перагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. □ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.

2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.

3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапусці́ць, ‑пушчу́, ‑пу́сціш, ‑пу́сціць; зак.

Разм.

1. што. Паступова перасыпаць, пераліць з аднаго сховішча ў другое. Перапусціць віно з бочкі ў бочку.

2. што. Ачысціць, сыплючы цераз што‑н. Перапусціць насенне цераз арфу.

3. што. Расплавіўшы, ператварыць у іншы стан, зрабіць прыгодным для чаго‑н.; ператапіць. Перапусціць воск. Перапусціць тлушч.

4. што, чаго і без дап. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н., уступіць што‑н. каму‑н. Ён свайго не перапусціць. □ Людзі скарэй згодны былі .. [Грамабою] перапусціць, як мелі займацца з гэтакім. Крапіва. — Сваркі паміж нас ніколі не было, бо я заўсёды перапушчу. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́гна, ‑ы, ж.

1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.

2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́хта 1, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

1. Невялікі марскі заліў, прыгодны для стаянкі суднаў. Заставацца ў адкрытым моры было нельга, да свайго порта далекавата, і капітан прыняў рашэнне схавацца ў зручнай бухце. Б. Стральцоў.

2. Абл. Глыбокае месца ў рэчцы. І ёсць загадка такая: Ні смяецца, ні гукае, Жыве ў бухце пад ракітай, На ім світа, Ды не сшыта. Колас.

[Ням. Bucht.]

бу́хта 2, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Вялікі скрутак дроту, каната і пад. Калгаснікі, убачыўшы.. прывезеныя Дзямідам Сычам турбіны і генератар, цяжкія бухты меднага дроту, кінуліся на пошукі электрычнага шнура. Паслядовіч.

[Гал. bocht.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канёк 1, канька, м.

1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.).

2. Разное ўпрыгожанне страхі, пераважна ў выглядзе конскай галавы. «Канькі» — гэта разныя ўпрыгожанні верхняй часткі франтона [«шчыта»] пры двухскатным даху. «Беларусь».

3. Востры верхні край, грэбень страхі. Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Краўчанка.

4. перан. Любімая тэма размовы, любімы занятак каго‑н. [Вярноў] горача расказваў Ніне пра новыя творы маладнякоўцаў. Літаратурнае жыццё было яго каньком. Лобан. — Скрыпка і флейта — от на чым я выязджаў. Гэта мой канёк. Чорны.

канёк 2,

гл. канькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канчатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не будзе больш пераглядацца, змяняцца; беспаваротны. Канчатковае рашэнне. Канчатковы вывад. □ Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было. Гамолка. // Які з’яўляецца завяршэннем або ажыццяўленнем чаго‑н. Канчатковая мэта. Канчатковы вынік. □ Выканаў тут ён [Гукай] акон свой Апошні, часовы — заўтра адгэтуль ён пойдзе На штурм канчатковы. Куляшоў. Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль.

2. Даведзены да канца, поўны. Канчатковая перамога. □ Шчаслівая немка давяла свядомасць гэтых двух чалавек да канчатковай яснасці, быццам толькі цяпер іх вочы да канца раскрыліся на тое, што адбылося за ўсе гэтыя дні. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карча́га 1, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

Разм. Пень, вывернуты з карэннем; корч. Гануля дастала з-за коміна карчагі і стала чыркаць запалк[ай], якая адсырэла і не загаралася. Гурскі.

карча́га 2, ‑і, ДМ ‑чазе, ж.

1. Тое, што і амфара. Па такіх знаходках, як абломкі амфар, або карчаг, якія выкарыстоўваліся феадаламі для зберажэння він, відаць, што гэта пасяленне з самага пачатку не было сельскім. «Беларусь».

2. Разм. Гляк для мазі. Паны налева важна садзяць, Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяць Ні пахам дзёгцю, ні карчагі, Ні відам латанай сярмягі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ло́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

1. Навука аб законах і формах мыслення. Фармальная логіка. Дыялектычная логіка. Матэматычная логіка.

2. Ход разважанняў, вывадаў. У выступленні Тамары менш было запалу і рашучасці, затое логіка якая! Ермаловіч. // Правільнасць, разумнасць мыслення. [Міхал] ніколі не вызначаўся асаблівай выдатнасцю логікі ў думках. Чорны. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім захацелася пачуць у гэтых выбухах грукат сваёй артылерыі. Карпюк.

3. Унутраная заканамернасць. Логіка рэчаў. □ Дзіўныя справы .. захапляюць мяне сваёй навізной, такім незвычайным для нашага жыцця паваротам падзей і логікай з’яў. Быкаў.

[Грэч. logikē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знадво́рку, прысл.

1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.

2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зраўня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. роўным, аднаго ўзроўню з зямлёй. Трактар даўно зраўняў .. межы, і як кінуць вокам зелянее збажына на калгасным палетку. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Дарогу зраўняла [снегам], поле было белае і чыстае, як абрус на стале. Пташнікаў.

2. Зрабіць аднолькавым, роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах. — Не зраўняў бог лесу, не зраўняў і людзей. Чорны. // Паставіць нароўні з кім‑, чым‑н., параўнаць. Звечара.. пачалося тое, чаго нельга зраўняць ні з якімі баямі. Кулакоўскі.

•••

Зраўняць з зямлёй — знішчыць, разбурыць дашчэнту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)