абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.

1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.

2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.

3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.

1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.

2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.

3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.

•••

(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблажы́ць, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

1. Абкласці каго‑, што‑н. з усіх бакоў; акружыць чым‑н. Аблажыць градку дзёрнам. Аблажыць хворага падушкамі.

2. Аздабляючы, упрыгожваючы, пакрыць паверхню чаго‑н., чым‑н.; абліцаваць. Аблажыць сцены мармурам. // Абкантаваць, абшыць па краях. Аблажыць аксамітам рукавы і каўнер.

3. Пакрыць, ахінуць суцэльнай заслонай; абвалачы. Ён [цягнік] збавіў ход імклівы трошкі, Адхоны дымам аблажыў. Калачынскі. / у безас. ужыв. Усё неба аблажыла. // безас. Пры хваробе пакрыць (горла, язык) белым налётам. Горла аблажыла.

4. Акружыць войскам; асадзіць. Аблажыць крэпасць. □ Мала таго, што рэспубліку аблажылі з усіх бакоў інтэрвенты і белагвардзейцы, — на яе насоўваецца жахлівая здань голаду. Гамолка.

5. Абавязаць да выплаты чаго‑н. Аблажыць падаткам.

6. Адвярнуць, апусціць, расправіць. Аблажыць каўнер.

7. Разм. Паваліць, абваліць; забіць. Сабак жа завёў, што каня аблажыць могуць. Кірэйчык. Ён слухаў разам з намі воўчыя песні і расказваў, як учора ноччу конюх у іх на участку з кладоўкі праз акно аблажыў аднаго старога канятніка. Пташнікаў. // Зрэзаць, ссячы. Аблажыць сасну. □ Гектараў трыццаць мужчыны ўжо аблажылі, і яна [трава] ляжыць у пракосах. Сабаленка.

8. Разм. Груба аблаяць. Гальяш, не вытрымаўшы, аблажыў сялян моцным слаўцом. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)