4. Які знаходзіцца ў хваляванні, бурны (пра з’явы прыроды). Шумелі дрэвы ў гарадскім садзе. Неспакойны вецер кідаўся над горадам. Самуйлёнак. Гальфстрым! Я нават ў чую яго подых Гарачы, неспакойны, ад якога Аж застагналі рэі парахода З трывогай. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.

2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.

3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.

•••

Шчодрай рукой — не шкадуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. □ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. □ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)