падпалі́ць, ‑палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.
1. Паднёсшы агонь да чаго‑н., прымусіць гарэць; выклікаць гарэнне. Падпаліць дровы. Падпаліць салому.
2. Наўмысна знішчыць агнём што‑н., учыніць пажар. Гадзін за дзве да захаду сонца, адыходзячы, салдаты з двух канцоў падпалілі вёску, а самі зніклі. Чорны. А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага. Чарот.
3. Даць падгарэць чаму‑н., падсмаліць што‑н. Падпаліць хлеб. Падпаліць сала.
4. і ў чым. Раскласці агонь (у печы, пліце і пад.), каб згатаваць ежу або ацяпліць памяшканне. Падпаліць печ. Падпаліць пліту. □ Назбірае бабка трэсак, падпаліць у печы і грэецца перад агнём. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
1. Сказаць жарт. Усе пакочваюцца з рогату, дзед умее пажартаваць. Лужанін. Воранаў прыняў земляка ветліва, нават пажартаваў: «На чужой старонцы рад сваёй варонцы». Пальчэўскі. // з каго-чаго, (рэдка) над кім-чым і без дап. Сказаць або зрабіць што‑н. дзеля жарту; пасмяяцца з каго‑, чаго‑н. Зноў захацелася [Таццяне] пажартаваць з.. [Жэні], падражніцца, паспрачацца, як калісьці ў школе. Шамякін. Цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў нада мной, прызначыўшы за брыгадзіра. Асіпенка.
2. Жартаваць некаторы час. А жыццё сабе ішло. Патроху пачало ўсё ўваходзіць у норму. Збіраліся [сяльчане] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазні́цца, пазнюся, познішся, позніцца; незак.
1. З’яўляцца пазней вызначанага часу. Пазніцца на заняткі. □ [Ядзя:] — Заўтра новы дом пачынаем будаваць. Вось ранічкай і прыходзь сюды. Ды глядзі не пазніся. Асіпенка. Была ўжо глыбокая восень, але снег па нейкіх прычынах пазніўся. Ігнаценка.
2. Выконваць што‑н. пазней, чым трэба, чым прызначана. Пазніцца з выкананнем плана. Пазніцца з сяўбой. □ Васіль меў намер прайсці яшчэ раз папярэдзіць брыгадзіраў, каб яны не пазніліся з выездам брыгад на працу. Шамякін.
3. Затрымлівацца дзе‑н. — Толькі ты не пазніся там вельмі. Сам ведаеш — ваенны час, ноччу і з горада могуць не прапусціць, — папярэдзіў .. [Роўду] Бондар. Машара. — Збегай, — згадзіўся Міканор, — толькі не пазніся, завідна прыходзь. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пало́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Наводзіць страх, боязь. Сцепуржынскі тупаў нагамі і.. сваім шэптам, каб ніхто не чуў, палохаў Міхала Тварыцкага. Чорны. // Страшыць кім‑, чым‑н. Змалку нас палохалі цыганамі. Зробіш што не так, адразу страшаць: «Вось прыйдуць цыганы, забяруць цябе ў мех». Жычка. // Успуджваць. У гарачыя летнія дні качкі купаліся ў вадзе і спакойна жыравалі. Калі-нікалі іх палохалі паляўнічыя, і тады яны падымаліся з вады. Лупсякоў. // Выклікаць трывогу. Сесія не палохала мяне і не трывожыла: я была ўпэўнена, што добра здам экзамены. Савіцкі. Ёсць людзі, якіх перашкоды не толькі не палохаюць, а выклікаюць яшчэ большы накал і ахвоту да справы. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасвяці́ць 1, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак.
1. Свяціць, асвятляць каго‑, што‑н. некаторы час. [Камандзір] запаліў ліхтарык, пасвяціў. Бачу, ласуецца наша пушыстая даўгахвостка [лісіца] смажанай курыцай. Няхай. [Пракоп:] — Вазьмі сярнічкі. Пасвеціш мне. Баранавых.
2. Свяціцца, блішчаць некаторы час.
пасвяці́ць 2, ‑свячу, ‑свеціш, ‑свеціць; зак., каго-што.
1. Правесці абрад, паводле якога надаецца каму‑, чаму‑н. святасць. [Старыя з папом] прайшлі ўсю вуліцу і выйшлі на поле, каб пасвяціць яго. Сабаленка.
2. у што. Пазнаёміць з чым‑н. патаемным, што не ўсім вядома. Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.
3. у каго. Уст. Пры дапамозе пэўных абрадаў надаць які‑н. духоўны сан, якое‑н. званне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́дства, ‑а, н.
Разм. груб.
1. Бруд, нечыстоты. [Жывіцкі:] — Ты гатоў усякае паскудства далонямі мясіць. Не ідзеш ты ў вялікую добрую работу, а ўсё нюхаеш, рыбку ловіш... Чорны. // Пра каго‑н. дрэннага, пра што‑н. дрэннае, непрыстойнае. [Раман] памятаў, што Мікіта Бычок, гэтае паскудства, абібок і злодзей, лез да яго цалавацца. Чарнышэвіч. Лабановіч пазірае на рысунак, і па губах прабягае іранічная ўсмешка. Потым ён хапае газетку і шпурляе кудысь у куток. — Паскудства! — гаворыць сам сабе. Колас. [Гунава:] — Ён мне гаворыць рознае паскудства і спадзяецца на прыдворнае з ім абыходжанне... Самуйлёнак.
2. Дрэнны, агідны ўчынак. — Бі, яго, хлопцы, каб не рабіў паскудства людзям! Галавач. [Бацька:] Усё роўна не дагледзіш, калі зноў захоча якое паскудства зрабіць. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасла́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.
1. Аслабіць, адпусціць крыху што‑н. туга нацягнутае, закручанае. Паслабіць гайку. □ Варанецкі лёгка саскочыў з сядла, паслабіў каню папругі і пусціў яго папасвіцца. Дуброўскі. Сева расшпіліў кашулю, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. Карпаў.
2. перан. Знізіць, аслабіць сілу, напружанасць чаго‑н.; зменшыць размах, інтэнсіўнасць чаго‑н. Новая бяда на нейкі момант паслабіла .. ўвагу [Веры Паўлаўны] да дзяцей. Якімовіч. Віктар нічога не гаварыў, толькі часта заглядваў у праект, я адчуваў набліжэнне бурнай размовы, але ніякіх захадаў не рабіў, каб яе паслабіць. Савіцкі. Ваяўнічая, неспакойная, якой мы ведалі заўжды байку, сёння ў некаторых нашых байкапісцаў як бы паслабіла сваю адказнасць перад грамадствам. Клышка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перавучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак.
1. каго. Навучыць чаму‑н. іншаму, даць магчымасць авалодаць новай прафесіяй; перападрыхтаваць. Перавучыць трактарыстаў на шафёраў. // Навучыць іначай, па-новаму. Перавучыць дрэсіраванага сабаку. □ — Я яго перавучу, пакажу яму ўсе літары, як іх трэба чытаць, каб не дагары нагамі, а так, як трэба. Арабей. // Разм. Настаўляючы, накіроўваючы, перайначыць. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў.. Крыўдна бацьку, ды што зробіш: малога не перавучыў, а цяпер і рады не дасі. Якімовіч.
2. каго. Навучыць, падрыхтаваць усіх, многіх.
3. каго-што. Разм. Праявіць якую‑н. празмернасць у навучанні, падрыхтоўцы каго‑, чаго‑н. — Перавучыў я цябе, браце, ці не ў паны пойдзеш? Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плю́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і плюхнуцца. Бутэлька не разбілася, а плюхнула ў ваду. Карпюк. Плюхнуў Даніла ў крэсла ля Дзерашавага стала, аж тое з скогатам адсунулася. Шынклер. Збоку, так пачулася Ігнату, плюхнула вада, нібы хто ідзе непадалёк побач з дарогай. Галавач. Дзесь у чаротах плюхне качка. Па лозах пройдзе вецярок... Іверс.
2. што або чаго. Разм. Рэзкім рухам выліць ваду, вадкасць. Жанчына не адказала, высыпала бульбу з мяшка ў цабэрак, плюхнула туды вады вядро і пачала ажагом мяшаць. Лобан. // Наліць невялікую колькасць. Калі Тарасюку плюхнулі баланды, ён падхапіў бляшанку і вымеркаваў так, каб сесці поруч з пакалечаным палонным. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)