ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
дзяржаўнае ўладанне (каралеўшчына) у ВКЛ у 17—18 ст. Упамінаецца з пач. 17 ст. як эканомія, што здавалася ў службовы лен (уладанне, падараванае васалу за вайск. або адм. службу), на тэр. Віцебскага ваяв. Паводле інвентароў 1657 і 1667, складалася з 5 валасцей, у якіх былі 54 сял. дымы і 28 службаў. У 1785 пл. эканоміі 17 тыс. дзесяцін з 431 сялянскай хатай. З 1773 уваходзіла ў Віцебскую правінцыю, з 1777 — у Віцебскі і Суражскі пав. У канцы 18 ст. б.ч. Віцебскай эканоміі падаравана ў вечнаспадчынную ўласнасць прыватным асобам.
Я.К.Анішчанка.
т. 4, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс. ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
т. 1, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)