звяза́ць, звяжу, звяжаш, звяжа; зак., каго-што.

1. Змацаваць, злучыць канцы чаго‑н., завязаўшы вузлом або прывязаўшы адзін да аднаго. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышлася без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. Кажуць, нехта спрабаваў змераць .. глыбіню [вадаёма], чацвёра лейцаў звязаў, ды так і не дастаў да дна нават ля берага. Шашкоў.

2. Змацаваць якія‑н. прадметы, перавязаўшы або абвязаўшы іх чым‑н.; перавязаўшы, злучыць у што‑н. Звязаць сноп. Звязаць венік. □ З вялікай вадой трэба было ўправіцца звязаць плыты і адагнаць іх на Вілію, а там у Вільню ці далей... С. Александровіч. // Сабраўшы разам, увязаць у што‑н. [Лёдзя] звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла за страшныя дзверы. Карпаў.

3. Спец. Змацаваць (часткі, дэталі чаго‑н.) вяжучым рэчывам або пры дапамозе рубкі. Звязаць гальку вапнай. Звязаць кроквы.

4. Прывязаць адну да другой рукі, ногі, пазбавіўшы каго‑н. свабоды рухаў. Ліда адшпіліла ад сукенкі свой пояс, і Данька звязаў ім Ляксею на спіне рукі. Ермаловіч. // перан. Пазбавіць магчымасці свабодна дзейнічаць; паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Звязаць чыю‑н. ініцыятыву. Звязаць сябе сям’ёй.

5. Наладзіць зносіны паміж чым‑н. з дапамогай сродкаў сувязі або дарог. Звязаць вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам. □ Мы цуды стваралі: раскінулі стужкі наўкол магістраляў, было ў нас багата і хлеба, і сталі. Мы Волгу з Масквою навекі звязалі... Машара. // З’явіцца, стаць сродкам сувязі паміж чым‑н. Ленінскі праспект звязаў сістэму цэнтральных плошчаў з плошчай ля Дома ўрада. Карпаў.

6. Наладзіць сувязь каму‑н. з кім‑, чым‑н. Мяне звязалі з адным нашым чалавекам, падпольшчыкам, які жыў у невялікім чыгуначным гарадку. Навуменка. — Звяжыце мяне з партызанамі. Мне трэба перадаць ім важную вестку, трэба папярэдзіць іх, — нарэшце выказала сваю просьбу Галіна Якаўлеўна. Шахавец. // Цесна аб’яднаць, стварыць з кім‑н. што‑н. агульнае. Звязала.. [Авяліна] свой лёс з панам Булыгам, кажуць, па разліку. Бажко.

7. Аб’яднаць чым‑н. у адно цэлае. Звязаць навелы адзіным сюжэтам. // з чым. Спалучыць як часткі аднаго цэлага. Звязаць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Звязаць навуку з практыкай.

8. Паставіць у якую‑н. залежнасць ад чаго‑н., у якія‑н. адносіны да чаго‑н. Звязаць развіццё вытворчасці з патрэбамі спажывання. // перан. Аб’яднаць у думках, вызначыць якую‑н. залежнасць паміж адным і другім. [Нічыпара] прызначылі загадчыкам млына. Гэтае павышэнне Нічыпар звязаў з заметкай у газеце. Асіпенка.

9. Зрабіць што‑н. вязаннем. Звязаць рукавіцы. Звязаць панчохі.

10. У хіміі — вывесці са свабоднага стану. Звязаць свабодны азот атмасферы.

•••

Двух слоў не звяжа — пра таго, хто не ўмее прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму — пазбавіць магчымасці дзейнічаць свабодна.

Звязаць сябе вузамі Гіменея — уступіць у шлюб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тулі́цца, тулюся, тулішся, туліцца; незак.

1. Гарнуцца, прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Хлапчанё тулілася да маці і палахліва шаптала: — Я баюся, мамачка. Шамякін. Нібы да знаёмых, туліліся дзеці К савецкім байцам, абнімаючы іх. Астрэйка. За гэты час ласяняты добра падраслі; яны дрыготка пацепваліся ад холаду і туліліся да ласіхі. Кірэйчык. // Гарнуцца, прыхінацца, кахаючы каго‑н. Соладка замірала маё сэрца, калі я кружыў Таню і яна боязна тулілася да мяне. Марціновіч. — Якая ты добрая, што прыйшла ў гэтую ноч, Танечка! — шэпча абрадаваны Міхась і .. моцна туліцца да яе. Машара. // перан. Шукаць збліжэння з кім‑н., быць у прыязных адносінах з кім‑н. Аўгіня падсмейвалася з Васіля, але часамі і падхвальвала яго, ды шчыльней тулілася да Мартына. Колас. // Набліжацца і шчыльна прыціскацца да каго‑, чаго‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаюся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны, туліліся бліжэй да цёплых чараноў. Мележ. Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. Гарэцкі. / у вобразным ужыв. Хвалі мора да берага туляцца. Глебка. Вечар туліўся да шэрых сцен старасвецкай будоўлі. Чорны. І вось ужо Мяне глынула вуліца, Дзе ў змроку непрагляднае начы Не толькі людзі — Дрэва к дрэву туліцца! Макаль. // Хавацца ў што‑н. Генерал туліцца ў бурку, працірае вочы. Пестрак. — Ой, я баюся! — туліцца мама ў падушку. Брыль.

2. Знаходзіць прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе‑н. у цеснаце, у непадыходзячым месцы. У часы вялікага заводу ваўначоска працуе і дзень і ноч, завозчыкі запруджваюць двор, па начах туляцца ў сенцах, у адрыне, на прыгрэбцы, а некаторыя, найбольш знаёмыя, і ў хаце. Кулакоўскі. Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. Васілевіч. Калісьці .. [музычная школа] тулілася ў двух невялічкіх пакойчыках пры Доме асветы. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы. Колас. // Ціха стаяць дзе‑н., прытаіўшыся. Не ведалі сакратар і яго маладзёжная дружына, што за яблыняй на падворку за парканам туліўся не хто іншы, як сам Мацей Гусак. Пестрак. Быццам туліцца цішком Нехта за капліцаю! Дзяргай. // Хавацца дзе‑н., ратуючыся ад каго‑, чаго‑н. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе, ратуючыся. Лось.

3. перан. Размяшчацца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас. Прыборны і Паўленка настойвалі спыніцца ў Выселках — невялічкай вёсцы, што тулілася каля самага лесу. Шамякін. [Будынак] туліўся ля падножжа высокай скалы, нібы зрэзанай нажом зверху ўніз. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць што‑н. цераз каго‑, што‑н. Прайшоўшы некалькі крокаў, белабрысы [хлопчык] спыніўся, азірнуўся, пасля падбег да высокага плоту і, размахнуўшыся, перакінуў бант цераз плот. Арабей. // Штуршком, махам перамясціць цераз што‑н. — Дзядзька Сцяпан! — ускрыкнуў я і, перакінуўшы цераз драбіны ногі, саскочыў з воза. Брыль. Русаковіч прыпыніўся, дастаў з меха нямецкі аўтамат і перакінуў яго рэмень цераз галаву. Паслядовіч. // Імклівым рухам перамясціць якую‑н. рэч на другое месца або з месца на месца, перавесці ў іншае становішча. Перакінуць мяшок з аднаго пляча на другое. □ [Міхаська] нагнуўся і выхапіў з прыску бульбіну, перакінуў яе з далоні на далонь, здзьмухнуў попел, пачаў абіраць. Сіняўскі. Віцька зачыніўся, намацаў на дзвярах ручку і перакінуў яе на скабу. Паўлаў. // перан. Накіраваць, звярнуць (погляд, зрок, гнеў і пад.). Галілей борздзенька перакінуў свой погляд з акна на печку. Зарэцкі. — Не перабівай! — грозна крыкнуў дзед, падкідаў ламачча на агонь і далей баяў, не збаўляючы грознага тону, нібы гнеў свой перакінуў з унука на герояў байкі. Бядуля. // цераз што. Павесіць так, каб канцы чаго‑н. свабодна звісалі; перавесіць. Скуратовічык ірвануў пастушка за плечы, дэманстрацыйна і злосна перакінуў цераз сваё плячо, галавой назад, нагамі сабе ў рукі, і панёс. Чорны. Канстанцін Пятровіч узяў сваё паліто, але не стаў надзяваць яго, а проста перакінуў цераз руку. Васілёнак.

2. Закінуць далей, чым трэба.

3. Перамясціць, адправіць на новае месца. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка. [Оберст] перакінуў у раён бою ўсю тэхніку, амаль усе падначаленыя яму часці. Шахавец. // Накіраваць, перавесці на другое месца працы, для выканання іншага задання. Вера сказала, што яе перакінулі на работу на камбінат у якасці табельшчыка. Мікуліч. // Перавезці, даставіць. [Мікола] пачаў расказваць мне пра .. партызанскі бой, пра самалёт, які перакінуў яго пасля ранення цераз фронт. Брыль. Раніцай партыя геолагаў пачне работу і трэба паспець за ноч перакінуць ёй усё неабходнае. «Звязда».

4. Палажыць што‑н. упоперак чаго‑н. для пераправы, пераходу. Перакінуць кладку цераз ручай. □ Рэчка там звужвалася, можна было нават жэрдкі з берага на бераг перакінуць. Кулакоўскі. // перан. Пралажыць, пракласці што‑н. над чым‑н., цераз што‑н. Над возерам перакінула сваё каляровае каромысла радуга, але вясёлы, бліскучы грыбны дожджык усё яшчэ ішоў. В. Вольскі.

5. Разм. Рэзка перавярнуць што‑н. на бок, перакуліць. // Хутка перагарнуць, перабраць (старонкі кнігі, рукапісу і пад.). Пісар тым часам борзда перакінуў паперы, спыніўся. Колас.

6. і чаго. Даць, перадаць, пераслаць што‑н. Язэп памагаў нам сім-тым, — то солі выкраіць якое кіло, то з харчоў што-кольвечы перакіне. Сачанка. — Можа калі па-суседску і нам якога дэфіцыту перакіне, — жартаўліва гаварыў я агрэсіўна настроенай Соні. Даніленка.

7. Даць больш, чым патрэбна, перадаць.

8. Тое, што і перакуліць (у 2 знач.). Ідзе ён [Міхал] смела, не баіцца Праборкі дома за гарэлку: Вяліка важнасць, што кватэрку Ён з гора тога перакінуў! Колас. [Казік:] — Пасля ўсяго страху варта было б перакінуць чарку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага. Колас. — Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны? Чорны. / У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?. Бядуля. / У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі? Корбан.

2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам. Ракітны. Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет. Чарот.

3. неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі! Шыловіч.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць. Шамякін.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне! Танк. — Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда. Машара. У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару. Мурашка.

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду. Мележ. Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў. Хведаровіч.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.

8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі. Брыль. Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

•••

Мала хто — нямногія.

Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.

Хто дзе — у розных месцах.

Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.

Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча. Навуменка.

Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.

Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.

Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.

Хто што — адзін адно, другі другое.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць. Асіпенка.

Хто як — адзін так, другія інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягну́ць, сцягну, сцягнеш, сцягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, зняць каго‑, што‑н. адкуль‑н. Сцягнуць абрус са стала. Сцягнуць параход з мелі. □ Сцягнуўшы з пярыны прасціну, дзяўчынка выбегла на ганак, каб вытрасці яе. Гарбук. Будзік, аказаўшыся тут, як кот, падскочыў ззаду, схапіў конніка за бокі і сцягнуў яго з сядла. Колас. // Разм. З цяжкасцю або павольна зняць з сябе або з каго‑н. (звычайна пра адзенне або абутак). Хацяноўскі сеў на беразе і сцягнуў з ног гумавыя боты. Чарнышэвіч. Ніна адабрала ў Алеся шапку, сцягнула паліто. Шыцік. Іван Іванавіч зашыў рану, сцягнуў з твару марлевую павязку, выцер ёю спацелы твар. Арабей.

2. Цягнучы, перамясціць адкуль‑н. Аднаму сцягнуць з берага набраклую пласкадонку не лёгка нават у ціхую пагоду. Кірэенка. Карней Пятровіч .. успамінае, як той жа яго Пятро аднойчы прыйшоў да бацькі і прапанаваў сцягнуць гэты камень з узгорка. Даніленка.

3. Цягнучы, звалачы ў адно месца ўсё, многае. Сцягнуць галлё ў кучы.

4. Сабраць, сканцэнтраваць у адным месцы (вялікую колькасць чаго‑н.). Сцягнуць войскі. □ [Анішчук] раней жыў у Ганчароўцы, а калі сцягнулі хутары, апынуўся тут... Гурскі.

5. Разм. Украсці. Паспрабаваць сцягнуць у дзетдомаўцаў канькі ў адзіночку .. [Гвідон] баяўся. Таму падабраў сабе хаўруснікаў. Нядзведскі. Пакуль балбатлівыя сарокі без толку крычалі на ўвесь лес пра гэта, кавалачак сала сцягнула Жучка. «Полымя». // Выкрасці, зарэзаць (пра драпежнікаў). Барбоска і Трэзор на пару штодзённа сцераглі авечую атару. А гэта не якаясьці гульня — На ноч загнаць авечак у кашару, А днём глядзець, каб воўк паджары Не мог сцягнуць ніводнага ягня. Корбан.

6. Знесці што‑н. далёка. Дзеці сцягнулі кудысьці граблі. □ Тапачак паблізу не было.. — Зноў сцягнуў [сабака]! — узлавалася бабуля і пагразіла. Шыловіч.

7. Зрабіць больш вузкім, цесным, шчыльным (тое, што завязваюць, зацягваюць); зацягнуць. Сцягнуць шнуроўку. Сцягнуць пятлю.

8. чым. Туга перавязаць, звязаць што‑н., сціскаючы. Мама паківала галавою, але падвязала хусткаю каўнер паліто, апранула зверху на ўсё целагрэйку і сцягнула мяне татавым рэменем. Мыслівец. Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці. Караткевіч.

9. Злучыць канцы, краі чаго‑н.; ссунуць. Сцягнуць шчыльна фіранкі. □ Прывітаўшыся, перайшоў [Максім] на другі бок каня, каб сцягнуць хамут. Шамякін. Ты знаеш, што такое дождж. Ды праліўны, на сутак пяць, Калі ў руках ржавее нож, Калі ні сесці і ні ўстаць, Калі, як змеі, раўчукі Сцякаюць па спіне к зямлі, Калі не сцягнеш аплікі У набрынялым шынялі. Астрэйка. // Сабраць у складкі, зморшчыць. Твар Міхася сцягнула ўрачыстая і нейкая злосная ўсмешка. Савіцкі.

10. звычайна безас. Разм. Звесці, скурчыць (пра сутаргу). Сцягнула нагу.

11. часцей безас. Пачаць зацвердзяваць пад уздзеяннем холаду. І гразь сцягнулі нарэшце першыя прымаразкі. Брыль. Хоць дажджы і крыху сцягнула гразь, усё ж трэба глядзець пад ногі, выбіраць сушэйшае месца. Прокша.

12. безас. Зменшыцца, спасці (пра ваду). Ужо з тыдзень стаялі сіверныя, з сонцам дні, ваду сцягнула, і зямля пачала прасыхаць і была мяккаватая і як быццам цёплая. Кудравец.

13. Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе чаго‑н. Сцягнуць ферму балтамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́цца, бяруся, бярэшся, бярэцца; бяромся, берацеся, бяруцца; незак.

1. за каго-што. Хапацца рукамі за які‑н. прадмет, за каго‑н. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. Бяруся за бліжэйшую ад сябе ручку дзверцаў, спрабую адкрыць. Кулакоўскі. [Млынар] асцярожна кладзе на дно чоўна восці, выкідае ў рэчку рэшткі абгарэлых смалякоў з лучніка, бярэцца за шост і адплывае ад берага, у туман. Барашка.

2. за што. Пачынаць работу, якую‑н. дзейнасць прыладай працы, зброяй. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, браліся за сярпы. Мележ. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

3. за што. Прыступаць да чаго‑н., распачынаць якую‑н. дзейснасць. Рана ў калгасе браліся за сяўбу. Адамчык. І заўсёды, што б.. [Аксіння] ні рабіла, за якую б справу ні бралася, у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. Калі ўсе разыходзяцца з хаты, тады Пятро вяртаецца і бярэцца за снеданне. Пестрак.

4. з інф. Збірацца, намервацца, наважвацца зрабіць што‑н. Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паслядовіч. Хлопцы ўжо ці раз браліся правучыць Сыса. Вітка. Нэлачка бралася плакаць — маці вярнулася да пасцелі. Грамовіч.

5. з інф. Прымаць абавязацельства, адважвацца, умець, магчы зрабіць што‑н. [Забалотны:] — Бяруся правесці сваім лакаматывам цяжкавагавы састаў! Васілёнак. Паважаны чалавек адзін З далёкіх і чужых краін Прыехаў вандраваць па Беларусі, Чаго — сказаць я не бяруся. Крапіва.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паяўляцца, узнікаць. І дзе браліся толькі сілы ў гэтай хударлявай дзяўчынкі! Лынькоў.

7. Разм. Наставаць, пачынацца (пра з’явы прыроды). Зіма бралася нядружна. Дуброўскі. Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас. / у безас. ужыв. Бралася на дзень. Бралася на мароз.

8. Разм. Ісці, рушыць, падавацца ў пэўным напрамку, накіроўвацца. Калі.. [дзядзька] даведаўся, што мы едзем паглядзець коласаўскія мясціны, дык прамовіў: — Э-э, тады вам трэба брацца толькі праз Акінчыцы. С. Александровіч. [Алесеву] ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. Броўка.

9. Хапаць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). І рыба не хацела брацца ні на блёсны, ні на нажыўку. Брыль.

10. за каго-што. Ліпнуць, прыставаць да каго-чаго. Пад каламі трашчала ламачча, мокрае лісце бралася за колы і мокрая зямля наліпала на шыны, як жаўтаватая жарства. Чорны.

11. за што. Разм. Выказваць старанне, ахвоту да якой‑н. работы. Гадоў пяць таму назад хадзіла вучыцца адна дзяўчынка, адна на ўсю школу. І бралася яна добра, ды захварэла нейк зімою і памерла. Колас. Дзень і ноч сядзіць [меншы сын] з вудаю на рэчцы, за гаспадарку ж ані не бярэцца. Якімовіч.

12. за каго-што. Разм. Заступацца, ручацца за каго‑н.; абараняць. [Сёмка з Рыгорам] браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Гартны.

13. за каго. Разм. фам. Прымаць меры ўздзеяння.

14. чым. Набываць новую якасць, змяняцца; ператварацца ў што‑н. Неба на ўзбалотку ўжо вельмі пасвятлела, нават крыху пачало брацца чырванню. Мележ.

15. Разм. Расці, набірацца сілы. Пшаніца бралася ў рост. □ Вось пачало ў нас расці.. на полі, добра, няхай расце, пасеем яшчэ сёе-тое новае, няхай бярэцца. Кулакоўскі. Усюды.. браліся густыя, у пояс чалавека, травы. Лынькоў.

16. Зал. да браць (у 1–8, 10, 13, 14, 16, 18 знач.).

•••

Брацца за бокі (за жывот) — смяяцца, рагатаць да болю ў жываце.

Брацца (узяцца) за галаву — а) быць вельмі здзіўленым, уражаным чым‑н.; б) своечасова спахапіцца, зразумець.

Брацца загрудкі (за чубы) — задзірацца, даходзіць да сутычкі.

Брацца (узяцца) за гуж — пачынаць якую‑н. сур’ёзную справу.

Брацца за зброю — пачынаць узброеную барацьбу супраць каго‑, чаго‑н.

Брацца (узяцца) за розум — стаць на правільны шлях.

Брацца (прымацца) ў разлік — улічвацца, брацца пад увагу.

Брацца ў рожкі — адчуць сілу, пачаць выяўляць сваю самастойнасць, спрачацца з кім‑н.

Брацца ў сілу — пачынаць хутка расці, буйна развівацца; усталёўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

але́ 1, злучн.

I. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; па свайму значэнню адпавядае словам «а», «аднак», «наадварот». І вось ён, горад, зноў перад намі, скалечаны, але жывы. Шамякін. З партызанамі поруч ступала невысокая жанчына, яшчэ маладая, але з плецівам першых маршчын каля вачэй. Мележ. Палешукі стаялі, як строгія і справядлівыя суддзі, але сур’ёзныя твары іх часта рабіліся вясёлымі, і дружныя покаты смеху напаўнялі вуліцу. Колас. // Прылучае процілеглыя члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем; адпавядае слову «аднак». Малады чалавек гаварыў па-беларуску, але з моцным польскім акцэнтам. Колас. [Максім:] — Чалавечына добры, розуму — бездань, але трошкі і старазаветны. Брыль. Слухачы засмяяліся, але іх смех быў прыязны. Мележ. // Падкрэслівае проціпастаўленне галоўнага сказа даданаму ўступальнаму або аднаго з членаў сказа другому з уступальнымі злучнікамі «хоць», «хаця» і інш. Стары млын хоць ужо і не працаваў доўгі час, але грэбля была яшчэ моцная і ўтварала прасторны стаў. Чарнышэвіч. Хоць і холадна яшчэ, марозна, але паварочвае ўжо на вясну. Арабей. [Сымон:] — Хоць малады [Грышка], але, відаць, бывалы. Танк. // Ужываецца ў спалучэнні са злучнікам «затое» пры замяшчальным проціпастаўленні. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгад! Шамякін. [Свідэрскі:] Свідэрскі не ваяка, гэта так, Але затое першы між гуляк. Глебка.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем; па свайму значэнню адпавядае злучнікам «а», «аднак». [Яўмень:] Ты ведаеш, але казаць не хочаш! Чарот. Зморанасць усяго цела магла скончыцца толькі пасля сну, але спаць не даваў холад. Чорны. У гэтым баі маёр Караневіч быў ранены, але не пакінуў каманднага пункта. Крапіва. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Але момант гэты не налучаўся. Колас.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, аб чым гаворыцца ў другім сказе. Столь гатова была ўпасці, але яе трымалі тры свежа абструганыя жардзіны. Чорны. Быў.. [дзед Талаш] там ці не быў, напэўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Колас.

II. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія развіваюць, дапаўняюць або паясняюць выказаную думку, паўтараючы пры гэтым адно з слоў папярэдняга сказа ці словазлучэння. Ты ад мяне цяпер далёка, Але і з той далечыні Гараць вясёлкай яснавокай Твае прывабныя агні. Колас. Кожны выбірае сам сабе шлях да шчасця, але толькі яно не заўсёды даецца лёгка і проста. Паслядовіч. [Несцяровіч:] — Людзей нам патрэбна многа, але такіх, якія працуюць. Чорны.

2. Далучае члены сказа і сказы, звязаныя паміж сабой часавай паслядоўнасцю (часта ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На лесніковым двары забрахаў сабака, але зараз жа сціх, відаць, пазнаўшы гаспадара. Паслядовіч. Люба зачыніла дзверы, але праз хвіліну хтосьці пачаў стукаць у іх. Чорны. З аднаго паста абазваўся кулямёт, але пасля першага стрэлу з «трыццацьчацвёркі» ён змоўк. Мележ.

3. Ужываецца ў пачатку самастойных сказаў пры рэзкім пераходзе да новай думкі або новай тэмы выказвання; адпавядае злучніку «ды». Нават Ячны і той маўчаў... Але што я кажу, — ён, бадай, лепш за ўсіх разумеў, што за свята было для Івана ў той дзень. Брыль. [Пан:] — Бяры сабе з маёнтка, што пажадаеш, ды ідзі дахаты, каб я цябе больш не бачыў! — Добра, — кажа дзяўчынка. — Але мне хочацца на адыход цябе віном пачаставаць. Якімовіч.

4. Выкарыстоўваецца ў мове адной асобы пры адказе самому сабе ці нязгодзе з самім сабою або на пачатку рэплікі пры адказе субяседніку. [Лютынскі:] Тут канечне доктар патрэбен. Але дзе нам узяць яго? Крапіва. На возеры мяце пазёмка, рухомы снег схаваў ворагаў, якія заляглі, накрыліся халатамі і, безумоўна, некуды паўзуць. Але куды? Адступаюць назад ці падпаўзаюць да берага, да нас? Шамякін. [Ніна:] «Мусіць, доля, лёс мой такі ўжо, што суджана прапасці ні за што... Але ж не! Знайду і на.. [Лявона] ўправу...» Галавач.

III. у знач. нескл. наз., н.

Акалічнасці, якія перашкаджаюць ажыццяўленню чаго‑н. Ніякіх «але».

але́ 2, часціца.

1. сцвярджальная. Ужываецца пры сцвярджальным адказе або згодзе з чым‑н. [Наведвальнік:] — Магу вас запэўніць, тыя [стравы] надзвычай каларыйныя. [Жанчына:] — Ну, але, але. А от ці смачныя, а? Васілёнак.

2. узмацняльная (у спалучэнні з часціцай «ж» і наступным «і»). Выказвае здзіўленне, захапленне, абурэнне, іронію. Але ж і навальніца! Але ж і нягоднік! Але ж і ты добры, нечага сказаць. □ [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.

1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені. Колас. Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку. Васілевіч. Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном. Якімовіч. / Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып. // перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка. Машара. З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна. Навуменка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Зарэцкі. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ. Брыль. Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору. Арабей. / Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг. Чорны. // Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся. Галавач. // Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці. Даніленка.

3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе. Панчанка. // перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца. Карпюк. Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале. Лойка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага. Дуброўскі. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам. Чарнышэвіч. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі. Астрэйка. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму. Карпаў. Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара. Пташнікаў.

5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс. Ставер. [Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Лынькоў. Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села. Асіпенка. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам... Савіцкі. Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі. Бядуля. // перан. Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі. М. Ткачоў.

6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон. Гартны. Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік. Мяжэвіч. З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку. Кухараў. // Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра. Ракітны. Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела. Корбан. З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай. А. Александровіч. // Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў. Паўлаў. Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў. Колас. За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі. Мікуліч. // перан.; на што. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Ярош. Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну. Новікаў. У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ. Звонак.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Броўка. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар. Зарэцкі. Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром. Ляўданскі. Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Дубоўка. / Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст. Быкаў.

8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека. Сташэўскі. За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах. Калачынскі. Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны. Хадкевіч. // З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты. Купала. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. // Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі. Сяркоў. // перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах. Дуброўскі.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература. Рамановіч. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі. Юрэвіч. // Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача. Хадкевіч. // перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Чарнышэвіч.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі. Пятніцкі.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна. Дубоўка.

•••

Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́ць, спушчу, спусціш, спусціць; зак.

1. каго-што. Перамясціць зверху ўніз; апусціць. Пазней, як змрок на поле ляжа І ветрык пройдзецца травой, Салдаты спусцяць і прывяжуць Яго [аэрастат] над самаю зямлёй. Ляпёшкін. Як толькі Міканор спусціў ногі з палацяў, соладка са сну пацягнуўся, адразу пачуў на сабе .. позірк маці. Мележ. // Звесці ўніз таго, хто знаходзіцца зверху або на паверхні чаго‑н. Коней спусцілі ад куль уніз з абрывістага берага, да самай рэчкі. Чорны. Надзю і Ваню вывелі ў двор, але нікуды далей не пагналі, а спусцілі ў падвал, зачынілі ў цёмным і халодным закутку. Бураўкін. // Апусціць ніжэй, чым было. Страху не раскрывалі. Паадбівалі ў кроквах паясы і спусцілі на два бакі ўніз па палавінцы. Ермаловіч. // Зняўшы каго‑, што‑н. адкуль‑н., паставіць ці пакласці куды‑н. — Куды вы мяне пан[еся]це? — запытала.. [Ірынка], як быццам з расчараваннем пасля таго, як яе спусцілі з рук на драўляны памостак ганка. Чорны. Мігам спусцілі па зямлю чатыры вялізныя скрынкі. Беразняк. // Зняць што‑н. адзетае, сунучы ўніз. Спусціць панчохі. □ Спусціла [Валя] на пясок спадніцу, прытаптала яе нагамі і больш баялася што скідаць. Шамякін. // Перамясціцца ніжэй (сесці, легчы і пад.). У гэтае старасвецкае крэсла асцярожна спусціў цяпер Гвардыян сваё недалужнае цела. Зарэцкі. // Падаць зверху ўніз. Спусціць вяроўку. □ Палезла [Назарыха] на гарышча, на вяроўцы спусціла адтуль калыску. Ледзь сама не звалілася. Б. Стральцоў. // Перамясціць на ваду пасля рамонту, пабудовы і пад. (пра судна). Смалою трохі засмалілі І на ваду чаўнок спусцілі. Колас. // Апусціць на ваду з борта карабля. Матросы спусцілі на ваду .. шлюпку і што сілы паплылі да кашалота. Матрунёнак. // Апусціць у глыб чаго‑н.; утапіць. — Чакай, пакуль шляхта аддасць табе збожжа, — загаварыла Параска. — Лепей у ямах пагнояць ці ў пельку спусцяць. Грахоўскі.

2. каго-што. Вызваліць ад прывязі (пра жывёлу). Спусціць сабаку на ноч. // Нацкаваць на каго‑н. [Бацька:] — Як спушчу з ланцугу сабаку, дык без штаноў пачыкільгаеш дамоў. Бажко. [Хлопцы] пайшлі, азіраючыся, бо баяліся, што сярдзітая цётка спусціць з ланцуга ваўкадава. Асіпенка.

3. што. Выпусціць вадкасць, газ і пад. адкуль‑н. Спусціць пару з катла. □ [Мікалай Патапавіч:] — Што, вы не маглі б навесці тут парадак: спусціць ваду, зграбці гной у кучы. Кулакоўскі. Відаць, нямала палажыў тут сілы Кірыла, каб зраўнаваць пагоркі, павыкопваць канавы, спусціць гнілую балотную ваду, ды павыкарчоўваць імшары. Скрыган. / Ачысціць, зрабіць парожнім (ад вады, газ; і пад.). Спусціць шыну. □ Сама сабою напрошваецца думка — прарэзаць глыбокім каналам грудзі Сухіх грудоў і спусціць Гнілое балота ў Міранку, каб на яго месцы зазелянеў пышны луг. Колас. // Сабраць, набраць выпускаючы адкуль‑н. вадкасць. — Вось з гэтае бярозы .. спусцілі дзве бочкі соку, — сказала Антоля брату, калі яны падышлі бліжэй. Дамашэвіч. // без дап. Выпусціць з сябе паветра (пра напампаваныя прадметы). Але ў дарозе нам [рыбаловам] не пашанцавала — спусціла кола газіка, і на возера прыбылі на захадзе сонца. Сіняўскі. А як жа чалавеку катацца без насоса? А раптам камера спусціць? Прокша.

4. што і без дап. Разм. Пахудзець, палягчэць у вазе. Спусціць тры кілаграмы.

5. каго-што. Накіраваць, паслаць што‑н. у ніжэйшую арганізацыю, інстанцыю. Ды і сапраўды трэба было прагледзяць цэлы стос тэхнічнай літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» службам. Карпаў. // перан. Панізіць на службе. Кажуць, што спусцілі .. [кіраўніка ўстановы] па колькі прыступак ніжэй за тое, што працаваў слаба, а сябе любіў дужа. Кавалёў. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару .. А тут яго раптам спусцілі ўніз. Шамякін.

6. што. Зрушыўшы, ссунуўшы што‑н., вызваліць з замацаванага становішча (пра дэталі механізмаў). Спусціць затвор фотаапарата. □ [Міхась] плаўна спусціў курок. Якімовіч. Яшчэ раз спусціў [баец] курок — Асечка. Нідзе нікога. Калачынскі. // Закончыць або звузіць вязанне, захапіўшы адразу некалькі вочак. Спусціць плячо ў кофце. // Пры вязанні даць саскочыць вочку з прутка або з кручка.

7. што. Разм. Спілаваўшы, паваліць (пра дрэва). [Іван Аўдолевіч] прыехаў следам за намі, у гушчар далёка не палез, сасну спусціў маладую, — таму вось і гатоў, ужо ўвязвае воз. Брыль. [Яўхім:] — Або паехаў у лес па дровы. А поруч хвойка стаіць, выносістая такая, што сама ў сцяну просіцца. Ну як, скажы, старшыня, крывуліну ссекчы, а хвойку гэтую пакінуць! Возьмеш ды спусціш яе на дол. Чарнышэвіч.

8. што. Скінуць што‑н. уніз, падарваўшы. [Валодзя:] — Прыгарадны цягнік ходзіць да Слабады і вяртаецца назад у Жлобін. Трэба ўзарваць мост і спусціць у рэчку цягнік. Федасеенка. Сёння мы [падрыўнікі] павінны спусціць хоць адзін эшалон. Новікаў.

9. перан.; каго-што. Збыць, прадаць. Бацька .. [Асмалоўскага] быў яшчэ багаты, але амаль усю зямлю спусціў, і дзеці ўжо жылі, як гарох пры дарозе — кожны іх шчыпаў. Сіўцоў. Фактычна .. [музей] утрымліваў гэты дробны памешчык Касцюк, які спусціў на музей, усю сваю гаспадарку. Карпюк. // Зрасходаваць, патраціць. І з-за гэтай самай дзяўчыны .. [сябар] у першы ж дзень семінара спусціў усе камандзіровачныя. Прокша. // Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑н. Ды хай будзе вам вядома, Я чужога не хачу, Але ўласнага нікому Я таксама не спушчу. Кляўко.

10. што і без дап. Збавіць цану. [Стафанковіч да Вэні:] — У гаспадара два япрукі на продаж. — Заязджайце ў двор; таргуйцеся, дорага не давайце. Спусціць, чорт яго не возьме. Чорны. І хаця б адна душа падышла да вязкі — спусціў бы [Дзімка] цяпер які рубель з цаны, бо хіба выцерпіш на такім марозе. Капыловіч.

11. перан.; што і без дап. Дараваць, пакінуць без пакарання які‑н. учынак. [Гулік:] — Будзь асцярожны: Фогель, калі пранюхае, то не спусціць. Навуменка. [Лейка:] — Правільна. Мірон яшчэ хітрэй за Давыдзюка. Возьмеш у яго, то ён табе ўжо не спусціць. Галавач. // Змоўчаць, прамаўчаць. Міхал згаджаўся з тым, што .. [Анэта] казала: і язык такі, што нікому не спусціць. Васілевіч.

12. каго-што. Разм. Упаляваць. — А ведаеш, што я надумаў? — зірнуў на мяне Сцяпан, наразаючы каўбасу. — Спусцім заўтра не аднаго, а пару глушцоў. Ляўданскі.

13. што. Спец. Зрабіць патрэбнай формы, памераў; падагнаць. Спусціць край дэталі на конус. Спусціць дошку фуганкам.

14. што. Страсціць (пра ніткі). Спусціць ніткі.

•••

Спусціць вочы — засаромецца.

Спусціць дух — памерці.

Спусціць з вока (вачэй) — страціць пільнасць, перастаць сачыць.

Спусціць з думак — выкінуць з галавы, перастаць думаць пра каго‑, што‑н.

Спусціць (зняць) шкуру (сем шкур) — моцна набіць, адлупцаваць каго‑н.

Юху спусціць — разбіць нос.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)