душы́цца 1, душуся, душышся, душыцца; незак.

1. чым і ад чаго. Задыхацца (ад кашлю, смеху, слёз і пад.). Душыўся .. [Міхалкаў бацька] кашлем доўга, аж заходзіўся. Чорны. На беразе стаялі Алік і Валерык і аж душыліся ад смеху. Шашкоў. // Прагна, паспешліва есці. Немец аж душыўся гэтай сытай ядой, недалікатна напіхаючы повен рот. Чорны. // перан. Разм. Карміцца аднастайнай ежай (звычайна нізкаякаснай). Душыцца поснай бульбай. // перан. Цяжка і многа працаваць. На пятнаццаць гадзін з дня ў дзень душылася [маці] на фабрыцы за кавалак хлеба. Якімовіч. // перан. Разм. Жыць у цеснаце. — Багацейшая ды мацнейшыя сем’і ўжо ў хатах. Ну і мне надакучыла ў зямлянцы душыцца з сям’ёй. Чарнышэвіч.

2. Штурхацца ў цеснаце, у натоўпе. Людзі душыліся, піхаліся, імкнуліся стаць бліжэй да каменя. Пестрак.

3. Зал. да душыць ​1 (у 1, 6 знач.).

душы́цца 2, душуся, душышся, душыцца; незак.

Апырсквацца або націрацца духамі, адэкалонам. Душыцца адэкалонам. Часта пачаў душыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прывык, ‑ла; зак.

1. Набыць прывычку да чаго‑н.; прывучыцца рабіць што‑н. Прывыкнуць да працы. □ Відаць было, што гэтыя стварэнні [малпы] прывыклі ўжо рабіць рукамі разнастайныя рухі. Маўр. Яго ўсе прывыклі клікаць — Ладымер Паляруш. Чорны. — Абручоў то хопіць, а клёпкі трэба рыхтаваць. — Гутарыць сам-насам .. [бондар] прывык даўно. Чарнышэвіч. // Засвоіць што‑н. як абавязковае, звычайнае. З даўніх год ён прывык да таго, што гаспадаркай займаецца жонка. Бядуля. Рамантык, чалавек адкрытай душы, Алік змалку прывык бачыць у людзях толькі прыгожае, добрае. Дадзіёмаў.

2. Асвоіцца, асвойтацца з кім‑, чым‑н. Першы раз .. [качка] спалохалася, узляцела, а потым прывыкла да Мікіткі. П. Ткачоў. Паступова Якаў прывык да сваёй машыны, стаў добра на ёй ездзіць, толькі даглядаць не надта любіў. Кулакоўскі. Спачатку Саша палохалася [начных птушак], нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі. Шамякін. // Адчуць сімпатыю, прывязацца да каго‑н. Хлопцы так прывыклі да ветлівай бабулькі, што вельмі часта наведвалі яе. Чарнышэвіч. Выправіўшы Міколу, дзед Лукаш моцна засумаваў. Ён прывык да яго, як да роднага сына. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што, за кім-чым, з дадан. сказам і без дап. Разглядаць, глядзець збоку, не ўмешваючыся; сузіраць. Назірае Міхась праз акно святочны натоўп, думае свае думы. Лынькоў. Прэзідэнт моўчкі назіраў за хвалюючай сустрэчай гэтых двух вучоных, якія жылі ў розных капцах свету, ніколі не бачылі адзін аднаго і вось, сустрэўшыся, былі рады, як брат брату. Гамолка.

2. каго-што, з дадан. сказам і без дап. Сустракаючыся з кім‑, чым‑н., заўважаць яго ўласцівасці, асаблівасці і пад. — Мяне тут паставіла партыя, — з новым запалам сказаў Паходня, — і паставіла не для таго, каб я раўнадушна назіраў падзеі. Хадкевіч. // Бачыць, наглядаць. Ля Міхаськавага станка часта можна пазіраць і яшчэ больш прывабны малюнак. Кулакоўскі.

3. каго-што, за кім-чым і без дап. Даследаваць, вывучаць. Назіраць зацьменне Сонца. Вучыць школьнікаў назіраць. □ Я вандрую па той краіне, дзе жыву, вывучаю яе прыроду, назіраю за жыццём яе звяроў і птушак. В. Вольскі.

4. за кім-чым. Пільнаваць, даглядаць, каб не здарылася чаго‑н. дрэннага. Назіраць за дзецьмі. □ Міхал узяў лапату, укінуў у завалачнае акно пяску, насыпаў яго таксама на парог, які тут жа паволі пачаў нібы зацягвацца шклом. — Цяпер добра, — сказаў ён падручнаму, — але назіраў, за шлакам. Карпаў. // Сачыць за кім‑, чым‑н. Алік і Валерык употай пазіралі за хлопцам. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Ступіўшы назад, убок, аддаліцца, адысці ад каго‑, чаго‑н. Сяўрук ужо адступіў крыху назад, бо нехта, мусіць знячэўку, разоў два сыпануў яму на ногі мокрай, напалам з глеем зямлі. Кулакоўскі. — Кр-рам-нёў? — усклікнуў Алік і адступіў на крок назад, нібы хацеў лепш разгледзець хлопца. Шашкоў. // перан. Стаць больш аддаленым ад чаго‑н., адсунуцца. Паплылі сіняватыя дымкі, весела затрашчала, разгараючыся, сучча. Паляна нібы пашырылася, цемень адступіла ў бакі. Сіняўскі. // перан. Стаць менш важным, менш значным. Адступіць на задні план.

2. Адысці назад пад націскам праціўніка, пакінуўшы свае ранейшыя пазіцыі. Чые гарматы страляюць, .. [Пракоп] не ведаў, але цяпер ён быў упэўнены, што нашы не адступілі. Якімовіч.

3. перан. Адмовіцца ад сваіх намераў, задум; спасаваць. Тыя ж людзі, што зрабілі.. [шлях], праявіўшы ў працы сапраўдны подзвіг, у другой справе здаліся, адступілі перад значна меншым і цяпер, выходзіць, смяяліся самі з сябе. Ракітны. Я ўжо рашыў дазволіць.. [жанчыне] спатканне, але нешта ўстрымлівала мяне сказаць ёй пра гэта адразу, адразу адступіць перад ёю. Васілевіч.

4. перан. Перастаць прытрымлівацца чаго‑н.; парушыць што‑н. прынятае, устаноўленае. Адступіць ад жыццёвай праўды. Адступіць ад плана.

5. Разм. Паменшыцца; адлегчы; спасці. Нарэшце мароз адступіў — сад дацвітаў. Васілевіч.

6. Пішучы, друкуючы, пакінуць месца ад краю ліста. Адступіць на 2 сантыметры ад краю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прае́хаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; зак.

1. Перамясціцца ў якім‑н. напрамку (на кані, аўтамашыне і інш.). Сурвіла горадам праехаў паволі, каб не трэсла па бруку. Чорны. Падпольшчыкі праехалі па шашы, пасля, кіламетры праз два, збочылі. Новікаў. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (аб транспарце). Праедзе грузавік, даверху нагружаны бульбай, прамчыць матацыкл. І наступае цішыня. Навуменка. Падвода крыху праехала ў бок лесу і спынілася. Курто. // Прабыць некаторы час у дарозе. Праехаць пяць гадзін. // Разм. Адправіцца куды‑н. на чым‑н.; паехаць. [Дырэктар:] «Канікулы, няхай хлопцы праедуць у горад, ды і прывучыць іх трэба да самастойнасці, каб ведалі, як і што». Нядзведскі. [Мароз:] — Думаю, Васільевіч, праехаць па калгасах, ярыну паглядзець, як узышла. Лобан.

2. што і без дап. Едучы, мінуць, пакінуць убаку, ззаду. Праехалі яшчэ дзве-тры вёскі. Усюды панавала стоеная цішыня. Навуменка. [Машыністы] праехалі міма вакзала, міма таварнай канторы, мінулі гідраўлічную калонку... Васілёнак. // Едучы, пераадолець якую‑н. адлегласць. — Можа нам па дарозе? — Мне ў Варавец, — сказаў Залуцкі. — Тады якраз палавіну дарогі праедзеш. Чыгрынаў. // Едучы, пераадолець што‑н. Праехаць балота. □ — Добры шафёр усюды праедзе, — запэўніў Алік. Кулакоўскі. // што. Едучы, прапусціць патрэбны прыпынак, пункт, не спыніцца, дзе трэба, у час язды. Нехта праехаў сваю станцыю. Праспаў, прахапіўся на наступнай. Лужанін.

3. Праехацца, пракаціцца. У час летніх канікул юнак гадзінамі прападаў каля трактарыстаў, і для яго было вялікай радасцю праехаць у кабіне машыны. Шымук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Паставіць, прысунуць блізка да чаго‑н. — Сядай тут, — сказала гаспадыня Ванюі прыставіла к ложку зэдлік. Кулакоўскі. Мы з Лёнем ўсталі, узялі яшчэ тры крэслы і прыставілі да свайго століка. Сабаленка.

2. што. Прыхіліць да чаго‑н., прыперці. Міканор вынес з гумна загадзя падрыхтаваную лесвіцу. Прыставіў да страхі, на самы рог гумна. Мележ. [Люда і Аржанец] прыставілі веласіпеды да сцяны і ўжо ішлі сюды. Брыль. // Вельмі наблізіць, прыкласці да чаго‑н. Клара прыставіла сціснутыя кулачкі да грудзей, і яе ўзбуджаны твар пачаў чырванець. Б. Стральцоў. Бацька прыставіў «буржую» рэвальвер да ілба. Лынькоў.

3. што. Далучыць, дадаць што‑н. новае да чаго‑н., ужо зробленага; паставіць дадаткова. Алік затрымаў на .. [сказах] свой удумлівы пагляд, затым абмакнуў .. пяро і прыставіў яшчэ па клічніку. Кулакоўскі. — Патрэбен план?! А ўзяць жа скуль?.. — Прыставіў к лічбе справа нуль. Маеўскі. // Прыбудаваць. Увішныя цімкаўцы грукалі сякерамі, складаючы зруб. Яны далі пару новых вянцоў і прыставілі тры сценкі да сянец старой Фэлькавай хаты. С. Александровіч.

4. каго-што. Прызначыць для нагляду, назірання, для аказання якіх‑н. паслуг. Прыбавіць няньку. □ Сабралі мы гэтых паноў, сагналі ў адно месца, варту прыставілі. Якімовіч. Хлопцы замкнулі Клышэўскага ў свіран і прыставілі вартаваць Петэра. Броўка. // Даручыць каму‑н. якую‑н. справу, работу. Спачатку прыставілі мяне падручным да каваля, у кузню. Пянкрат. — Марнее наш Стасік, — не раз гаварыла маці. — Хоць бы яго да якой работы прыставіць. Няхай.

5. каго-што. Разм. Прывесці, даставіць каго‑, што‑н. як доказ, для доказу. — Я поўнае сяло сведак прыстаўлю, што я з мужыкоў, сын наймічкі і нават не ведаю, хто мой бацька. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)