кно́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. Тонкі кароткі цвічок з шырокай плоскай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну і пад. да чаго-н. цвёрдага.

2. Невялікі акруглы выступ, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго.

К. ліфта.

3. Металічная або пластмасавая засцежка, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў адну.

Пальчаткі на кнопках.

4. Пра чалавека маленькага росту (разм., жарт.).

Націснуць на ўсе кнопкі — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго-н.

|| памянш.-ласк. кно́пачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. кно́пачны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

крук, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Металічны ці драўляны стрыжань з загнутым тупым канцом.

Павесіць паліто на к.

2. Кароткі металічны прут, загнуты на адным канцы і прымацаваны другім канцом да каната, вяроўкі і пад. для падчэплівання і перамяшчэння грузаў.

К. пад’ёмнага крана.

3. Зашчэпка на дзвярах у форме загнутага на канцы металічнага прута, які накідваецца на прабой.

Узяць дзверы на к.

4. Лішняя адлегласць пры хадзьбе кружным шляхам.

Крукам галавы (носа) не дастаць (разм., неадабр.) — пра вельмі ганарыстага чалавека.

Сагнуць у крук каго (разм.) — прымусіць падпарадкавацца.

Сядзець крукам (разм.) — вельмі старанна рабіць што-н. (звычайна седзячы).

|| прым. крукавы́, -а́я, -о́е (спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

век, -у, мн. вякі, вяко́ў, м.

1. Стагоддзе.

Дваццаты в.

Мінулы в.

Цэлы в. не бачыліся (вельмі доўга).

2. Гістарычны перыяд, эпоха, характэрныя чым-н.

Каменны в.

Касмічны в.

З векам упоплеч (ісці, крочыць і пад., не адстаючы ад жыцця).

3. Жыццё, перыяд існавання каго-, чаго-н. або ўзрост каго-н.

Многа пабачыць на сваім вяку.

У хлусні кароткі в. (прыказка). Чалавек сярэдняга веку.

4. у знач. прысл. Заўсёды, вечна.

В. дома яе няма.

В. буду помніць вас.

На векі вечныя (разм.) — назаўсёды.

Праз вякі — бязмежна доўга, на працягу доўгага часу.

|| прым. векавы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адско́чыць, -чу, -чыш, -чыць; зак.

1. Скачком аддаліцца ад каго-, чаго-н.

А. ад дзвярэй.

2. Стукнуўшыся аб што-н., адляцець.

Мячык адскочыў ад сцяны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адбіцца, адляцець, адламацца (разм.).

Адскочыла ручка ў збане.

4. Адлучыцца на кароткі час (разм.).

А. у магазін на хвілінку.

|| незак. адско́кваць, -аю, -аеш, -ае (да 1,2 і 4 знач.) і адска́кваць, -аю, -аеш, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

|| наз. адско́кванне, -я, н. (да 1, 2 і 4 знач.), адска́кванне, -я, н. (да 1, 2 і 4 знач.) і адско́к, -у, м. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

азары́ць, ‑рыць; зак., што.

1. Асвяціць, зрабіць бачным. Салют азарыў горад. Святло ад лямпы азарыла твар. □ Маланка яркая на міг кароткі Юнацкі азарыла сілуэт. Гаўрусёў.

2. Зрабіць вясёлым, ажыўленым. Сэрца ласкай азарыць. □ Ты спляці з вясковых кветак Радасці узоры, У цябе ж такія вочы, Што душу азораць. Русак.

3. Нечакана праясніць свядомасць, розум (пра думку, здагадку). У поцемках яго [іспанца] душы Затлела іскра спачування, Якая ўспыхнула на міг І розум азарыла думкай. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аб’е́здзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., каго-што.

1. Неаднаразова выязджаючы, пабываць у многіх месцах. З таго часу Ніна аб’ездзіла перакладчыцай пры высокім палкоўніку многія вызваленыя часцямі нашай Арміі гарады дзяржаў Заходняй Еўропы. Васілевіч.

2. Прывучыць каня хадзіць у вупражы, пад сядлом. На ўсім скаку мог заарканіць Касым самага дзікага жарабка, за кароткі час аб’ездзіць яго. Даніленка.

3. Яздой зрабіць больш прыдатным; абкатаць. Аб’ездзіць калёсы, матацыкл, машыну.

4. Укатаць, зрабіць прыдатным для язды (пра дарогу).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэві́з, ‑а, м.

1. Праграмная кіруючая ідэя, выражаная адным ці некалькімі словамі; лозунг. Зрабіць як найбольш і як найлепш — стала дэвізам нашых людзей, дзе б яны ні працавалі. Пестрак. Усё шырэй і мацней гучыць палымяны дэвіз — жыць і змагацца па Ільічу. «Звязда».

2. Слова або выраз, якія замест свайго імя ставіць на творы аўтар, удзельнік закрытага конкурсу. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам «Наперад».

3. Уст. Кароткі сімвалічны надпіс на гербе, шчыце, ордэне і пад.

[Фр. devise.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́к, калка, м.

1. Памянш. да кол; кароткі, тонкі кол. Месца будаўніцтва падстанцыі было абазначана калкамі яшчэ ўлетку. Лупсякоў. // Калочак. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.

2. Драўляны або металічны шпянёк для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. Абл. Драўляны цвік, замацаваны ў чым‑н. для таго, каб вешаць на ім што‑н. Нехаця Мікодым скінуў кажух і павесіў на калок, убіты ў вушак дзвярэй. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Зрабіць глыбокі ўдых і выдых; перавесці дух. Юра перадыхнуў, быццам яму не хапала паветра. Якімовіч.

2. Зрабіць кароткі перапынак для адпачынку ў час хадзьбы, працы і пад. Рукі пачыналі млець і ныць ад стомленасці, цягнула хоць трошачкі перадыхнуць, на нешта абаперціся. Кулакоўскі. Адразу, не перадыхнуўшы пасля доўгага пераходу, кінуліся [танкісты] ў бой. Мележ. Усё часцей і часцей садзіліся птушкі, каб перадыхнуць — давалася ў знакі стома. Клышка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпо́каць, ‑ае; незак.

Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)