даба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., каго-што і чаго.

Дадаць таго, чаго дзе‑н. не хапае, або прыбавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць. Дабавіць цукру ў чай. // а таксама пра што і з дадан. сказам. Сказаць ці напісаць што‑н. у дадатак. Калі ўжо гутарка зайшла, і я дабаўлю пра асла. Бачыла. — Дабавім, што вучыліся ў старой Чыжэвіцкай школе, бо новая толькі ў гэтым годзе пачне працаваць. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асяло́к ’змаршчок’ (Інстр. II); вясё́лка ўказваецца як варыянт назвы побач. Асноўнае выкарыстанне назвы вясёлка не для абазначэння змаршчка (Morchella), а як назва грыба Phallus impudicus (вясёлка, сраматнік), але, зважаючы на тое, што і ў іншых мовах ёсць такія пераносы назваў (ням. Morchel ’змаршчок’ і Stinkmorchel ’вясёлка, сраматнік’), і тут можа ісці размова аб пераносе. Калі першапачаткова вясёлка — назва змаршчка, магчыма, звязана з тым, што гэта першы вясенні грыб (параўн. вяселік ’жаваранак’), калі ж першапачаткова гэта назва сраматніка, магчыма, у ёй адлюстраваліся адносіны да непрыстойнасці знешняга выгляду гэтага грыба. Калі ўлічыць цяжкасць фанетычнага тлумачэння асялок з вясёлка, трэба дапусціць тую ці іншую сувязь асялок ’змаршчок’ з асялком ’тачыльным каменем’, магчыма, па знешняму выгляду (асабліва калі гэта назва не змаршчка, а сраматніка); нельга выключаць і сувязь з асілкамі, якія, паводле пэўных паданняў, уходзілі ў зямлю. Гл. вясёлка, асілак, асла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сядло́, а́; мн. сёдлы (з ліч. 2, 3, 4 сядлы́), ‑аў; н.

1. Сядзенне для конніка, якое мацуецца на спіне каня, асла і пад. Сядло на кані пабялела ад снегу: коннік гадзіны тры не сядзеў на ім. Мележ. Набыць адразу так шмат сёдлаў і адпаведных коней было даволі нялёгка. Брыль. Ваяка меў цудоўнага каня. На тым кані ён вецер абганяў. Сядло ўсё пазалочана на ім, вуздэчка ўся ў зіхценні залатым. Дубоўка. // Скураное сядзенне матацыкла, веласіпеда. Рэзка тузануўшы нагою рычаг, Казімір завёў матацыкл, сеў на сядло. Краўчанка.

2. Назва розных дэталей для апоры, насадкі чаго‑н. Сядло клапана.

3. Прадаўгаватая ўпадзіна між дзвюма вышынямі ў горным хрыбце. Сядло Эльбруса.

•••

Выбіць з сядла гл. выбіць.

Як свінні сядло (падыходзіць) — зусім не пасуе (не падыходзіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Асі́лак ’міфалагічная істота, волат; чалавек вялікай фізічнай сілы’. Рус. сіб. осилок ’сілач’, польск. osiłek ’тс’ (паводле Карловіча «з Літвы»). Пра міфалагічных асілкаў гл. Л. Бараг, Беларуская казка, Мн., 1969, 71–91. Можна лічыць слушным аднясенне слова асілак да ўласнабеларускай лексікі (Курс суч., 147). Этымалагічна няясна. Сувязь з дзеясловам асіліць (параўн. ст.-польск. usilca ’гвалціцель, грабіцель’) няпэўная насуперак «відавочнасці» па прычыне няяснасці ў гэтым выпадку словаўтваральнага тыпу (словы на ‑ак з ‑ъкъ ці ‑окъ, якія ўтвораны ад дзеясловаў, не абазначаюць звычайна жывыя істоты, хаця параўн. некаторыя агентыўныя словы ст.-рус. съвѣдъкъ, рус. подпи́лок, напилок; ездо́к, едо́к, седо́к маюць іншы націск, а парабак, падробак — іншае словаўтварэнне). Іванаў–Тапароў (Бел. лекс., 59) звязваюць асілак з асла ’камень’ і ўсёй індаеўрапейскай групай слоў тыпу ст.-ісл. hamarr ’молат’, ст.-іранск. asman ’неба’, ст.-інд. aśman ’камень’, што патрабуе ўдакладненняў. Мартынаў–Міхневіч («Маладосць», 1970, 7, 149) высоўваюць гіпотэзу пра сувязь слова асілак з балг. осил ’асцюк’, гоцк. ahs ’колас’, лічачы такое семантычнае развіццё паралельным бел. волат і валотка, ням. Riese ’волат’ і Reis ’парастак’, што выклікае пярэчанні, бо ў гэтым выпадку недастаткова тлумачыцца частка ‑іл‑, а памяншальная семантыка ‑ъкъ ці ‑окъ таксама патрабуе тлумачэнняў у сувязі з семантыкай ’волат’. Застаецца няясным пры гэтым, як тлумачыць выпадзенне элемента ‑t‑ (параўн. ‑ц‑ у асцюк).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mula ’цёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)