паны́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае хмурны, прыгнечаны настрой; сумны, маркотны. Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія. Быкаў. // Які выражае хмурны, прыгнечаны настрой. — Пайграй... — панылым голасам прамовіў Сымон. — Пайграй... Чарнышэвіч. Саўчанка адразу абмяк, запалыя, пачырванелыя.. вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Лупсякоў. // Прасякнуты хмурнасцю, прыгнечанасцю; бязрадасны. Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсеабдымнай тугою ахоплівала.. [Клімчанку] гэтая панылая думка. Быкаў.
2. Які выклікае хмурны, прыгнечаны, тужлівы настрой. Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень. Асіпенка. [Ярмоленка] з тугой глядзеў на гэтыя агні, на вуліцу, якая здавалася яму нязвыкла шырокай і панылай. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рнасць 1, ‑і, ж.
Уласцівасць парнага 1 (у 3 знач.).
па́рнасць 2, ‑і, ж.
Гарачае, насычанае выпарэннямі, вільгаццю паветра; вільготная цеплыня. А сонца жарыць, млеюць далі, І парнасць землю абняла. Колас. Сонца, пераваліўшыся за поўдзень, здавалася, шпарчэй пачало апускацца над лесам, але парнасць стаяла нясцерпная. Пташнікаў. Печ пагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Чорны. // Выпарэнні, туман. Бліскацела іржавая балотная вада, над якою застыла парнасць. Пестрак. Цёплая парнасць падымалася ад возера, ад зямлі. Чарнышэвіч. Павітаўшыся, і госць і гаспадар прыселі на бервяне, прыгрэтым не так сонцам, як земляной парнасцю. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.
2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размы́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад размыць.
2. у знач. прым. Сапсаваны, разбураны плынню, вадою. Русіновічу сніўся сон: ён едзе з бацькам па размытай, калдобістай дарозе. Дамашэвіч. Штоноч сніцца венцяроўцам самалёт... Здаецца, не ходзяць яны па размытай грэблі ды балоце, а на самалёце птушкай крылатай носяцца. Чарот.
3. у знач. прым. Які не мае ярка акрэсленых абрысаў; няясны, невыразны. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Яно не хавалася, але здавалася нейкім размытым. Лобан. Пабразгаў [вецер] заінелай клямкай, Асыпаў з хвоі снег і знік, А з воблака размытай плямкай Туманным выплыў маладзік. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сем’яні́н, ‑а, м.
1. Сямейны чалавек. Для рабочага трэба тое, каб ён працаваў не больш 8 гадзін у суткі, маючы час для адпачынку, для свайго развіцця, для карыстання сваімі правамі, як чалавека, як сем’яніна, як грамадзяніна. Ленін. Падумаць толькі... Сем’янін, А вырабляе... Жах адзін! Здавалася, Касы пачырванее, Але вось чырванець не ўмее. Корбан. // Чалавек, які мае неабходныя для сямейнага жыцця якасці. А на наступным прыпынку сеў і Вадзім. Ён здалёк ужо ўсміхаўся Міколу, паказваючы яму вялікую гаспадарчую сумку. — Раблюся прыкладным сем’янінам. Гаўрылкін.
2. Разм. Член сям’і. Новы сем’янін ляжаў у калясцы на высокіх рысорках. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уту́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца ўтульнасцю, упарадкаванасцю; такі, у якім прыемна знаходзіцца, жыць. Паваротны акінуў вачыма ўтульны пакой з круглым сталом пасярэдзіне, .. піяніна і карцінамі на сценах. Гурскі. Домік быў невялікі, але чысты, утульны, акружаны гародам і садзікам. Машара. Пасля ўтульнай і цёплай машыны надвор’е здавалася асабліва золкім і непрыветным. Савіцкі. // Выгодны, зручны. У вялікім утульным крэсле драмаў вартаўнік. Грахоўскі.
2. Зацішны, укрыты ад каго‑, чаго‑н. Вера. Алексіч доўга хадзіла па адхоннаму берагу Віцьбы, шукала ўтульнае месца. Асіпенка. Дробных [галаўнёў] лёгка знайсці ў ціхіх утульных завадзях, асабліва ў вусцях ручаёў і рэчак. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паглыбіцца, улезці ў глыб, унутр чаго‑н., куды‑н. Здавалася, што зараз на галаву ўпадзе міна. Хацелася ўціснуцца глыбей у зямлю, каб ніякі асколак не зачапіў. Мележ.
2. З цяжкасцю ўвайсці, пранікнуць у што‑н. цеснае, запоўненае; ушыцца. Нарэшце падышоў аўтобус. Ён быў перапоўнены, аднак мы ўсё ж сяк-так уціснуліся ў заднія дзверцы і пакацілі ў напрамку вакзала. Шыловіч.
3. Разм. Цесна абвязаць сябе чым‑н. Уціснуцца папружкай.
4. перан. Разм. Якім‑н. чынам уладкавацца куды‑н. Сяк-так уціснуўся ў кулінарны тэхнікум.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цура́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., каго-што.
1. Пазбягаць каго‑, чаго‑н.; ухіляцца ад зносін з кім‑н., ад выканання чаго‑н. Не зведаў хлапчук .. пяшчотаў змалку і цяпер цураўся іх. Пальчэўскі. [Сымон:] — Ды гэта і няважна, дзе чалавек аблюбуе сабе прыстанішча — у вёсцы ці ў горадзе, важна тое, каб свайго люду не цураўся. М. Ткачоў. Заўсёды жартаўлівы і вясёлы, ён [Міхал], здавалася, ніколі ні на каго не крыўдаваў, не цураўся ніякай працы. Машара.
2. Адракацца ад каго‑, чаго‑н., выракацца каго‑, чаго‑н. [Ціток:] — Хоць ты бяры, чалавек, ды сваёй хаты цурайся. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чаканні (у 1, 2 знач.), прызначаецца для чаканні (у 1 знач.). Чаканная работа.
2. Выраблены шляхам чаканні (у 1 знач.); аздоблены чаканкай. Ды застываюць пальцы на эфесе З чаканнага крутога серабра... Блатун. Індыйская сялянка нясе ваду з калодзежа .. у спецыяльнай меднай пасудзіне, багата ўпрыгожанай чаканным узорам. «ЛіМ».
3. перан. Ясны, выразны, дакладны. Чаканны крок. □ Здавалася, што той, хто быў з гэтай кнігай у агні, гутарыць са мной яе чаканнымі вершамі. Гарбук. Чытаючы гэтыя ямбы, успамінаеш чаканны радок пушкінскага «Яўгенія Анегіна». Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
луна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Плаўна лятаць, рухацца ў паветры. Праляталі вароны ў бок лесу ды ў шызай вышыні луналі буслы. Гартны. [Бездань] была такая, што аж галава кружылася, і мне здавалася, што я не стаю, а лунаю ў вышыні. Сабаленка. // перан. Перамяшчацца, пераносіцца, не атрымліваючы выразнага праяўлення (пра ўсмешку, думкі і пад.). Узрушаная ўхмылка лунала на вуснах [бацькі]. Шынклер. Здалося, што Алесевы думкі лунаюць недзе далёка па-за гэтым паркам. Шыцік.
2. Развявацца ў паветры. Пад лёгкім ветрам лунаў над домам прасякнуты святлом зары чырвоны сцяг. Самуйлёнак.
3. перан. Плысці, распаўсюджвацца, раздавацца (пра песні, музыку і пад.). Лунала ў прасторы.. песня, рэхам разлягалася над возерам, над палямі. Ваданосаў. А ўслед ляцяць, лунаюць словы: «Жадаю шчасця, голуб мой!». Прыходзька. // Панаваць, адчувацца. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Гартны. Нешта святочнае, замілавана-сардэчнае лунала над гэтымі гарамі і лугам, не верылася нават у небяспеку. Быкаў.
4. перан. Знаходзіцца ў стане ўзвышаных або далёкіх ад рэчаіснасці пачуццяў. У Міхася на твары была сціплая радасць. Здавалася, што ён сваімі думкамі лунае там, на Навагрудчыне, у бэзавым садзе. Дубоўка. Калі .. [Колас] прыкмячаў, што ўвага развейваецца, зараз жа спыняўся: — Нешта ты далёка лунаеш... Кепска? Лужанін.
•••
Лунаць у воблаках (у надхмар’і) — знаходзіцца ў летуценным стане, не заўважаючы навакольнага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)