раздзе́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раздзець.

2. у знач. прым. Без адзення; адзеты не па сезону. І я з паўгадзіны гойсала раздзетая па колкім сакавіцкім снезе, ледзь ногі не памарозіла. Лось. // Які адчувае патрэбу ў адзежы. Былі мы босы і раздзеты, Смерць вораг кры[ламі] прасцёр. Мы за Рэспубліку Саветаў Пайшлі аддаць сваё жыццё. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлу́чнік, ‑а, м.

1. Разм. Той, хто разлучыў, разлучае блізкіх адзін аднаму людзей. — Я праклінаю таго разлучніка, які стаў тады нам упоперак дарогі, як чорны прывід. Сабаленка.

2. Абл. Мужчына, які развёўся з жонкай. [Люба:] — Ды і хлопцаў пасля вайны не так што і было. А за якога разлучніка ісці... [Валянцін:] — Што там разлучнік? Вось Жана на дзеці пайшла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскалашма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.

Разм. Разбіць, растрапаць. Валейбольнага мяча не было. Яго за зіму раскалашмацілі меншыя Тарабаны. Навуменка. // Разбіць, разграміць у бойцы. [Сяляне:] — Мы звяжамся там з партызанамі і разам раскалашмацім пару камендатур. Галавач. — Эх, была б рацыя, — уздыхнуў Сяргей. — Зараз жа паведамілі б нашаму камандаванню, дзе .. [нямецкіх лётчыкаў] асінае гняздо. Тут іх і раскалашмацілі б... Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распраме́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

1. Асвятліць чым‑н. Сонца распраменіла наваколле. // звычайна ў форме дзеепрым.; перан. Ажывіць, асвятліць якім‑н. пачуццём, настроем і пад. Вера з Максімам сядзелі ўжо на канапе. Максім трымаў яе за руку, глядзеў у распрамененыя радасцю вочы і ўсё расказваў, расказваў. Машара.

2. Зак. да распраменьваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. распух, ‑ла; зак.

1. Моцна апухнуць; ацячы. Чыжык вельмі пахудзеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Лупсякоў. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.

2. перан. Разм. Моцна павялічыцца ў памерах. Ручай распух і выйшаў з берагоў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассціла́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разаслацца.

2. Размяшчацца на вялікай прасторы. Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку сінеў лубін. Шамякін. Абапал дарогі рассцілаліся зялёныя лугі. Мядзёлка.

3. Слацца нізка над паверхняй чаго‑н. Дым ішоў у глыбіню лесу і рассцілаўся там па зямлі. Кулакоўскі.

4. Зал. да рассцілаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́тмістр, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — афіцэрскі чын у кавалерыі, які адпавядаў чыну капітана ў пяхоце, а таксама асоба ў гэтым чыне. Сярод усіх стаяў на каленях .. у мундзіры ротмістра блакітных уланаў сам граф Браніслаў Ельскі. Пестрак. Парог пераступіў жандарскі вахмістр з ліхтаром у руках, за ім тры гарадавыя, чалавек у цывільным і жандарскі ротмістр. Колас.

[Польск. rotmistrz.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сатка́ць, ‑тку, ‑тчэш, ‑тчэ; ‑тчом, ‑тчаце, ‑ткуць; зак., што.

1. Вырабіць, ткучы; выткаць. Табе вышыла сарочку цветам васільковым І саткала паясочак з нітак каляровых. А. Александровіч. Дзяўчаты сядзелі дома, рыхтавалі кросны. Рыхтавала і Лісавета. Трэба было да вясны саткаць усё тое, што было спрадзена за зіму, каб не стаялі ў хаце кросны. Чарнышэвіч.

2. Зрасходаваць, ткучы. Саткаць усю пражу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сказа (у 2 знач.). Сказавы стыль. □ Атмасфера паэм — сказавая, апавядальная, усе яны пабудаваны як «гісторыі». Бярозкін. З асаблівасцей дэмакратычнага сказа або сказавай формы апавядання выцякаюць і паэтычныя асаблівасці рытмікі верша Багушэвіча. Ларчанка. Трэба дадаць пры гэтым, што сказавую манеру твора чытач прыняў за просталінейны расказ аўтара пра сябе. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смярдзю́чы, ‑ая, ‑ае.

Які вылучае смурод; смуродны. Іван сеў побач з Гэляю, Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Грахоўскі. Хворы Нор тры тыдні ляжаў паміж гарачымі катламі, на кучы смярдзючай прамасленай паклі. Шамякін. // Які насычаны смуродам, прапах ім. А вось жа брала яна мяне за душу. І мяне, і ўсіх, хто слухаў у смярдзючым бараку светлую музыку. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)