між, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназ. «між» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку паміж якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Спасцярожліва ідуць Нупрэй і дзед Талаш праз лес, прабіраюцца праз зараснікі балот, праходзяць бязлюдныя паляны між лесу і балот. Колас. Імчым між пнёў, між купін. Куляшоў. Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам. Шамякін. [Начлежнік:] — Глядзіш ты на мяне так, як бы нас з табою раздзяляе каменная сцяна, а ніякай сцяны між намі няма. Чорны. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Быў час — стаіўшыся знямела Між пустак, пушчаў і балот, Ты ў занядбанні быў, народ. Колас. Шум між каласамі, Ды яны не чуюць, Неўзабаве, днямі Сход склікаць мяркуюць. Броўка. // Указвае на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас. Сівавусы, згорблены, я залёг між цінай. Багдановіч.

Часавыя адносіны

2. з Т (і абл. з Р). Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцавы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу, пэўны перыяд. Перыяд між 1917 і 1941 гадамі. Два дні між святамі. □ Быў час між лета і вясны. Куляшоў. // Тое ж пры ўказанні на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку паміж якімі што‑н. адбываецца. Перапынкі між заняткамі. □ Між работаю.. [парабчук] падбег да мяне. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. Дружба між народамі. Спрэчка між сяброў. □ Але адступала навала, Яе мы з табою змаглі. Апошняга хлеба кавалак Ты нам аддала, каб былі Надзейнымі заўжды сынамі Вялікае праўды твае, Каб шчырая дружба між намі Раскрыла пяшчоты свае. Хведаровіч.

4. з Т або Р. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. У сацыялістычным грамадстве сціраецца адрозненне між горадам і вёскай. □ І я, Між усімі Баец радавы, Таксама Да Леніна. Шчыра іду. Кірэенка. [Рыгор] бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Гартны.

5. з Т або Р. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, надзел чаго‑н. Раздзяліць падручнікі між вучнямі. □ У верхавінах лесу журботна шумеў вецер, расцярушваюць між галін і на галінах дрэў бялюсенькую снежную сець. Колас.

•••

Між іншым гл. іншы.

Між (паміж) намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.

2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.

3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.

4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.

5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.

6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 2 знач.); абследаванне з мэтай збору спецыяльных звестак, даных. Разведка карысных выкапняў.

3. Вайсковая група, падраздзяленне і пад., якім даручаецца збор звестак аб праціўніку. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. Разведка данесла, што ў вёску.. прыбылі немцы. Брыль.

4. Здабыванне звестак аб эканамічным і палітычным становішчы іншых дзяржаў і аб стане іх узброеных сіл; арганізацыя, група асоб, занятая здабываннем такіх звестак. Агентурная разведка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страхава́нне, ‑я. н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. страхаваць.

2. Від забеспячэння і пакрыцця матэрыяльных страт, прычыненых няшчаснымі выпадкамі і стыхійнымі бедствамі, якія бярэ на сябе спецыяльная арганізацыя ў адносінах да асоб або ўстаноў, што рэгулярна плацілі грашовыя ўзносы. Праводзіць страхаванне маёмасці. □ Пасажыры былі разнастайныя: крамнікі,.. агенты па страхаванню жыцця. Бядуля.

•••

Акладное страхаванне — у СССР — абавязковае дзяржаўнае страхаванне, якое распаўсюджваецца на ўсю маёмасць калгасаў, а таксама на будынкі, жывёлу і пасевы грамадзян.

Сацыяльнае страхаванне — у СССР і краінах народнай дэмакратыі — сістэма мерапрыемстваў па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йца, ‑ы, ж.

1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.

2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фла́гман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элі́та, ‑ы, ДМ эліце, ж.

1. Спец. Лепшае, адборнае насенне, расліны або жывёлы, атрыманыя ў выніку селекцыі і прызначаныя для далейшага развядзення. Эліта пшаніцы. Эліта бульбы. □ [Юстын:] — А потым штогод мы ўсё большае і большае поле палескай элітай засявалі і ўвесь ураджай на насенне захоўвалі. Краўчанка. // Сам адбор такіх раслін або жывёл. Метад эліты.

2. Лепшыя прадстаўнікі грамадства або якой‑н. яго часткі. Эліта рабочага класа. Тэатральная эліта. // У эксплуататарскім грамадстве — асобы, якія належаць да так званага вышэйшага класа; група асоб, якая ажыццяўляе кіруючыя функцыі ў грамадстве. Правячая эліта.

[Фр. élite — лепшы, адборны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́дзі, людзе́й, Д лю́дзям і людзя́м, Т людзьмі́; М лю́дзях і людзя́х.

1. мн. да чалавек; ужыв. таксама для абазначэння асоб, якія належаць да пэўнага асяроддзя, групы.

Л. рады лету, а пчолы цвету (прыказка). Л. навукі.

Маладыя л. (маладыя мужчыны).

2. У ваенным асяроддзі: жывая сіла, салдаты.

Страты ў людзях і тэхніцы.

3. Кадры, працаўнікі.

Інстытуту патрэбны л.

4. Слугі, наймічкі, парабкі (уст.).

5. Іншыя, пабочныя асобы (для абазначэння няпэўна дзеючай асобы).

Не хвалі сябе, няхай л. пахваляць (прыказка).

Бываць на людзях — быць сярод людзей.

Вывесці ў людзі — дапамагчы заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Выйсці ў людзі — дасягнуць трывалага або высокага месца ў грамадстве.

|| прым. людскі́, -а́я, -о́е.

Людская памяць.

Шчасце людское.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

вы́пісаць, -ішу, -ішаш, -іша; -ішы; -ісаны; зак.

1. што. Знайшоўшы, спісаць, запісаць.

В. цытату з кнігі.

2. што. Напісаць для выдачы каму-н.

В. ордар.

В. рахунак.

3. каго-што. Старанна апісаць сродкамі мовы або намаляваць.

В. вобразы дзеючых асоб.

В. узор.

4. што. Заказаць дастаўку чаго-н.

В. газету.

5. каго (што). Выклікаць пісьмова.

В. да сябе сям’ю.

6. каго (што). Выключыць са спісаў, са складу чаго-н.

В. хворага з бальніцы.

7. што. Зрасходаваць пісаннем (разм.).

В. чарніла з аўтаручкі.

|| незак. выпі́сваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. выпі́сванне, -я, н. і вы́піска, -і, ДМ вы́пісцы, ж. (да 1, 2, 4—6 знач.).

|| прым. выпісны́, -а́я, -о́е (да 3 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сямёра, семяры́х, семяры́м, семяры́мі, ліч. зб.

1. 3 назоўнікамі мужчынскага і агульнага роду, што абазначаюць асоб, з разам узятымі асабовымі назоўнікамі мужчынскага і жаночага роду, з назоўнікамі мн. л., якія абазначаюць жывых істот абодвух полаў, з асаб. займ. мн. л. і без залежнага слова: колькасць сем.

С. хлопцаў.

С. сірот.

С. пасажыраў: чатыры мужчыны і тры жанчыны.

С. свіней.

Нас было с.

С. аднаго не чакаюць (прыказка).

2. 3 назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот: колькасць сем.

С. гусянят.

3. звычайна Н і В. З множналікавымі назоўнікамі: сем прадметаў.

С. саней.

С. штаноў.

4. звычайна Н і В. З некаторымі назоўнікамі, якія абазначаюць прадметы, што існуюць або якія носяць у пары: сем пар.

С. туфель.

С. шкарпэтак.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)