рэкамендава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак., каго-што.

1. Станоўча характарызуючы каго‑, што‑н., прапанаваць выкарыстаць на службе, рабоце і пад. Рэкамендаваць настаўніка. Рэкамендаваць кнігу. □ [Кавалёў:] — Я выклікаў вас па важнай справе. Мне рэкамендавалі вас як добра пісьменнага чалавека. Чарнышэвіч. // Даць (даваць) каму‑н. пісьмовы станоўчы водзыў для ўступлення ў якую‑н. арганізацыю ці паступлення на працу. Камуністы, якія некалі рэкамендавалі .. [Карніцкага] у партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад! Паслядовіч.

2. Параіць (раіць), прапанаваць зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. Рэкамендаваць заняцца спортам.

3. Назваць (называць) пры знаёмстве. Тым часам Генрых падаў руку, пачаў рэкамендаваць мяне студэнту. — Браніслаў! — неахвотна кінуў той, вітаючыся. Карпюк. [Ларыса:] — Хадзі сюды, Люба... Ты, можа, незнаёма з маім фурманам — рэкамендую. — А фурман скочыў з перадка, падбег і ўхапіў Любіны рукі. — Ігнась!.. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гра́цыя, ‑і. ж.

1. Прыгажосць формы, позы, рухаў цела. Ва ўсёй постаці Званцовай было столькі грацыі і хараства, што ад яе цяжка было адвесці вочы. Рамановіч.

2. Шырокі эластычны жаночы пояс, які ахоплівае торс і падтрымлівае грудзі.

3. Уст. паэт. Красуня, прыгажуня. — Быць у Панямоні і не пабачыць вас, трох грацый, панямонскіх красунь, было б злачынствам з нашага боку, — пажартаваў Лабановіч. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́тлівы, ‑ая, ‑ае.

Ласкавы, далікатны, прыветлівы. [Містэр Лаян] быў паважны, не маладога ўжо веку чалавек, заўсёды акуратна адзеты, ветлівы, з прыемнымі манерамі. Лынькоў. Гаспадыня аказалася простаю і ветліваю, і старая неўзабаве адчула сябе як дома. Мележ. // Поўны ласкі, прыязнасці, добразычлівасці. — Ну, як у вас справы, дзяўчаты? — запытаўся дырэктар у студэнтак маладжавым, ветлівым голасам. Карпюк. Пан Богут ветлівым паклонам Гасцей вітае дарагіх. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».

Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. У філасофіі — які існуе толькі ў свядомасці, у ідэях, ва ўяўленні.

2. Які адпавядае ідэалу; узвышаны, незямны. [Праекты] былі залішне прыгожыя і ідэальныя і зусім не лічыліся з магчымасцямі часу і людзей. Карпаў.

3. Разм. Вельмі добры, дасканалы, узорны. Ідэальная машына. Ідэальная сям’я. Ідэальныя ўмовы. Ідэальная чысціня. □ — У яго вачах — вы ідэальны чалавек... Ён хваліць вас заўсёды. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́хвасцень, ‑сня, м.

Разм. пагард. Той, хто ліслівасцю, услужлівасцю хоча заваяваць чыю‑н. прыхільнасць; падхалім, угоднік. Фашысцкія прыхвасні. □ — Вы, таварышы, едзеце на хлебанарыхтоўкі. Гэта ўсё роўна, што вы едзеце на фронт. Дык будзьце ж там пільнымі, змабілізаванымі, каб кулакі і іх прыхвасні не ашукалі вас. Сабаленка. Зацвярджаўся нейкі панскі прыхвасцень грамадскім солтысам або яшчэ якой шышкай,.. — таксама склікалі людзей на сход. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассо́хнуцца, ‑нецца; пр. рассохся, ‑сохлася; зак.

Высахнуць да такой ступені, каб утварыліся шчыліны. — Бяры, Антось, ты човен гэты. Рассохся трохі ён за лета. Колас. — Хачу вады ў балею нанасіць, каб не рассохлася. Зуб. // перан. Разм. Разладзіцца, расстроіцца. [Маці — Андрэю:] — Зося вучыцца пачне. Яна ж збіраецца ў інстытут. І вяселле ёй тады не да ладу стане. Баюся, каб яно не рассохлася ў вас. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ска, ‑і, ДМ со́сцы; Р мн. ‑сак; ж.

Тое, з чаго або тое, што даюць ссаць дзіцяці (трубка з гумы ў выглядзе саска). Плача ў калысцы з соскай пустой дзіця. Танк. — Біць вас трэба, такіх матак. Дзіця галоднае, а яна сядзіць і чырванее, як дзяўчынка. Пара ўжо кінуць саромецца, мілая мая. Соску трэба .. Дзе соска? Няма? Эх, ты! — завіхалася спрытная мачыха. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турба́цыя, ‑і, ж.

Разм. Турбота, клопат. — Калі пан ужо верне нам затокі, мы прынясём самай лепшай рыбы нашаму настаўніку за турбацыю, — гаворыць дзядзька Есып. Колас. [Сомік:] — За тваю турбацыю я табе аддзякую, я дарэмна не хачу. Крапіва. [Караль:] — Эх, дзеткі .. Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі, .. пакуль вас у людзі вывесці. Гартны. Аддаў поп пану грошы. — Вось яны, — кажа. — Давайце мне цяпер за турбацыю [тое], што дакляравалі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэрмо́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння тэмпературы ў пэўных адзінках (градусах). [Наталля:] Пакажыце вашу тэмпературу. (Глядзіць на тэрмометр). Усё ў парадку. Я думала, ці можна вас адпраўляць. Крапіва. // перан. Пра тое, што вымярае, паказвае змены ў сферах грамадскага жыцця. [Фрэйда:] — Вялікі гонар быць на чырвонай дошцы. Вялікая ганьба — на чорнай. Чырвона-чорная дошка як бы тэрмометр нашай працы. Бядуля.

•••

Ставіць тэрмометр гл. ставіць.

[Ад грэч. thermē — цяпло, гарачыня і merteō — вымяраю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)