трысці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Сцяблінка трыснягу. Я ўспомніў, што татары ў часы паходаў перабіраліся цераз глыбокія рэчкі па дне з трысцінкай у зубах. Карпюк.
2. Тонкая палачка для апоры пры хадзьбе. У лагер палонных .. [Вейс] прыйшоў сам. Важны, святочна апрануты, надушаны адэкалонам і з трысцінкай у руцэ. Ракітны.
3. Тонкая пласцінка ў бёрдзе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушы́ць, ушыю, ушыеш, ушые; зак., што.
1. Прышыць, прымацаваць. Залатала матка.. [Міхасёву] сярмягу, ушыла гузікі. Колас. // Прышыць, зашыць што‑н. унутр, устаўляючы ў што‑н. Яшчэ днём у мяшок з толам ушылі гранату «лімонку», да канца яе прывязалі сто метраў кабелю. Карпюк.
2. Паменшыць памеры чаго‑н., забраўшы лішняе ў швы. Пілотка была вялікая, і яе ўшылі. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шматабяца́ючы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа каштоўных якасцей і таму падае вялікія надзеі. Шматабяцаючы студэнт. Шматабяцаючы хірург.
2. Які заключае ў сабе намёк на што‑н., якое‑н. абяцанне; які прадракае што‑н. значнае. Шматабяцаючы позірк. □ Быў і сорам, які змагаўся з пачуццём вострай, шматабяцаючай цікаўнасці. Брыль. [Маіны] словы прыносілі.. [Мікалаю] нешта балюча блізкае, шматабяцаючае і таксама балюча недасяжнае... Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.
1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.
2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.
3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́чытаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Даведацца пра што‑н. з прачытанага. Вычытаць навіну. □ Дзесьці я вычытаў, што людзей заўсёды аб’ядноўвае тое аднолькавае, што ў іх на душы. Карпюк. [Міхалючок:] — Тут пра што хочаце вычытаеце. Чорны. // Прачытаць уголас для агульнага ведама; зачытаць. Дырэктар школы абвясціў вечар адкрытым, вычытаў па спісе, каму ў прэзідыум. Сабаленка.
2. Чытаючы, зверыць, выправіць тэкст. Вычытаць рукапіс, гранкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атлёт, ‑а, М ‑лёце, м.
Разм. Быстры, рашучы, лоўкі, адчайны малады чалавек. Дзеўка яна [Ганна] не цаца была, а Ванька — атлёт. Век бы ён Ганны не ўзяў, каб на Грыбава дабро не пагнаўся. Брыль. [Мітрафан:] — Слаўны, братка, у цябе сувязны. Атлёт! Бажко. У гэтым стомленым, азызлым і, мусіць, маральна зламаным чалавеку цяжка было пазнаць былога віленскага фарсуна, атлёта і бадзёрага прыгажуна-мужчыну. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́тлівы, ‑ая, ‑ае.
Ласкавы, далікатны, прыветлівы. [Містэр Лаян] быў паважны, не маладога ўжо веку чалавек, заўсёды акуратна адзеты, ветлівы, з прыемнымі манерамі. Лынькоў. Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома. Мележ. // Поўны ласкі, прыязнасці, добразычлівасці. — Ну, як у вас справы, дзяўчаты? — запытаўся дырэктар у студэнтак маладжавым, ветлівым голасам. Карпюк. Пан Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ажы́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ажывіць.
2. у знач. прым. Вясёлы, бадзёры, узбуджаны. Калі Віктар адышоў, Мая, усё яшчэ ўзрадаваная, ажыўленая, са шчаслівымі іскрамі ў вачах, хапіла Мікалая за руку і засмяялася. Карпюк. Грукаючы ботамі, у пакой забег ажыўлены Валодзя. Даніленка. // Які выяўляе ажыўленне. Ажыўлены погляд. Ажыўленая ўсмешка. // Цікавы, жывы, займальны. Ажыўленая размова. // Поўны руху, мітусні, дзейнасці; шумны. Ажыўлены парк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выпра́ва, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выпраўляць 2 — выправіць 2 (у 1, 3 знач.).
2. Экспедыцыя, экскурсія, паход і пад. Падводы здаліся нам патрэбныя, калі мы складалі план выправы. Карпюк.
3. Абл. Рэчы, якія рыхтуюцца для таго, хто ідзе (едзе) у дарогу. // Пасаг у выглядзе хатніх рэчаў. Дасць маці выправу: падушку Ды кубел стары з палатном. Купала.
4. Тое, што і выпраўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць і каме́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.
1. Рабіць камякі, ляпіць што‑н. з чаго‑н. мяккага, рыхлага. Камячыць шарыкі з паперы. □ Іван сядзеў на ложку, камечыў у зубах папяросу. Грахоўскі.
2. Сціскаць у камяк, мяць (звычайна пры хваляванні, перажыванні). Коля сядзеў, вінавата, нізка апусціўшы галаву, і камячыў шапку. Карпюк. // Націскаючы на што‑н., рабіць няроўным, мятым. Камячыць сукенку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)