паласка́ць, палашчу, палошчаш, палошча; незак., што.
1. Прамываць, абмываць, апускаючы ў ваду. Пад мостам, стоячы па калені ў вадзе, жанчына паласкала бялізну. Лобан. І маці стол ужо прыбрала, Пасуду, лыжкі паласкала. Колас. // Заліваючы або паліваючы, абмываць. Шыбы паласкаў дождж, але праз іх яшчэ добра былі відаць апошнія ружы. Федасеенка.
2. Прамываць рот, горла, зубы з мэтай дэзінфекцыі, лячэння. Назаўтра раніцаю доктар Пфэрдсан абматаў .. [Гендарсану] твар бінтам, даў нейкую вадкасць паласкаць рот. Чарнышэвіч.
3. Развяваць што‑н., хлопаць чым‑н. (пераважна пра вецер). А побач гмах на люднай плошчы Асветлен сонцам веснавым, І вецер горды сцяг палошча Над родным горадам маім. Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пале́гчы, ‑ляжа; ‑ляжам, ‑ляжаце, ‑лягуць; пр. палёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.
1. Прыняць ляжачае, гарызантальнае становішча — пра ўсіх, многіх. Мужчыны пазаганялі коней у лозы і паляглі тут жа ў засені. Хадановіч. Калі дзеці палезлі спаць, Іван Пракопавіч падышоў да этажэркі, да кніг. Навуменка.
2. Прыгнуцца сцяблом да зямлі (пераважна пра збожжавыя расліны). Палягло на вытаптанай і размоклай зямлі пацямнеўшае жыта. Лынькоў. Густая, рослая трава палегла, пераплялася, зблыталася. Сачанка.
3. перан. Быць забітым, загінуць — пра ўсіх, многіх. Але суровы лёс салдацкі Ім выпаў — выжыць не змаглі. Ляжаць яны ў магілах брацкіх — За мір, за шчасце паляглі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наско́к, ‑у, м.
1. Скачок з мэтай нападу. Наскок звера. // Імклівы варожы напад. Каб лягчэй было адбіць Ворагаў наскокі — Загадаў ён [князь] роў прарыць, Як рака, глыбокі. Гілевіч. Захопнікі заселі ў Карчэвічах, і пачаліся штодзённыя наскокі на Скумаўскі лес. Дуброўскі.
2. перан. Нападкі, абвінавачванні, часцей грубыя, беспадстаўныя. Адміністрацыйны наскок. □ Замест бурнага наскоку, да якога я падрыхтаваўся загадзя, жонка толькі засмяялася і сказала: — Ого, дык ты не толькі рыбы, але і ліса злавіў? Ляўданскі.
•••
З наскоку — а) з разгону, хутка; б) не падумаўшы як след, добра не разабраўшыся. [Валатовіч:] — [Бародка] заўсёды ўсё рабіў з наскоку, штурмам, без належнай праверкі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насцяро́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад насцеражыць, насцярожыць.
2. у знач. прым. Напружана-ўважлівы і трывожны ў чаканні чаго‑н. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды, новенькім асаблівай веры.. не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя. Ваданосаў. Цяпер трэба было не варушыцца, дыхаць асцярожна і ціха, каб не спудзіць злітую з цемрай насцярожаную птушку. Паслядовіч. // Які выяўляе напружанасць, засцяроджанасць. Лена адсунулася да самай сцяны і не спускала з маці насцярожанага позірку. Шамякін. Аляксей акінуў суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сабе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
налаўчы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. з інф., чым, чаму і без дап. Набыць навык, спрыт у якой‑н. справе; навучыцца рабіць што‑н. Палонны найбольш трапляў гаварыць па-польску, але за год налаўчыўся ўжо крыху і па-тутэйшаму. Чорны. З дзіцячых гадоў яшчэ Павел палюбіў лыжы.. А калі пасталеў, ён так налаўчыўся хадзіць на іх, што рэдка хто мог яго абагнаць. Шахавец. [Язэп] не налаўчыўся яшчэ працаваць адной рукой, таму нават адзяваўся марудна, злаваў на сваё няўмельства. Асіпенка.
2. без дап. Разм. Злаўчыцца, прылаўчыцца. Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наперарэ́з,
1. прысл. Перасякаючы чын‑н. шлях, напрамак руху каго‑, чаго‑н. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Шамякін. // Перасякаючы што‑н. Забегалі вочы ў Тамаша, ён наперарэз цераз пляц хутка пайшоў, каб паглядзець кароў. Гурскі.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперарэз» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве асобы ці прадмета, шлях якіх хто‑, што‑н. перасякае. Бегчы наперарэз машыне. □ Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну. Колас. [Клямт] раптам кінуўся ў поле, стараючыся дапасці да кустоў, але заўважыў, што справа наперарэз яму бягуць два байцы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перш, прысл.
Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.
•••
Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.
Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.
Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.
Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.
Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зна,
1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.
2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.
3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.
4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)