заве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. завёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Ведучы, даставіць куды‑н. Завесці дзіця ў сад. □ Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

2. Адвесці не туды, куды трэба. [Іван Цуба] завёў карнікаў у непраходнае балота. Краўчанка. Дарога на ток здавалася вельмі доўгай. Язэпу ўвесь час хацелася ўцячы, знікнуць або завесці гэтых людзей куды-небудзь далей ад току. Асіпенка. // перан. Прымусіць выйсці за межы жаданага, мажлівага і пад. Капрызнай бывае думка рацыяналізатара. Яна можа завесці яго туды, куды ён, здавалася б, і не меў намеру ісці. Шахавец.

3. Заснаваць, набыць што‑н., абзавесціся чым‑н. Завесці пчол. Завесці гаспадарку. □ Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Навуменка.

4. Устанавіць, увесці. Завесці новыя парадкі. Завесці строгі ўлік.

5. і без дап. (звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Пачаць што‑н. Каб крыху перабіць настрой, каб стала весялей, дзяўчаты завялі песню. Дубоўка. Пятро паспрабаваў завесці гаворку пра надвор’е, пра ўраджай. Пальчэўскі.

6. Прывесці ў дзеянне, пусціць у ход які‑н. механізм. Завесці гадзіннік. Завесці патэфон. Завесці матор.

•••

Завесці катрынку — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. перапоўз, ‑паўзла, ‑паўзло; заг. перапаўзі; зак., што, цераз што і без дап.

1. Перамясціцца паўзком цераз што‑н., на другі бок чаго‑н., з аднаго месца на другое. Перапаўзці дарогу. Перапаўзці цераз насып. Перапаўзці ў іншае месца. □ Недалёка між елак [Мікола і Таня] заўважылі маленькую палянку. Цішком перапаўзлі туды. Новікаў.

2. перан. Разм. Павольна, з цяжкасцю перайсці, перабрацца цераз што‑н., на другі бок чаго‑н., з аднаго месца на другое. Танкі перапаўзлі цераз акопы. □ Сонца, якое так нядаўна .. села амаль на паўночным захадзе, перапаўзло, хаваючыся за далягляд, на паўночны ўсход. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свярбе́ць, ‑біць; незак.

1. Выклікаць адчуванне казытлівага болю. Я помню, як яна [крапіва] апякае рукі: як агнём, на целе потым чырванеюць пухіры, яны пякуць і свярбяць, іх потым раздзіраеш да крыві і слініш — робіцца трохі лягчэй. Адамчык. // Адчуваць казытлівы боль (пра цела і яго часткі). Цела так свярбела ад поту і тырсы, што хацелася драць абедзвюма рукамі. Місько. Узмакрэла ад поту шыя, правае вока, быццам што трапіла туды, непрыемна свярбела. Савіцкі.

2. безас. перан. Разм. Пра неадольнае жаданне зрабіць што‑н. — Ну ж і свярбела стрэльнуць, — прызнаўся Амяллян. Грахоўскі.

•••

Рукі свярбяць у каго гл. рука.

Скура свярбіць гл. скура.

Язык свярбіць гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́бар, ‑а, м.

1. Група цыганскіх сем’яў, якія качуюць разам, а таксама іх стан, абоз. За ўзгоркам знаходзіцца тавар, у лагчыне раскінуты цыганскія шатры. Каваль. Нарэшце мужчыны засталіся адны — стары Мікола і яшчэ двое цыганоў, барадатыя і злосныя з выгляду. Тавар заціхаў. Чыгрынаў.

2. У мінулым — умацаваны лагер казакаў з абозам. На Буйніцкім полі Налівайка паставіў сваё войска тылам да Дняпра, з трох іншых бакоў абгарадзіўся табарам. Шынклер.

3. Вялікая група людзей, якая размясцілася на часовую стаянку; лагер. Касіць пачыналі з дальніх лугоў і ўпершыню выязджалі туды табарам на ўсе дні сенаўборкі, прыхапіўшы з сабой палаткі і харчы. Хадкевіч.

[Цюрк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узагна́ць, узганю, узгоніш, узгоніць; зак., каго-што.

1. Заставіць каго‑н. узысці куды‑н., апынуцца дзе‑н.; загнаць каго‑, што‑н. Узагнаць ката на дрэва. Узагнаць машыну на платформу. □ [Богдан:] — Пабачым, ці не можна будзе туды [на сенажаць] скаціну ўзагнаць. Дуброўскі.

2. Разм. Прымусіць устаць, падняцца адкуль‑н., змяніць становішча. [Андрэй:] — Як хочаш, але я цябе [Івана] заўтра рана ўзганю з ложка. Чарнышэвіч. Саскочыла Эма з ложка, Узагнала цялушку на ножкі. Глебка. // Успудзіць. Глухі стрэл узагнаў над гаем варон. Асіпенка. Машына брала пад горку. Праязджалі вёску. На краі дарогі, мінаючы лужыну, узагналі чародку мокрых шпакоў. Пташнікаў.

3. Насадзіць. Узагнаць абручы на бочку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уключы́ць, уключу, уключыш, уключыць; зак.

1. што. Далучыўшы да крыніцы энергіі, прывесці ў дзеянне, рух. Уключыць станок. □ Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі. Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома. Шыцік. Вадзіцель ускочыў у кабіну і ўключыў матор. Машына кранулася. М. Ткачоў. // Далучыць да сістэмы дзеючых апаратаў; падключыць. Уключыць першую скорасць. Уключыць тэлефон.

2. каго-што. Увесці, прыняць у склад, лік каго‑, чаго‑н. Уключыць у рацыён жывёлы соль. □ [Бялькевіч:] — Збяру .. брыгаду, уключу туды Мацея з баянам і паеду. Савіцкі. Дырэкцыя адразу ўключыла «Ірынку» у рэпертуарны план тэатра і са згоды аўтара даручыла мне яе ставіць. Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рабіць лёгкія рухі чым‑н. (звычайна галавой). Незнаёмец, трохі збянтэжаны, стаяў, шырока расставіўшы ногі, у баку ад дзвярэй і, усміхаючыся, хітаў, хітаў галавою. Сачанка. / Пра жывёл. Конь спацелы натужна Галавою хітае... Век загонамі кружым — І не знаем вяртання. Зуёнак. Сядзіць касы на лініі і вушкамі хітае. Масарэнка.

2. што. Ківаючы, рабіць хісткім, расхістваць. [Андрэй і Лаўрэн] браліся за корч, выварочвалі яго з кучы, хіталі туды-сюды, правяраючы, ці не чапляецца за што, разгушквалі і кідалі за плот. Кудравец.

3. каго. Калыхаць, гушкаць (дзіця). [Пелюхава жонка] павярнулася, падалася.., хітаючы дзіця на тоўстых руках, у суседнюю бакоўку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шны́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм.

1. Заходзіць, забягаць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы, высочваючы каго‑, што‑н. Толькі там, на востраве, і адседжваліся падпольшчыкі, пакуль карнікі шныпарылі па лесе. Новікаў. Дыспетчар у цемры, дыспетчар шныпарыць па кладоўках, шукае газавай лямпы. Шынклер.

2. Хадзіць, бегаць, рухацца сюды-туды, у розных напрамках. Каця ўздыхнула і села на лаўцы перад домам, але хутка змушана была ўстаць: міма шныпарылі хлапчукі і з цікаўнасцю пазіралі на яе. Лось. [У вадзе], як прывіды, плаваюць водарасці, мільгаюць маляўкі, варушацца на дне ракавінкі, шныпараць жукі. Асіпенка.

•••

Шныпарыць вачамі — хутка пераводзіць позірк з аднаго прадмета на другі, выглядваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́расны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Разлютаваны, які знаходзіцца ў стане моцнага гневу. Як пчолы з разбітага вулля Бароняцца ярасным роем, Так помсцяць за кроў, за разгулле Фашысцкім бандытам героі. Колас. // Які выражае гнеў, азлабленне. Яўген нахіліўся, згорбіўся, і шыя ў яго зрабілася барвовай, а ў чорных вачах запалаў ярасны бляск. Савіцкі. / у перан. ужыв. Пажылыя мужчыны, Угінаючы дол, Носяць палкія міны, Грузяць ярасны тол. Глебка.

2. Вельмі моцны, празмерны ў сваім праяўленні. Ішлі мы ў бой і яраснымі ўдарамі Крышылі інтэрвенцкія палкі. Гаўрусёў. Цераз Лявона бегалі сюды і туды людзі, ён чуў лаянку, удары, ярасныя выкрыкі і звон выбітых шыбаў. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плю́шчыць1 ’удараючы або сціскаючы, рабіць што-небудзь пляскатым, тонкім’ (ТСБМ), плю́шчыцца ’карабаціцца, гнуцца’ (Сцяшк. МГ), ’рабіцца плоскім’, плюшча́ты ’пляскаты’ (ТС), укр. плю́щити, рус. плющить, ст.-рус. плющити (плещити) ’расплюшчыць’ (XV ст.). Усходнеславянскае. Утворана ад плюск, параўн. ст.-рус. плюскъ ’шум ад удару, пляск, лопат’ (XV ст.). Гл. плю́скаць1.

Плю́шчыць2, плю́шчыты ’заплюшчваць, жмурыць вочы’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Шат., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ), плюшчыцца ’жмурыцца, моргаць’ (петрык., Мат. Гом.), плюшчаком ’прыжмурыўшыся’ (ТС), плю́шчыцца ’лезці’ (карэліц., Нар. сл.), укр. плю́щити. Да плю́скаць3 (гл.). Таксама можна дапусціць семантычнае развіццё з плю́шчыць1 (гл.).

Плю́шчыць3 ’значыць свойскіх гусей’: плюшчаць ім знак (ТС). Відаць, да плю́шчыць2 ’сціскаць, сплюшчваць’. Першапачаткова пры клеймаванні жывёл і птушак прабівалі ім вуха ці перапонкі, устаўлялі туды кляймо і сплюшчвалі яго, каб не гублялася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)