Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марга́ць, моргаць, морга́ць ’міжвольна падымаць і апускаць векі’, ’падморгваць’, ’міргаць, мігцець’, (перан.) ’упускаць зручны момант’ (ТСБМ, ТС; беласт., Сл. ПЗБ), маргаце́ць ’мігацець, ззяць (аб зорках)’ (Сцяшк.), морготі́ты ’дваіцца, мітусіцца ў вачах’ (Клім.), маргану́ць (Яруш.), маргу́нь! ’пра аднаразовае марганне’ (мсцісл., Нар. лекс.), маргу́н, маргу́ха ’хто часта маргае вачыма’, узор у маргухі ’узор, пры разгляданні якога міргаціць у вачах’ (слуц., КЭС). Укр. морга́ти, рус. моргать, польск. mrugać, чэш. mrkati, мар. mrk(ot)ať, в.-луж. měrkotać ’тс’. Роднаснымі да прасл. mъrg‑ati (а пазней mъrk‑) з’яўляюцца літ. mérkti, лат. mirgt ’міргаць, жмурыць’ (Махэк₂, 379), літ. murgai, лат. mùrgi ’трызненне’, літ. mirgė́ti ’мігцець’, mar̃guoti ’тс’, ’пералівацца’, márgas ’стракаты’, лат. mir̂dzêt ’мігацець’ (Фасмер, 2, 652). Няма падстаў лічыць балтызмам палес. морготі́ты (Лаўчутэ, Балтызмы, 48).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матаві́дла, матаві́дло, матаві́длы ’прыстасаванне для змотвання нітак у маткі або з маткоў у клубкі’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; воран., Шатал.), матаві́ла, мытаві́ла, матаві́ло, мотові́ло ’тс’ (ТСБМ, Бір. дыс., Нас., Шат., Касп., Бяльк.; ТС, Маш.; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат., браг., Нар. сл.), жытк. мотоі́ло (Выг. дыс.), рэч. матаі́ла ’тс’ (Мат. Гом.); (перан.) матаві́ла ’пудзіла ў гаросе або пшаніцы ад вераб’ёў’ (Нас.), ’маталыга’ (Мат. Маг.). Укр. мотови́ло ’тс’, ’вол, які мае звычку матаць галавой пры запраганні’, рус. мотовило, польск. motowidło, в.-луж. motydło, чэш., славац. motovidlo, славен. motovílo, серб.-харв. мото̀вило, макед. мотовило, балг. мотовила. Прасл. moto‑vidlo < motoviti — складанае слова з motati (> мата́ць) і viti (> віць) (Скок, 2, 412; Махэк₂, 375). Бязлай (2, 197) выводзіць памылкова прасл. moto‑vitlo (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршы́ць ’складваць, канчаць стог, сцірту’ (Выг., КТС), (перан.) ’вырашыць чый-небудзь лёс’ (БРС), укр. вершити ’вяршыць’; ’насыпаць звыш краёў’, рус. вершить ’канчаць складваць стог, снапы (на возе), верх страхі’; ’вырашаць лёс’, польск. wierszyć ’укладваць спадзісты верх, страху’; ’мець першаснасць перад кім-небудзь’, чэш. vršiti ’складваць у вышыню, збіраць у кучу’, славац. vŕšiť ’кідаць, укладваць у кучу’; ’узвышацца’; ’заканчваць’, славен. vršíti ’тс’, серб.-харв. вр́шити ’выконваць, рабіць, вяршыць’, макед. врши ’выконваць, рабіць’; ’малаціць’; ’дамаўляцца на заручынах’, балг. върша ’выконваць, рабіць, прызначаць’, върше́я ’малаціць’. Прасл. vьršiti ’канчаць, завяршаць, рабіць што-небудзь, рабіць верх’, якое мела ў прасл. мове яшчэ значэнне ’малаціць з дапамогай скаціны’ (Выгонная, Лекс. Палесся, 83–87; Скок, 3, 624; БЕР, 1, 214; Шанскі, 1, В, 71; Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 1949, 183).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зрок ’здольнасць бачыць; погляд’. Чэш., славац. zrak ’тс’, славен. zrȃk ’паветра, прамень’, серб.-харв. зра̑к ’паветра’, зра̑к, зра̏ка ’прамень, святло’, балг. зрак ’прамень, святло’ перан. ’зрок’, макед. зрак ’прамень, святло’, дыял. ’погляд’. Ст.-слав. зраkъ ’зрок’. Ст.-рус. зракъ ’выгляд, вобраз; зрок’. Рус. зрак > зрачок Фасмер (2, 105) лічыць стараславянізмам, прыводзячы ўсх-слав. форму зорок; Шанскі, 2, З, 109. Тады зрок трэба лічыць паланізмам, які адлюстроўвае польск. літ. wzrok ’здольнасць бачыць, погляд’, уст. ’вока’. Пачатковае w‑ магло быць утрачана ў бел., калі ўлічваць взрокъ у Скарыны, у Александрыі (Булыка, Запазыч., 62). Але і ў ст.-польск. была форма zrok (Рэчак), якая і магла адлюстравацца ў бел. літ. форме. Корань той самы, што зрэнкі, зара, зарыць (гл.). Копечны, Zákl. zásoba, 429–30.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вага́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.

2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.

3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.

1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.

2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.

3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.

4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Зрабіць гладкім, роўным, ліквідаваўшы няроўнасці. Убілі .. [дарогу] і згладзілі мужыкі, возячы ў маёнтак бульбу. Чарнышэвіч. // перан. Прывесці да аднастайнасці, зрабіць аднолькавым ва ўсіх частках. Згладзіць стыль.

2. Ліквідаваць, разгладжваючы якія‑н. няроўнасці. Згладзіць маршчыны.

3. перан. Зрабіць што‑н. менш прыкметным, менш адчувальным; змякчыць. Згладзіць супярэчнасці. □ Анатоль, каб згладзіць няёмкасць, кінуўся да Іны, узяў з яе рук сумачку і летняе паліто, пацалаваў у руку. Ваданосаў.

•••

Згладзіць вострыя вуглы — змякчыць вастрыню рознагалоссяў, супярэчнасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хапіць, ‑шлю, ‑піш, ‑піць; каго-што.

1. Імгненна выняць, дастаць. Выхапіць шаблю з ножнаў. □ [Жанчына] кінулася наперад і выхапіла дзяўчынку проста з-пад машыны. Скрыпка. // Узяць што‑н. наўгад, выпадкова. Выхапіць цытату. // перан. Вылучыць святлом, позіркам і пад. Агеньчык цыгаркі на момант выхапіў з цемры.. твар [Цімоха], чорную калматую бараду, аблуплены казырок салдацкай шапкі. Сіўцоў.

2. Схапіўшы, забраць, адабраць; вырваць. Выхапіць палку з рук. // перан. Вызваліць. Недзе там застаўся.. камандзір, іх таварыш. Пакуль гітлераўцы апамятаюцца, трэба выхапіць яго адтуль. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., каго-што.

1. Прасейваючы, аддзяліць. Насыпала [маці] свежае жытняй мукі, Пазаддзе адсеяла І асцюкі І доўга пасля, не шкадуючы сілы, Крамянае цеста Мясіла, мясіла. Грахоўскі. // перан. Пазбавіць сваю памяць, свае ўяўленні ад другараднага, неістотнага.

2. перан. У выніку адбору вывесці каго‑н. з ліку, складу чаго‑н., адлічыць.

3. Пасеяць нанава на месцы вымаклага, неўзышоўшага.

4. Закончыць сяўбу. Язэпка ведаў, што як пачынаецца вясна, войт не дасць перадышкі, пакуль не адсеюць усе панскія палеткі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)