Вы́дма ’дзюна, пясчаны ўзгорак’ (БРС), вы́дзьма ’тс’ (Яшк., капыл.); ’частка засеянага поля, занесеная пяском, пясчанае поле’ (Выг. дыс., малар.). Укр. вы́дма ’пясчанае месца, з якога ў ветраную пагоду заносіць пяском суседнія палі’, польск. wydma ’дзюна, асабліва на марскім беразе; месца, занесенае пяском’, каш. vidma ’гарыстае і неўрадлівае поле’. Да дзьмуць, выдзьмуць (гл. Брукнер, 86). Форма выдма (параўн. рэгулярнае выдзьма ад выдзьмуць) можа быць і запазычаннем з польск. wydma. Параўн. яшчэ польск. dmy ’дзюны’ ад таго ж кораня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лано 1 ’палажэнне рукі для накладання на яе бярэмя дроў’ (пух., Сл. паўн.-зах.), ’абярэмак, ахапак дроў, бацвіння і інш.’ (ст.-дар., Сл. паўн.-зах., Нар. сл., Мат. Гом.), ланом, на лане ’на руцэ, на руках’ (Янк. I), петрык, лано, лоно ’зжатыя або скошаныя збожжавыя памерам як на сноп, але яшчэ не звязаныя’ (КЭС). Да лона (гл.).
Лано 2 ’калені’, ’спадніца, падол’ (Мат. Гом., Мат. Маг.; паўдн.-мін., Сл. паўн.-зах., БНТ, Лег. і пад.). З ладно (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лотва ’чарада, плойма (дзяцей)’ (Касп.), рус. пск. лотва некрещеная! — лаянка; ’шалёнае зборышча’, польск. Lotwa ’Латвія’. Лексема паходзіць ад этноніма як абагульняючае слова для мноства людзей (з незразумелай мовай). Параўн. яшчэ рус. пск. латыш ’чалавек, які гаворыць неразборліва’. Паходзіць з незасведчанай у балтыйскіх помніках назвы для краіны і яе насельніцтва *Latuvā, Latvā (Атрэмбскі, Gramatyka, 1, 3), параўн. назву вёскі Лотва Мядзельскага р‑на, ст.-бел. Лотва (у Стрыйкоўскага) і інш. Больш падрабязна гл. Непадкупны (Связи, 151–152).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лоцман ’чалавек, які адказвае за стан усіх плытоў’ (гродз., Нар. сл.), ’асоба, якая праводзіць судны па фарватэры’ (ТСБМ). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 83), запазычана з рус. мовы, у якой гэта запазычанне з гал. loodsman ці з с.-н.-ням. lôtsman (< англ. loadsman) у эпоху Пятра I (Фасмер, 2, 525). Аднак лоцманъ сустракаецца яшчэ ў пск. і смал. летапісах XV–XVII стст. (Філін, Происх., 612), таму можна гаварыць пра самастойнае і больш ранняе запазычанне ў ст.-бел. мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляпя́нка, ліпʼя́йка, лыпʼя́нка, лыпля́нка, ляплёнка, ляпонка ’жылая глінабітная пабудова’, ’зямлянка’. Укр. ліпля́нка, ліпʼя́нка ’хата з гліны’, польск. lepianka, lepʼånka, lepi̯onka ’тс’, ст.-польск. lepianka, lepionka ’нешта злепленае’, каш. lepʼȯnka яшчэ азначае ’гліняная падлога’, ’гліняная пабудова’; чэш. ходск. lepenka ’гліна, змешаная з саломай і вотруб’ем, якой абмазваўся вільчык страхі’. У зах.- і паўд.-слав. мовах гэта лексема мае значэнне ’кардон’, ’толь’, ’наклейка’. Узыходзіць да прасл. формы lěpjen‑ъka ’нешта злепленае’ (Слаўскі, 4, 162). Да ляпі́ць (гл.) < прасл. lěpiti ’мазаць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́длуґ, во́длуг ’паводле, у параўнанні’ (Мал., Шат., Сцяц., Жд., Янк. Мат.), вэ́длуг (тураў., Выг. дыс.), вэ́длук (Бір. Дзярж.). Ст.-бел. ведлугъ (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. według (< vъ‑dъlg‑, vъ‑dьig‑; аб польскім слове гл. Брукнер, 90). Бел. форму водлуг можна лічыць адаптацыяй (першая частка трансфармавалася паводле ўсх.-слав. во‑ < въ). Таму вельмі няпэўнымі здаюцца меркаванні Яшкіна, Бел.-польск. ізал., 154–155 (форма ‑длуг ясна ўказвае на польскую фанетыку: długi). Гл. яшчэ Булахаў, Веснік БДУ, № 1, 1973, 59–61.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гадаты́вус ’рэзанёр, гаварун’ (ужывалася пераважна шляхтай, Нас.). Запазычанне з польск. gadatywus ’тс’. Гэта апошняе ўтворана ў польск. мове на базе дзеяслова gadać ’балбатаць, гаварыць’ і суфіксальнай часткі ‑tywus (паводле лац. слоў на ‑t‑ivus). У польск. мове гэта спачатку, можа, жартоўнае ўтварэнне (параўн. яшчэ іншыя лацінізаваныя польскія ўтварэнні ад gadać — gadateusz, gadeus ’гаварун’). Але бел. гадатыўка ’гаваруха, гаварлівая (гаворыцца пераважна ў колах шляхты)’ (Нас.) ўтворана на беларускай глебе ад гадатывус (у польск. мове слова gadatywka няма, гл. SW).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав. *galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр. га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Глузд ’розум, развага’ (БРС). Рус. глузд, укр. глузд. Слова, якое вядома толькі ва ўсх.-слав. мовах (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 155–156). Архаічнасць структуры слова (можна меркаваць, што тут маем вынік першапачатковай экспрэсіўнай гемінацыі: *glud‑d‑ > *gluzd‑; гл. у Трубачова, там жа), нягледзячы на тое, што даная лексема зафіксавана на абмежаванай тэрыторыі, дазваляе аднесці яе да ліку праславянскіх. Суадносіцца з лексемамі *gluda, *gluta (так ужо ў Бернекера, 1, 309). Параўн. яшчэ глузды́ ў Касп.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гуз 1 ’гуля, нарост’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.), ’тупы канец снапа’ (Нас.). Прасл. *gǫzъ, *guzъ (падрабязна агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 91–92) з’яўляецца экспрэсіўным утварэннем, роднасным грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gūžis ’качан’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 343; Слаўскі, 1, 380–381; Траўтман, 101–102; Фасмер, 1, 471–472.
Гуз 2 ’гузік’ (Шатал.). Ст.-бел. кгузъ, гузъ, кузъ ’тс’ (Булыка, Запазыч.). Або запазычанне з польск. guz ’тс’ або бел. новаўтварэнне з гу́зік (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)