раскату́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Абудзіцца ад сну. — Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.. Пятрусь, хоць і глухаваты і спіць яшчэ моцна, раскатурхаўся хутка, сцяміў, у чым справа. Брыль. Язэп доўга не мог раскатурхацца ад сну, і таму Кастусь запрагаў каня сам. Якімовіч. // перан. Выйсці са стану пасіўнасці, разварушыцца. Шнураў канчаткова раскатурхаўся пасля бакала шампанскага, заспяваў «А ў полі вярба», усе падхапілі і дружна праспявалі песню. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ачну́цца, ачнуся, ачнешся, ачнецца; ачнёмся, ачняцеся; зак.

1. Прачнуцца, абудзіцца. Як ачнуўся, была ўжо раніца. Краўчанка. / у перан. ужыв. Вось толькі няхай падгуляе, няхай ачнецца ў .. [дзеда Мікіты] яго маладая бунтоўная кроў, — не выцерпіць, прасуне рукі ў камяні-жарнавікі і пойдзе з гэтымі камянямі, як з лёгкімі кацёлкамі, упрысядкі па хаце. Колас.

2. Апрытомнець, апамятацца. Калі.. [Палазок] ачнуўся, пякучы боль быццам аціх, але ўсё цела дрыжала, а ў галаве моцна шумела. Колас. // Выйсці са стану глыбокай задуменнасці, забыцця; схамянуцца. Казімір ачнуўся ад успамінаў, якія прамільгнулі перад ім кароткімі малюнкамі,.. і рвануў краёчак канверта. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адклі́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адказаць на чый‑н. зварот, кліч; адазвацца, адгукнуцца. Затрашчала галлё — пранёсся водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Гартны. // Падаць пра сябе вестку. Колькі ні пісалі, а ён [лётчык] не адклікнуўся. Дайліда. // Прагучаць у адказ; адазвацца адгалоскам. Горы адклікнуліся рэхам.

2. Выявіць пэўным чынам свае адносіны да чаго‑н. Горача адклікнуліся камуністы на ленінскі наказ. // Выказаць спачуванне, гатоўнасць садзейнічаць чаму‑н.

3. Абудзіцца, выявіцца пад уплывам чаго‑н. (пра ўспаміны, пачуцці). Чыё можа сэрца адклікнуцца песняй, Дастойнай тваёй маладосці пачэснай? Глебка. — Ой, што ты робіш! — сказала.. [дзяўчына], і ў маім сэрцы адклікнуўся яе звонкі, нейкі гуллівы голас. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аджы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. Пражыць, адслужыць свой час. Прыходзіла бабуля, уздыхала, жалілася на хваробы і старасць: глядзі ж, беражы сябе, дзетка, мы ўжо аджылі сваё. М. Стральцоў. // перан. Адысці ў мінулае, ліквідавацца. Не пакладайцеся на цуды, Бо аджылі свой век яны. Колас. [Апановіч:] — Фёдар Андрэевіч, добрая яна рэч — каса, а ўсё ж аджыла яна сваё. Кірэйчык. // Перастаць адпавядаць патрабаванням сучаснасці; устарэць.

2. Вярнуцца да жыцця, стаць зноў жывым; ажыць. Не мала прайшло часу, пакуль, нарэшце, з рота і носа Казіка пайшла вада. Яшчэ некалькі хвілін — і ён дыхнуў. — Аджыў, бедненькі, — сказала бабка Аксіння і заплакала. Чарнышэвіч. // Аднавіць сілы, зрабіцца бадзёрым, трапіўшы ў іншыя ўмовы.

3. Абудзіцца з надыходам вясны, ажыць, зазелянець. Прайшоў дождж, і аджыла ніва. // Пажвавець, акрыяць духам. Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі па чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ажы́ць, ажыву, ажывеш, ажыве; ажывём, ажывяце; зак.

1. Вярнуцца да жыцця; зноў стаць жывым, аджыць. І вось зараз, каб так давялося І бабулька мая ажыла, Дык пачула б, што ў нашую вёску Песня зноў з Украіны прыйшла. Чарнышэвіч.

2. Абудзіцца з надыходам вясны, аджыць, зазелянець. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра разбіўся. Лужанін. // Разм. Зноў набыць адчувальнасць, здольнасць дзейнічаць (пра часткі цела). // Пажвавець, акрыяць духам.

3. перан. Зноў стаць бадзёрым, жыццярадасным; ажывіцца, павесялець. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі. Чорны.

4. перан. Праявіцца з новай сілай; адрадзіцца (пра думкі, пачуцці, уяўленні і пад.). У чалавека ажыла прага да ратунку. І тое, што ў ратунак ён не верыў, яшчэ больш павялічвала яго імкненне. Чорны. І адразу ў піянераў Ажыла размовы плынь: Як патрэбна жыць, каб змераць Свет завоблачных вышынь? Кірэенка.

5. Напоўніцца жыццём, рухам, дзейнасцю. Страсянула старая званком — і ў адзін момант усё ў школе ажыло, загуло, як у раістым вуллі. Кулакоўскі. Дарогі раптам ажылі. Абозы раненых і бежанцаў пайшлі, Як хвалі, бурай гнаныя, на ўсход. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)