адтараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.

Разм. Адцягнуць, завалачы куды‑н. што‑н. [Майбарада:] — Адтарабанілі мы.. [машыну] тады ў механічную майстэрню ў саўгас, заключылі ўмову на капітальны рамонт. Скрыган. // Завезці, адвезці. Позняй восенню бацька запрог каня і адтарабаніў мяне ў вёску Цюцькі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акругле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Зрабіцца круглейшым; набыць акруглую форму; акругліцца. Алёшка вымыў пражку ў расе і стаў абчышчаць яе ад іржы. Раптам вочы яго акруглелі, на твары з’явілася ні то здзіўленне, ні то спалох.. Значыць, тут ён, бацька, загінуў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заара́цца, ‑аруся, ‑арэшся, ‑арэцца; ‑аромся, ‑арацеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыкрыцца, засыпацца зямлёй. Іржэўнік заараўся.

2. Разм. Захапіўшыся ворывам, забыць на час. Нешта бацька заараўся і на абед не прыехаў.

3. Разм. Стаміцца, доўга аручы. За дзень закасіўся, заараўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Пачаць крычаць. // Крыкнуць, пракрычаць. Дзесь у лузе над рэчкаю нейкая бяссонная ці патрывожаная пташка закрычала два разы: «кі-і-і-вік, кі-і-і-вік» і змоўкла. Колас. — Адаська! — закрычаў бацька, кідаючыся да сына ў парозе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.

Разм.

1. са злучн. «што», «як». Убачыць, угледзець. Але як бацька ні стараўся, А ўсё ж ён лёганька хістаўся. Антось даўно замеціў гэта. Колас.

2. Памеціць, прымеціць. Замеціць дарогу ў лесе. Замеціць старонку ў кнізе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мілава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.

Праяўляць узаемную любоў, лашчыцца; абнімацца. Вунь юнак і дзяўчына кіруюцца У зялёную зацень алей. Хай сабе на здароўе мілуюцца! Панчанка. Паліна лыпнула вачыма, убачыла, як бацька мілуецца з малым, і ў яе прыемна стала на душы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мро́іць, мрою, мроіш, мроіць; незак., пра каго-што, аб кім-чым і без дап.

Уяўляць у думках, марыць. Ці даўно .. [Захарка] мроіў, як яго дужы і смелы бацька накінецца на ворагаў са стрэльбай у руках. «ЛіМ». Век я пра славу сусветную мрою. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́на,

1. Прысл. да паганы (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра цяжкі, дрэнны фізічны або псіхічны стан. Каб трохі, [Ганна] упала б — ледзь намаглася ўтрымацца. Бацька заўважыў, што ёй пагана, стаў побач, паклаў руку на плячо, быццам супакойваў, даваў сілу. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакла́сны, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца не ў класе, не ў час урокаў. [Настаўніца] прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Шамякін. Максім пайшоў у гімназію. Бацька і тады кіраваў яго пазакласным чытаннем, спыняючыся на класіках рускай і зарубежнай літаратуры. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патэ́льня, ‑і, ж.

Тое, што і скаварада. Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. За сталом бацька быў асабліва вясёлы, жартаваў і ўсё падкладваў мне з патэльні бліны. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)