кухар, повар, кулінар / у вайсковай часці ці ў рабочай арцелі: кашавар

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́роста, рус. ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж. starosta ‘стараста абшчыны’, славац. starosta ‘тс’, чэш. starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус. староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл. *starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фінансі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Спецыяліст па вядзенню фінансавых аперацый. Рахункавод у сельскагаспадарчай арцелі — люстра, фінансіст, кантроль! «Беларусь». // Спецыяліст у галіне фінансавых навук. І здзіўляўся стары фінансіст (ён так называў сваю прафесію), нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын.. смяецца з яго прапановы. Брыль.

2. Уладальнік фінансаў, капіталаў; капіталіст, банкір. Там у гасцінай сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома,.. яго поўная млявая жонка,.. важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна, — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арце́ль, ‑і; Р мн. ‑ей; ж.

Аб’яднанне асоб той або іншай прафесіі (рамяства) для супольнай працы з удзелам у даходах паводле дамоўленасці і агульнай адказнасці таварыства. Рыбалавецкая арцель. □ Арцель — гэта шырока распаўсюджаная ў Расіі форма таварыства, прасцейшая форма свабоднай кааперацыі, падобная да той, якая існуе ў паляўнічых плямён у часе палявання. Энгельс. Арганізацыя арцелі па асушцы Рэгелеўшчыны ўзняла вялікі шум. Чарнышэвіч.

•••

Сельскагаспадарчая арцель — форма калектыўнай гаспадаркі сацыялістычнага тыпу, добраахвотнае аб’яднанне сялян на аснове абагульнення асноўных сродкаў вытворчасці для вядзення калектыўнай працай буйной калектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці; калгас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.

2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.

3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.

4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.

5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́раста, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — адміністрацыйна-службовая асоба, якая прызначалася або выбіралася для вядзення спраў якой‑н. абшчыны, арцелі і пад. Царкоўны стараста. □ Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці. Колас. Люба — адна дачка і адно дзіця ў свайго бацькі; і бацька яе не абы-хто, а сельскі стараста. Мурашка. // У час Вялікай Айчыннай вайны — службовая асоба, якая назначалася акупантамі ў сельскай мясцовасці. Гітлераўцы прапанавалі яму [Шаройку] стаць старастам. Шамякін. Потым паказаўся стараста з двума нямецкімі салдатамі. Пальчэўскі.

2. Асоба, якая выбіраецца або прызначаецца з асяроддзя вучняў, студэнтаў для нагляду за выкананнем дысцыпліны, правіл унутранага распарадку ў класе, гуртку і пад. Стараста гуртка. Стараста класа. □ Стараста прыродазнаўчага гуртка Яша ажно прысягаў перад сябрамі, што Чмыхун — не звычайны вожык. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.

1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».

2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.

[Лац. statutum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Размеркаваць, раздзяліць (на часткі, групы і інш.). Падзяліць рэспубліку на вобласці. Падзяліць хату на дзве палавіны. □ [Дзед:] — Хіба можна бясконца зямлю дзяліць?.. Падзялілі ўздоўж, падзеляць упоперак, а тады што?.. Галавач. Чайную фабрыку пакінулі для агульнага карыстання, а плантацыю падзялілі. Маўр. Праз некаторы час вучняў падзялілі на арцелі. Шыловіч. // Размеркаваць паміж кім‑н., дзелячы на роўныя долі. — Я падзяліў сыры і сала між таварышамі... Бядуля. [Камісараў:] Падзяліце хлеб на ўсіх. Маўзон.

2. Зрабіць падзея маёмасці, гаспадаркі. [Міця:] — Надзелы драбнелі, а людзі множыліся. Як было бацьку падзяліць тры дзесяціны на трох сыноў? Навуменка.

3. Аддаць частку свайго каму‑н. Хадзем, дачка, са мной, — З табой усё, што маю, падзялю я. Астрэйка. І напалам кавалак хлеба З табой па-брацку падзяліў. Прыходзька. // перан. Аддаць, уступіць каму‑н. што‑н. Падзяліць першае і другое месца. Дзеці не падзялілі мячыка.

4. перан. Перажыць што‑н. разам. Мы ўсе — Радзімы мужныя салдаты, Мы з ёй падзелім цяжкі лёс. Бачыла. Так і не падзяліла маці Марынінай радасці. Шахавец. // Далучыцца да чужых поглядаў, выказаць згоду. Падзяліць думкі аўтара.

5. Зрабіць дзеянне дзялення (у 2 знач.). Падзяліць трыццаць на шэсць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́нькі, ‑ая, ‑ае.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.

2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.

3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.

4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)