Ту́русы ‘грукат ад хуткай язды, тарахценне’, ‘пустое плявузганне’ (Нас.), туру́сы на калёсах ‘лухта, бязглуздзіца’ (Юрч. Фраз.), туру́сы, туро́сы ‘тс’ (Растарг.), турэ́сы ‘тс’: пачынае свае баі‑турэсы (С. Кухараў); відаць, сюды ж тру́сты на калёсах ‘выдумкі’ (Мат. Маг. 2), гл. Параўн. укр. туроса́ ‘шум, пагалоска, чутка?’; рус. туру́c ‘нешта цікавае, займальнае’, туру́сы: турусы на колёсах развозить (разводить) ‘весці пустыя размовы’. Словы спрэчнага паходжання. Традыцыйна пад увагу прымаюцца спалучэнні са словам калёсы, хаця яшчэ Карскі (2–3, 187) зазначыў, што ў зборніку беларускіх прыказак Насовіча го́ніць туру́сы (трэск) на коле́сах ‘гаворыць лухту’ апошняе слова азначае ‘воз’, а не ‘колы’, параўн. тыпалагічна падобнае польск. разм. bujda na resorach ‘лухта, хлусня’ (Ніч, Wybór pism, 2, 157). Вывядзенне з лац. turris ambulatoriae ‘вежа, якая рухаецца’, г. зн. абложная вежа (Міхельсон, Рус. мысль, 2, 394), у існаванні якіх звычайна сумняваліся (Лепешаў, ЭСФ, 370), нягледзячы на меркаванне Трубачова (Дадаткі, 125; гл. таксама Арол, 4, 120), застаецца малапераканальным (Фасмер, 2, 125). Семантыка сведчыць хутчэй пра гукапераймальнае паходжанне, на што звяртаў увагу яшчэ Насовіч (644), гл. турыць ‘гнаць’. Параўн. ЕСУМ, 5, 684.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І1 злучнік. Рус., серб.-харв., балг., макед. и, укр., польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац., славен. i. Бліжэйшыя і.-е. паралелі: гоц. ei ’каб’, грэч. εἰ ’калі’, εἰτα ’пасля’. Тады *i < і.-е. *еі, месн. скл. адз. л. займеннага кораня гл. Бернекер, 1, 415; Фасмер, 2, 112–113; Трубачоў, Эт. сл., 8, 167; Покарны, 1, 283. Іншыя версіі менш верагодныя. Параўноўваюць з семантычна тоеснымі літ. ir̃, лат. ir, ст.-прус. ir (Эндзелін, Слав.-балт. эт., 136; Мюленбах-Эндзелін, 1, 708). Яшчэ больш праблематычная версія Зубатага (JF, 4, 1894, 470–472), які звязвае i з усх.-літ. ė̃ ’але’, ст.-літ. ė̃ ’тс’ < і.-е. *ēd (абл. ад *e‑). Брукнер (189) прыцягвае літ. jeĩ ’калі’. Параўн. яшчэ Махэк₂, 212–213.

І2 выклічнік (выражае высокую ступень якога-н. пачуцця). Рус. дыял., серб.-харв., макед. и, укр., польск., чэш., славац., славен. i. Сустракаецца ў іншых і.-е. мовах: ням. i, лат. i, рум. i. Гл. Махэк₂, 212; Безлай, 1, 208; Слаўскі, 1, 443, там жа агляд літ-ры.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акт, ‑а, М акце, м.

1. Разавае выяўленне чалавечай дзейнасці; учынак, падзея. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй — важны гістарычны акт. Агрэсіўны акт. Тэрарыстычны акт. □ Смельчакі, якія, зняўшы паставых, укралі Віцю.., завяршылі яшчэ адзін акт сапраўднай дружбы. Брыль.

2. Афіцыйны дакумент; пратакол, запіс аб якім‑н. юрыдычным факце. Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй. Абвінаваўчы акт. Скласці акт. Старадаўнія акты і граматы.

3. Закончаная частка драматычнага твора або спектакля. Камедыя ў трох актах.

•••

Акты грамадзянскай стану — запісы спецыяльнымі органамі фактаў нараджэння, смерці, шлюбу і пад.

[Лац. actus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́лкі 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які пры дотыку наносіць укол; калючы. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку іржышча. Гарэцкі. // перан. Які выклікае адчуванне, падобнае на адчуванне ўколу (пра вецер, снег, мароз, дождж і пад.). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар. Лупсякоў. Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж. Броўка.

2. перан. З’едлівы, злосны. Раптам успомніліся.. колкія і пякучыя словы, якімі [цётка] не раз надзяляла Васіля. Кулакоўскі.

ко́лкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка колецца. Колкія дровы. Колкі цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зле́гчыся, злягуся, зляжашся, зляжацца; пр. злёгся, злеглася і зляглася, злеглася і зляглося; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш цвёрдым, шчыльным ад доўгага ляжання. — А снег так злёгся, што рыдлёўка яго не бярэ, хоць сякерай сячы. Чарнышэвіч. Калі Юрка не думае пра Жэньку, чуе тады, як зноў пад ім шапаціць сухое сена, — не зляглося яшчэ: нядаўна прывезлі з Цянёў з бацькам два вазы. Пташнікаў.

2. Абл. Звязацца, падружыцца з кім‑н. — Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зямля́цтва, ‑а, н.

1. Прыналежнасць па нараджэнню, жыхарству да адной мясцовасці (вобласці, сяла і пад.). Як і часта бывае між людзьмі, зямляцтва яшчэ больш зблізіла нас, гаворка пайшла шчыра і непасрэдна. Кулакоўскі.

2. Аб’яднанне землякоў, адарваных ад радзімы, для ўзаемнай дапамогі. Ліскоўскія.. гаварылі многа. Не абмінулі таксама і Кракаўскага універсітэта, дзе вучыцца не адна толькі [А]лаіза Пашкевіч (Цётка), але і шмат іншых беларусаў. Ім дапамагае беларуская грамада, беларускае зямляцтва. Колас. Дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кавале́р, ‑а, м.

1. Мужчына, які танцуе з дамай, суправаджае яе на гулянні і пад. [Валя:] Вось дык кавалер! Кінуў дзяўчыну сярод ночы на вуліцы. Крапіва. — Знайдзі хоць ты, Пеця, мне кавалера, калі сам не ўмееш танцаваць, — просіць .. [Дора Змітраўна]. Карпаў. // Хлопец, мужчына, які заляцаецца да дзяўчыны; паклоннік.

2. Малады чалавек; халасты мужчына. У хаце Марты — беспарадак і чад: сыны яе кавалеры — Віктар і Стась — чысцяцца, гладзяцца. Ракітны. Лапко быў яшчэ кавалерам, хоць яму падбіралася пад палавіну пятага дзесятка. Колас.

3. Асоба, узнагароджаная ордэнам. Кавалер ордэна Славы.

[Фр. cabalier, іт. cabaliere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́ча, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.

2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.

2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.

3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.

•••

Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.

Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́тад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Спосаб пазнання з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Марксісцкі метад. Дыялектычны метад.

2. Прыём, сістэма прыёмаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Пасеў рашылі правесці гнездавым метадам. Кулакоўскі. // Спосаб дзеяння, паводзін. Прыгледзеўшыся калісьці да Дразда, як той лёгка з дзяўчатамі жартуе, паспрабаваў гэтак зрабіць і Косця. На дзіва, ад яго слоў ніхто не смяяўся.. Ён паспрабаваў яшчэ раз — другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк.

•••

Метад замяшчэння (спец.) — метад вымярэння шляхам замены пэўнай велічыні ўжо вядомай роўнавялікай велічынёй.

[Грэч. methodos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)