Трэ́ці — парадкавы лічэбнік ад тры (ТСБМ, Бяльк., Касп., Байк. і Некр., ТС; в.-дзв., лід., Сл. ПЗБ), треццій, тре́цьцій ‘тс’ (Нас., Бяльк.), ‘асабіста не зацікаўлены ў тым, што датычыць дзвюх асоб, пабочны; не галоўны па значэнні, трэцярадны’ (ТСБМ); трэ́цяе ‘салодкая страва’ (там жа), трэці род ‘родныя акрамя роду маладога і маладой на вяселлі’ (д.-гарад., Дзеяслоў, 2009, 1, 85), трэ́ця стрэ́ча ‘траюрадныя браты і сёстры’ (воран., Сл. ПЗБ), трэ́цяя нядзе́ля ‘трэцяя квадра’ (пух., Жыв. сл.), ст.-бел. третий, тредтий, третей, трети, треттий, треций, третий ‘трэці’ (ГСБМ). Параўн. укр. тре́тій, рус. тре́тий, польск. trzeci, палаб. tritĕ, н.-луж. tśesi, в.-луж. třeci, чэш. třetí, славац. tretí, славен. trétji, харв. trȅći, серб. тре̏ћи, балг. трѐти, макед. трет(и), ст.-слав. трети. Прасл. *tretьjь ‘трэці’ (ЕСУМ, 5, 632) ці (поўная форма) *tretьjьjь (Сной₂, 782), якая развілася з і.-е. *tre‑t(i) i̯o, утворанай ад асновы колькаснага лічэбніка м. р. *tréi̯es ‘тры’ (< tr‑ei‑es), ад якой паходзіць таксама прасл. *trьje ‘тры’ (м. р.), і суф. *‑t(i)i̯o (Борысь, 648; Махэк₂, 657). Індаеўрапейскія адпаведнікі прасл. *tretьjь узыходзяць да дзвюх формаў: tre‑ (літ. trẽčias, лат. trešs) або да *tr̥‑tii̯os ці *tri‑tii̯os: ст.-прус. tírts, ст.-інд. tr̥tíyas, авест. ϑritya‑, тахар. В trit, гоц. þridja, лац. tertius (< *tritīos), ст.-грэч. τρίτος, алб. tretë. Дапускаецца, што ‑e‑ ў гэтай аснове, магчыма, узыходзіць да больш старога ‑i‑ (параўн. лічэбнік ж. і н. р. *tri < і.-е. *trih₂ — гл. Сной₂, 782; Каруліс, 2, 428; Скок, 3, 500–501): вед. trī ‘тры’, лац. trī‑gintā ‘трыццаць’. Сюды ж трацяк, траціна, траціны2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і уздыму, уздымеш, уздыме; пр. узняў, ‑няла, ‑ло; заг. узнімі і уздымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. (з зямлі, падлогі і пад.). [Чалавек] абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. Караткевіч.

2. Падняць, аддзяліць ад зямлі і пад., маючы столькі сілы, каб утрымаць (што‑н. цяжкае). Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Узнялі, зрушылі. Колас.

3. Падняць уверх, перамясціць у больш высокае становішча. Высока ўзняўшы ўгору рукі, маладая жанчына вешала на .. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. Завуч узняў акуляры на лоб і ўставіўся на Косцю. Карпюк. Захожы здзіўлена ўзняў шырокія калматыя бровы. Быкаў. / Пра парус, сцяг. Свет не забудзе сцяга над рэйхстагам: Нялёгка нам узняць было яго. Панчанка. // перан. Разм. Ставіць каго‑н. у больш высокае грамадскае становішча. [Клава:] — Там .. [Гаравы] быў і райком, і пракурор, і міліцыя. Усё разам. Хоць і там [у партызанах] яго вайна высока ўзняла. Асіпенка. // Падцягнуць уверх і замацаваць. Узняць заслону. // Загнуць уверх край чаго‑н. Бяжыць уперадзе дзяўчына, узняўшы падол. Колас.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Я зашпіліла гузікі старога плашча, узняла каўнер, але ад гэтага ніколькі не пацяплела. Савіцкі. Аляксей узняў капот — матор увесь пабіты. Новікаў. Дзядок, што першым зайшоў у вагон, гаспадарліва ўзняў сярэднюю лаўку і перагаворваўся з жанчынамі. Даніленка. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (галаву, вочы і пад.). [Саша і Пеця] спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў. Шамякін. [Студэнтка] ўзняла вочы да столі, нібы дзесьці там прачытала адказ. Прокша. Цаліна ўзняла свой светлы, прывабны твар. Кавалёў. // Узвысіцца дзе‑н., над чым‑н. Блішчыць рака. Гамоніць гай, Узняўшы ў неба кроны. Калачынскі. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

5. Прымусіць устаць, скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Узняць полк у атаку. □ Канваіры ўзнялі нявольнікаў, пагналі далей. Ставер. Іх [людзей] узняў па трывозе Цімох з кірмаша на пажар. Куляшоў. // Разбудзіць, прымусіць устаць з пасцелі. А заўтра ўзніме на світанні касцоў ледзь чутны звон травы. А. Вольскі. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. (з нары, гнязда і пад.). Максім жа не загінуў ад звера, як гэта думалі людзі. Узняўшы з бярлогі мядзведзя, ён падштурхнуў яму ў лапы пана, а сам накіраваўся ў балоты. Машара. // Прымусіць каня перайсці на рысь, галоп і пад. Лёня нават Мяцеліцу ўзняў па рысь, успомніўшы белабрысы, падзюбаны воспай твар свайго начнога хаўрусніка. Брыль. // Падняць уверх (пыл, снег і пад.). Снегавы пыл, што ўзняў грузавік Стаева, даўно сплыў за дарогу, растаў сярод кедраў. Савіцкі. / у перан. ужыв. Узняць у душы віхор пачуццяў. // перан.; на што. Натхняючы, схіліць да актыўных дзеянняў. Узняць масы на датэрміновае выкананне плана. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагопаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Узняць шум. Узняць паўстанне. Узняць плач. □ Надзя ў слёзы, цешча ўголас. Узнялі такі лямант, што Валодзька мусіў адкрыць карты. Гроднеў. Летам парабак панскі, Цімох Загула, узняў бунт у маёнтку, як прыйшоў з вайны... Куляшоў. І стала ёй [Аксінні] млосна, і села яна. Суседка трывогу ўзняла. Вярцінскі. // Падняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Шукаючы «красу, і светласць, і прастор», усё-ўсё светлае, што даваў паэту яго час, узняў .. [Багдановіч] у сваёй паэзіі. Лойка.

7. Зрабіць больш высокім. Узняць узровень вады. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах. [Паходня:] — Калі хочаш ведаць, дык я застаюся ў Старыцы, каб памагчы табе зноў узняць аўтарытэт эмтээс. Хадкевіч.

8. Павялічыць, павысіць. Узняць прадукцыйнасць працы. Узняць цэны. Узняць культурны ўзровень. □ — Знізіць крывую расцэнак, Якасць узняць вышэй!!! Лявонны. [Арэшка:] — Як, скажам, гэтыя мерапрыемствы павярнуць, каб надоі ўзняць? Пянкрат. // Падняць, павысіць (пра голас). — Не баюся я цябе! — апошнія словы .. [Аўгіня] сказала ўзняўшы голас. Колас. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой. Васілевіч.

9. Наладзіць, палепшыць (што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узняць гаспадарку. □ Наш Гомель — краса Беларусі, Цябе мы з руін узнялі, Табе ў вяках красавацца На роднай квяцістай зямлі. Русак. [Сяргей:] — Разеітая жывёлагадоўля ўзніме эканоміку калгаса. Шахавец. // Пабудаваць, паставіць што‑н. Ён [Ільіч] верыў, што мінуць нягоды І што свабодны чалавек Узніме новыя заводы, Пакорыць плынь магутных рэк. Смагаровіч. Манумент мы гэты ўзнялі, Каб не забываць сыноў і дочак, Што з франтоў дадому не прыйшлі, Але з намі ў будучыню крочаць. А. Астапенка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). Да нас у госці май прыходзіць, Як той старанны гаспадар, — Глядзіць, як поле наша родзіць, Ці ўзнялі ўвесь мы свой папар. Купала. Я быў упэўнены, што .. [Язэп] можа за лета ўзняць цаліну на некалькі вёрст. Бядуля.

11. перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць па ногі. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага. Цяпер Вацлаў быў у шостым класе. Караткевіч.

12. звычайна безас. перан. Узлаваць, вывесці з сябе. Выйшла [Дуся] разам з Віктарам, а гуляць не захацела. Віктара гэта ўзняло. Сташэўскі.

•••

Не ўзняць вачэй — не паглядзець ні на кога.

Узняць вочы — тое, што і падняць вочы (гл. падняць).

Узняць галаву — тое, што і падняць галаву (гл. падняць).

Узняць голас — тое, што і падняць голас (гл. падняць).

Узняць меч (зброю) — тое, што і падняць меч (гл. падняць).

Узняць на належную вышыню — давесці да высокага ўзроўню дасканаласці.

Узняць на ногі — тое, што і падняць на ногі (гл. падняць).

Узняць на штыкі — тое, што і падняць на штыкі (гл. падняць).

Узняць руку па каго-што — тое, што і падняць руку на каго-што (гл. падняць).

Узняць сцяг — тое, што і падняць сцяг (гл. падняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драць, дзяру, дзярэш, дзярэ; дзяром, дзераце, дзяруць; незак., каго-што.

1. Раздзяляць на часткі, на кавалкі; раздзіраць. Драць на шматкі. Драць паперу. □ [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. // Зношваць да дзірак (адзенне, абутак).

2. Выдзіраць, адрываць. Драць мох. Драць мёд. □ [Нямка] я ведаў з самага маленства, колькі гадоў жыў з ім побач, пасвіў коні, драў карэнне на кашы. Кулакоўскі. // Знімаць, аддзяляць тонкімі пласцінамі. Драць дранку. Драць лыка. Драць кару.

3. Драпаць, рабіць драпіны чым‑н. вострым; уздзіраць. Добра, калі зямля трапіцца мяккая, — тады работа ідзе хутка. А сустрэнецца цвёрдая — дзяруць .. [ластаўкі] па чарзе кіпцюрамі, дзяруць і нічога не выходзіць. Пальчэўскі. Сухая лыжка рот дзярэ. З нар. Новая мятла чыста мяце, ды падлогу дзярэ. З нар. // Разм. З сілаю церці, націраць што‑н. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ [Ганька] ліпавым луццем ногі. Васілевіч. / без дап. Пра тупыя інструмент. Брытва дзярэ.

4. Ірваць, забіваць (пра драпежных звяроў, птушак). Каршун дзярэ кураня. □ Сава лятала па начы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы, — Сама там драла іх, сама ж і галасіла. Крапіва.

5. Раздрабняць, церці на тарцы. Драць бульбу на бліны.

6. Ачышчаючы ад шалупіння, рабіць з зерня крупы. Драць ячмень на крупы. // Размолваць буйна зерне, робячы крупы. Драць крупы.

7. і без дап. Разм. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне. Перац дзярэ ў горле. □ Тытунь быў свой, а не куплёны, І драў ён горла, як шалёны. Колас.

8. перан.; і без дап. Разм. Браць за што‑н. празмерную плату, назначаць высокую цану. — Не, ты адказвай, — загарачыўся раптам Міця. — Зацягнуў нас сюды, каб мы па дваццаць капеек з людзей нізавошта дралі. Курто.

•••

Вочы драць — нападаць, зласліва накідвацца на каго‑н.

Вуха (вушы) дзярэ — тое, што і вуха (вушы) рэжа (гл. рэзаць).

Драць (ірваць, надрываць) горла (глотку) — моцна гаварыць, крычаць, пець.

Драць нос — важнічаць, задавацца.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) — браць высокую цану, абіраць, эксплуатаваць.

Казлы драць — ванітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Аберагаючы, не даць чаму‑н. прапасці, знікнуць; зберагчы цэлым. Захаваць дзяржаўную маёмасць. □ — Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка. Якімовіч. Музей збудуйце вокнамі да сонца. Там захавайце да драбніцы ўсё. І першую сваю калгасную заяву,.. І плуг, што межы разараў навекі. Танк. // Не змяніць, пакінуць у ранейшым выглядзе. Тое лясніцтва — глухі куток Беларусі, — у якім служыў Васіль, захавала, у сабе яшчэ старыя парадкі. Колас. — Маіх ты не мог абмераць, — адказаў Чарныш, — бо мае, як і большасць тут людзей, не хацелі дзяліць калгас, а стараліся захаваць яго цэлым. Кулакоўскі. // Шануючы, падтрымліваючы, прадоўжыць існаванне чаго‑н. Захаваць нацыянальную незалежнасць. Захаваць традыцыі. // перан. Утрымаць (у памяці, у сэрцы); запомніць. [Заранік], калі б куды ні ездзіў, заўсёды стараўся захаваць у памяці ўражанні, факты, сустрэчы з людзьмі. Хадкевіч.

2. Зберагчы ад псавання, знішчэння. Захаваць ураджай. Захаваць прадукты ад цвілі. // Зберагчы ад пагібелі, небяспекі; не даць загінуць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька,.. сказаў, папрасіў: — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Лынькоў. — Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Паслядовіч.

3. Застацца ў якім‑н. стане, становішчы, не страціць якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Захаваць знешні спакой. □ [Сцёпка] хоча захаваць сур’ёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супроць усіх. Колас.

4. Разм. Пакласці, размясціць так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схаваць. Хітры «Козлік» захаваў .. [раненых] у нейкай глушы. Брыль. Сівыя валасы .. [Тэкля] старанна захавала пад хустку. Краўчанка. // Закрыўшы сабою, схаваць. Чорнае густое шчацінне пакрывала яго бараду і шчокі.. Вусы захавалі верхнюю губу. Чарнышэвіч. // перан. Схаваць, утаіць (думкі, пачуцці і інш.). Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне. Гартны. Ты ж захавай сваё гора У сэрцы глыбока, Каб не зацьміць ім Ні сонца, ні светлага неба. Тарас.

5. Прытрымліваючыся пэўных правіл, норм і пад., дакладна выканаць. Захаваць умовы дагавору. Захаваць дысцыпліну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папа́сціся, ‑падуся, ‑падзешся, ‑падзецца; ‑падзёмся, ‑падзяцеся; пр. папаўся, ‑палася; заг. пападзіся; зак.

1. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (звычайна непрыемных). — Нічога цяпер не паробіш... — ідучы за Віктарам, вінавата гаварыў Іван. — Прыйдзецца ўсё аднесці дырэктару. Прыходзь вечарам да мяне... — Няма дурных, — сказаў Віктар.. — Сам папаўся, сам і выкручвайся. Васілёнак. — Куды [едзем]? — перапытаў Барыс і ўхмыльнуўся. — Папаўся ты, брат. Едзем мы на свята песні, ведаеш такое? Жычка.

2. Быць схопленым, злоўленым на чым‑н., выкрытым у чым‑н. — Я тут табе лістоўкі перадам, — панізіла голас Алаіза.. — Ты зможаш раздаць рабочым?.. Толькі асцярожна, каб не папаўся. Арабей. — Што, на кражы папаўся? — спытаў [капітан] у паставога міліцыянера. Паставы далажыў аб здарэнні. Капітан слухаў уважліва, сяды-тады паглядаючы на Віцю. Якімовіч. // Быць затрыманым, сустрэтым з намерам выкрыць што‑н., паквітацца за што‑н. і пад. — А-а, фашысты, папаліся! — злосна працадзіў праз зубы Барыс і доўгай чаргой секануў па казарме. М. Ткачоў. // Быць злоўленым (пра жывёл). Мужчыны ціха падводзяць сетку пад бераг і топчуць. Вось папаўся першы шчупак. Невялічкі, але для пачатку няблага. Жычка.

3. Сустрэцца, знайсціся; трапіцца. І зноў папаліся лісічкі — раз, другі, а потым у бярэзніку.. знайшоў я абабак і брылястыя чырвоныя сыраежкі. М. Стральцоў. Нам, што б там ні было, трэба сёння дабрацца да Закружнага. Аўтобус мы празявалі, а выпадковых машын не папалася. Пянкрат.

•••

Папасціся (трапіць) на вочы (вока) каму — з’явіцца ў полі зроку каго‑н., нечакана ўбачыць, сустрэць каго‑н.

Папасціся (трапіць) на вудачку — даць магчымасць падмануць, ашукаць, правесці сябе.

Папасціся на язык каму — стаць прадметам размоў, абмеркавання. Пападзіся цяпер [Марозу] на язык які Шэмет — жартачкамі душу выняў бы. Лобан.

Папасціся (трапіць) у лапы каго, чые, каму — апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму — а) апынуцца ў залежнасці ад каго‑н.; б) быць злоўленым, схопленым кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. прынёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. Колас. У давяршэнне роскашы, старая прынесла з прыпека .. гаршчок з соллю, зачэрпала жменю на стол, а гаршчок так і пакінула. Брыль. Бацька прынёс дахаты Новы буквар каляровы. Аўрамчык. // перан. Прыйшоўшы, з’явіўшыся, даставіць, унесці што‑н. новае або паведаміць што‑н. [Ліда] прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Шамякін. Нават палонныя, і тыя прынеслі сюды сваю гаворку. Чорны. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязінкай у вачах. Пестрак.

2. Данесці, даставіць куды‑н. цячэннем вады, ветрам. — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш, або вецер яго не прынясе, не пасее. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. З вуліцы прынесла густы бензінавы гар з пылам. Пташнікаў.

3. З’явіцца прычынай чаго‑н.; выклікаць (як вынік). Прынесці карысць. Прынесці заспакаенне. □ Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч. — Не, сапраўды, — сказала адна з дзяўчат, — сваім пытаннем вы прынеслі нам вялікую прыемнасць. Хадкевіч.

4. безас. і ў спалучэннях са словамі «бог», «чорт». Разм. Пра нечаканы, непажаданы прыход каго‑н. — А дзеверка, а родненькі, як жа бог цябе сюды прынёс? Сабаленка. Якраз жа і нампаліта прынесла, — нахмурыўся .. [Бабейка] і скамандаваў: — Бутэлькі і шклянкі, хлопцы, пад канапу і — ні гу-гу! Хадкевіч. — Каго там прынесла ў такую пару? Корзун.

5. Са шматлікімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем якога‑н. дзеяння, адпаведнага значэнню назоўніка. Прынесці клятву. Прынесці падзяку.

•••

Прынесці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) гл. скласці.

Прынесці ў ахвяру каго-што — ахвяраваць кім‑, чым‑н., адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)