папяро́к,
1. прысл. Па шырыні; упоперак; проціл. ўздоўж. [Дзед:] Прайшоў я ўздоўж, папярок Беларусь і Літву. Людзей усякіх бачыць прыйшлося. Танк. Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «папярок» выражае прасторавыя адносіны: указвае на напрамак, які адпавядае шырыні чаго‑н. [Шаховіч:] — Як гэта магло здарыцца, што машына апынулася папярок дарогі? Мяжэвіч.
•••
Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.
Станавіцца папярок дарогі каму гл. станавіцца.
Стаць папярок дарогі каму гл. стаць.
Стаяць папярок горла гл. стаяць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасажы́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пасажыра, належыць пасажыру. Увесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Лынькоў. // Прызначаны для перавозкі пасажыраў. Гэта быў адзін з тых пасажырскіх самалётаў, якія курсіравалі на адлегласці не больш дзвюх гадзін палёту. Шамякін. А тут самае большае, як праз паўгадзіны на Кіеў павінен прайсці пасажырскі параход. Даніленка. // у знач. наз. пасажы́рскі, ‑ага, м. Разм. Поезд для перавозкі пасажыраў. Вось пасажырскі рушыў, перад намі паказаліся два таварныя саставы, вагоны прыгараднага цягніка, што стаяў у тупіку. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.
2. Выступіць у ролі сведкі. — Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.
2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́дчыннасць, ‑і, ж.
1. Захоўванне і перадача праз пакаленні падабенства ў знешняй і ўнутранай будове, а таксама і ў жыццёвых працэсах арганізма.
2. Уласцівасць спадчыннага (у 2 знач.). Развіццё агульнагарадскога ансамбля ажыццяўляецца на аснове спадчыннасць. «Помнікі».
3. Тое, што і спадчына (у 2 знач.). [Галена:] Што я плачу? Гэта.. спадчыннасць старая, з забітай вёскі асталася яшчэ. Чорны.
4. Спец. Тое, што і спадчына (у 3 знач.). Уласнік гэтага пляца, паспеўшы зацвердзіцца ў правах спадчыннасці, падаў на ўласніка завода ў суд. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спачува́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае спачуванне да чыйго‑н. гора, няшчасця і пад. [Паходня] прыслаў спачувальную тэлеграму ў рэдакцыю. Хадкевіч. Прыдумалі мы спачувальныя словы: «Жыццё зламала...», «Згарэў няшчасны...» Жычка.
2. Які са спагадай, зычліва адносіцца да каго‑н.; спагадлівы. А Глушак усё сядзеў, гаманіў, падступаўся к сэрцу, здаецца, і праўда спачувальнай Дамеціхі. Мележ. // Які выяўляе спачуванне, спагаду. Але ўсё гэта ідзе ў.. [Марфы] з глыбіні яе добрага спачувальнага сэрца. Васілевіч. — Ідзі, сынок, дадому... — спачувальным тонам сказаў дворнік. Якімовіч.
3. Які выражае адабрэнне. Спачувальны водзыў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тае́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.
2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.
3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таўстаску́ры, ‑ая, ‑ае.
1. З тоўстай скурай, скуркай, душнай. — Што ж гэта за людзі? — здзівіўся ў думках Антось. — ... Ага, вунь жа і Васіль .. Сапраўдны тэхнік!.. А рукі як ходзяць!.. Такія таўстаскурыя пальцы, а гэтак жвава рухаюцца... Кулакоўскі. Маша паклала апельсін, на які паказала пакупніца. — Здыміце. Гэты надта таўстаскуры. Прокша.
2. перан. Які не здольны адчуць, успрыняць што‑н.; нячулы, неспагадлівы (пра чалавека). Таўстаскуры эгаіст. □ [Шаціла:] — Нават Ігар, і той не такі таўстаскуры. Я аднойчы бачыў слёзы ў яго на вачах. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Пераставаць жыць. [Ірынка:] Мама, калі ўмірала, сказала мне, што гэта вы згубілі нас навек і майго тату. Чорны. // Вянуць, сохнуць (пра расліны). Маё сэрца, маё вока Цягне хвоя тая, Што ў лузе адзінока Сохне-умірае. Колас.
2. перан. Знікаць, прападаць. На ўсе варожыя пагрозы, на тэрмаядзерны ўвесь жах два словы даў твой ясны розум, што не ўміраюць у вяках: Мір! Дружба! Дубоўка.
3. перан. Адыходзіць у мінулае (пра грамадскія з’явы і пад.). Старое ўмірае, а новае нараджаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
універсітэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
1. Вышэйшая навучальная і навуковая ўстанова з асобнымі аддзяленнямі (факультэтамі) па розных гуманітарных і прыродазнаўча-матэматычных навуках. Рэктар універсітэта. □ [Сцёпка:] — Я думаю, скончыўшы рабфак, падавацца ва універсітэт. Колас. // Будынак, дзе знаходзіцца гэта ўстанова. // перан. Тое, што дае вопыт, веды без навучальнай установы. [У Лукішках] .. [М. Танк] праходзіў той жыццёвы універсітэт, у якім адбывалася апошняя загартоўка сапраўдных рэвалюцыянераў. Бугаёў.
2. Назва навучальных устаноў па павышэнню агульнаадукацыйных і навукова-палітычных ведаў. Вячэрні універсітэт марксізма-ленінізма. □ [Сакратар партбюро:] — З калгаса прыслалі пісьмо. Універсітэт культуры адкрываюць. Просяць лектара. Марціновіч.
[Ад лац. universitas — сукупнасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)